Выступілі годна

Спорт

З 1 па 3 красавіка ў Дуброўне прайшло 23-е па ліку каманднае першынство вобласці сярод сельскіх раёнаў па шахматах. Да ўдзелу ў спаборніцтвах запрашаліся каманды ўсіх райцэнтраў, за выключэннем Полацкага і Віцебскага раёнаў.

Яўным фаварытам лічылася каманда Оршы, якая толькі летась была дапушчана да спаборніцтваў. Атрымаўшы квоту і сёлета, аршанцы не прамінулі заявіць свой зорны склад, у які ўвайшлі майстар спорту Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Кананенка, чэмпіён Еўропы 2016 года сярод школьнікаў першаразраднік Міхей Навуменка і трэнер па шахматах Аршанскай спартыўнай школы, кандыдат у майстры спорту Рэспублікі Беларусь Мікалай Жукаў. Пастаўчане ў сваёй камандзе такіх гучных імён не маюць, да таго ж і аптымальны склад заявіць не атрымалася. Гонар раёна абаранялі старэйшы навуковы супрацоўнік Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Сяргей Чавусаў, сталічны хірург Андрэй Паўлаў і сельскі настаўнік Юрый Катовіч.

У прызёры наша каманда не трапіла. Трэцяй фінішавала лепельская дружына, якой пастаўчане саступілі ўсяго адно ачко (чацвёрты вы­нік). Другое месца заняла каманда гаспадароў. А чэмпіёнамі вобласці 2016 года за два туры да заканчэння спаборніцтваў стала каманда Аршанскага раёна. Напружаная барацьба разгарнулася ў асабістым заліку. Тут у нас ёсць прызёр абласнога першынства. На трэцяй дошцы сярэбраны медаль заваяваў настаўнік Андронаўскай базавай школы Юрый Катовіч. Прайграў ён толькі фінальную партыю  найвопытнейшаму Мікалаю Жукаву з Оршы.

8 мая ў Глыбокім адбудзецца  каманднае першынство Віцебскай вобласці сярод сельскіх раёнаў па хуткіх шахматах.

У. ШЛЫКАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.