Выхаванне валанцёрскай дзейнасцю

Общество

У Пастаўскім сацыяльна-педагагічным цэнтры гасцей сустракаюць нярэдка. На гэты раз з падарункамі для дзетак, якія апынуліся тут з-за няпростых сямейных абставін, прыйшлі навучэнцы прафтэхкаледжа. Для іх гэты візіт стаў… часткай выхаваўчага працэсу.

А ўсё пачалося з таго, што ў лютым у прафтэхкаледжы адбылося выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама. На ім было вырашана, што райкам БРСМ актыўна падключыцца да арганізацыі вольнага часу навучэнцаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС. І ўжо праве­дзены шэраг мерапрыемстваў. Цяжкія падлеткі былі задзейнічаны на ўборцы галля ля сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Таксама яны наведалі з экскурсіяй музейную экспазіцыю Першай сусветнай вайны ў падвальных памяшканнях палаца Тызенгаўзаў, пазнаёміліся з размешчанай там жа спецыялізаванай выставай “Агняборцы Пастаўшчыны”, пабывалі ў раённым аддзеле ўнутраных спраў, а на мінулым тыдні сталі ўдзельнікамі валанцёрскай акцыі па навядзенні парадку ўздоўж набярэжнай ракі Мядзелкі. Усяго на ўборцы было за­дзейнічана 20 юнакоў і дзяўчат, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС. Іх суправаджалі сацыяльныя педагогі і другі сакратар райкама БРСМ Вераніка Казлоўская.

Яна ж была галоўным арганізатарам візіту ў сацыяльна-педагагічны цэнтр. Навучэнцы каледжа пад кіраўніцтвам куратара Наталлі Пятроўны Крэміс сабралі цацкі, райкам БРСМ, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзел эканомікі райвыканкама дапамаглі купіць прысмакі, бытавую хімію. У выніку дзеткам было перададзена з дзясятак пакетаў з падарункамі.

Сустрэча ў цэнтры атрымалася душэўнай. Спачатку дзеці паказалі пакоі, у якіх жывуць, расказалі пра свае будні і святы. А пасля ўсіх чакаў салодкі стол з чаяпіццем і размовамі на сур’ёзныя тэмы.

— Мы гаварылі пра вучобу, сямейныя каштоўнасці, перспектывы ў будучым, — расказвала Вераніка Казлоўская. — Было цікава ўсім. Калі разыходзіліся, да мяне падышоў адзін юнак і папрасіў: “Калі будуць ладзіцца такія мерапрыемствы яшчэ, завіце, абавязкова прыйду”. Гэтыя словы — найлепшая ўдзячнасць за нашы старанні цікава і з карысцю арганізаваць вольны час падлеткаў, адцягнуць іх ад шкодных звычак, дапамагчы выправіцца. У сацыяльна-педагагічным цэнтры кожны ўбачыў, што ад нядбайных бацькоў у першую чаргу пакутуюць ні ў чым не вінаватыя дзеці. Ці хочуць такога лёсу для сваіх будучых сыноў і дачок падлеткі? Што чакае іх саміх у недалёкай будучыні, калі не зробяць крок да выпраўлення паводзін? У кожнага падчас сустрэчы была магчымасць больш сур’ёзна задумацца над гэтымі пытаннямі.

У бліжэйшых планах райкама БРСМ — візіт у аддзяленне сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў Пастаўскага ТЦСАН, аказанне дапамогі пажылым людзям.

Іна СНЯЖКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.