
На працягу дваццаці гадоў асабовы састаў першага радыётэхнічнага цэнтра 2289-га асобнага радыётэхнічнага батальёна 49-ай радыётэхнічнай брыгады, які дыслацыруецца ў Паставах, нясе кругласутачнае баявое дзяжурства. Гэта вартавыя беларускай паветранай прасторы.
Асноўныя задачы падраздзялення — ахова Дзяржаўнай граніцы ў паветранай прасторы, вядзенне радыёлакацыйных разведкі і кантролю за палётамі паветраных суднаў. На ўзбраенні цэнтра — новыя і мадэрнізаваныя станцыі, рухомыя вышынямеры, абсталяваныя сучасным праграмным забеспячэннем, што дазваляе значна павялічыць магчымасці падраздзялення. Пра гэта сведчаць і вынікі работы.
— У нашай часці служаць сапраўдныя прафесіяналы, — адзначае намеснік камандзіра батальёна — начальнік цэнтра падпалкоўнік Аляксей Міхайлавіч Дубовік. — Але мала быць проста кваліфікаваным спецыялістам, трэба яшчэ ўмець працаваць у камандзе. Пастаўленыя перад намі задачы можна выканаць толькі ў зладжаным калектыве, дзе кожны адчувае адказнасць не толькі за сябе, але і за таварышаў па службе. Менавіта такім калектывам і з’яўляецца асабовы састаў першага радыётэхнічнага цэнтра.
У цэнтры служаць каля 90 чалавек. Штогод яны павышаюць сваё прафесійнае майстэрства на тактыка-страявых занятках, тактычных вучэннях і камандна-штабных трэніроўках. Асноўны касцяк падраздзялення складаюць ваеннаслужачыя па кантракце.
За бездакорную службу і праяўленую ініцыятыву камандаваннем 49-ай радыётэхнічнай брыгады неаднаразова адзначаліся капітан С. У. Швядэнка, старшы прапаршчык Ю. Д. Запольны, прапаршчыкі Я. А. Цынян, С. С. Дзяменцьеў, І. З. Лабуць, старшыны В. П. Рагіня, В. В. Кеўліч, яфрэйтары У. В. Мацкевіч, Г. А. Кернер, Н. А. Пачкоўская. Свой уклад у нясенне баявога дзяжурства ўносяць і салдаты тэрміновай службы яфрэйтар А. А. Жыткі, радавыя Д. А. Бароўка, А. П. Анціпенка і М. В. Ліпскі, якія таксама заахвочваюцца начальствам.

Асабліва шмат добрых слоў я пачула ў адрас аператыўнага дзяжурнага каманднага пункта старшага лейтэнанта Сяргея Андрэевіча Корнева. Самастойны, адказны, рашучы, ініцыятыўны — так характарызуе яго камандаванне. Будучы курсантам Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, ён праходзіў у Паставах вайсковую стажыроўку, а пасля заканчэння навучальнай установы папрасіўся сюды на службу. Сяргей з сям’і кадравых ваенных. Яго прадзед быў ваенным хірургам, выйшаў у адстаўку ў званні генерала. Дзядуля, тата і дзядзька служылі ў авіяцыі, малодшы брат сёлета заканчвае Ваенную акадэмію.
— За два гады службы ні разу ў ёй не расчараваўся, — прызнаецца С. Корнеў. — Упэўнены, калі можна было б павярнуць час назад, выбраў бы толькі гэту прафесію. Мне падабаецца ўвесь час знаходзіцца ў тонусе, адчуваць сваё дачыненне да цэласнасці Дзяржаўнай граніцы.
Вераніка ФІЛАНОВІЧ.
Фота аўтара і Сяргея Вшыўкава.