Вяселле


Жыццё кожнага чалавека як будаўніцтва новага дома: які збудуеш, такі ён і будзе. А. Савіцкі

Гэта вяселле адбылося вясной 1961 года. У самай квецені стаялі сады, ноччу закаханых аглушалі спевамі салаўі, калі Лявон Гінько і Вераніка Казак, папярэдне распісаўшыся 1 мая, вырашылі павянчацца. У пятніцу Лявон папрасіў у ветурача, якога вазіў па калгасах, машыну на выхадныя, растлумачыў для чаго.

— Бяры, але калі папа­дзешся, адказваць будзеш сам, — папярэдзіў ветурач (у тыя часы ўлада сурова ставілася да вянчанняў і хрышчэнняў).

У суботу маладыя, іх родныя сёстры і стрыечны брат Веранікі з сям’ёй паехалі ў касцёл у Мосар. Пасля гэтага — да маці маладой у невялікую вёсачку Лісуны. Тая спякла на вялікай патэльні яечню са скваркамі (найлепшы ў той час пачастунак для гасцей), паставіла вараную бульбу. Спаць усе вясельнікі ўлягліся на падлозе, толькі жонка брата з дзецьмі — на ложку. На другі дзень паехалі фатаграфавацца ў Глыбокае. І толькі пасля гэтага Лявон прывёз Вераніку ў свой дом, дзе жылі яго маці і дзве незамужнія сястры. І сталі жыць усе разам… У Гінько нарадзіліся дочкі, пасля —  унукі, потым — праўнук…

55 гадоў прайшло з таго часу. Тата і мама для ўсіх нас — увасабленне незвычайнай духоўнай сілы і пяшчоты. Іх маральныя прынцыпы для нас як Божыя запаветы. Іх клопаты  для нас — урокі жыццялюбства і шчырасці, крытэрыі справядлівасці і мудрасці. Іх веды пра свет настолькі глыбокія і грунтоўныя, што не ідуць ні ў якое параўнанне з кніжнымі.

Дарагія нашы тата і мама, дзядуля і бабуля! Дзякуем вам за тое, што на працягу ўсяго сумеснага жыцця вы сваімі лепшымі якасцямі: працавітасцю, цярпеннем, мудрасцю, любоўю, зычлівасцю — збудавалі для нас усіх вялікі дом. Нават не дом — храм, школу, універсітэт. Калі нам штосьці незразумела, мы ідзем-едзем да вас. Калі нас штосьці трывожыць, таксама спяшаемся да вас. Калі нам нешта баліць — вы суцішыце наш боль. Няхай у доме, які вы збудавалі, заўсёды будзе Божы спакой і радасна свеціць сонца.

Аліна ЛАТЫШ,

ад імя дзяцей, унукаў і праўнукаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.