Хочаш змяніць жыццё? Пачні з сябе!


“Увага! У Паставах упершыню пройдзе праект “Преображение”! Удзель­ніцы прадастаўляецца магчымасць за адзін дзень цалкам змяніць свой імідж, прычым бясплатна. Каб стаць героем праекта, варта толькі даслаць запоўненую анкету і дадаць да яе фотаздымкі”.

Такая інтрыгуючая аб’ява напрыканцы сакавіка з’явілася ў сацыяльных сетках у інтэрнэце і на вуліцах нашага горада. Ініцыятарамі і галоўнымі арганізатарамі незвычайнага мерапрыемства выступілі наша маладая таленавітая зямлячка Вольга Грыбава і яе родны брат Сяргей, які з’яўляецца ўладальнікам цырульні «Жемчужина».

Вольга — запатрабаваны стыліст-мастак, магістр педагагічных навук у галіне выяўленчага мастацтва, выкладчык Акадэміі кіравання пры Прэ­зідэнце Рэспублікі Беларусь і школах прыгажосці, аўтар артыкулаў як у модных часопісах, так і ў навуковых выданнях, аўтар кнігі “Асновы кампа­зіцыі і каларыстыкі для візажыстаў”.

— У Мінску ў праектах накшталт “Преображения” ўдзельнічаю не адзін год, — расказвала Вольга. — Імкнуся дапамагчы жанчынам знайсці ўласны стыль, падкрэсліць іх прыродную прыгажосць, дадаць упэўненасці ў сваіх сілах і тым самым натхніць на новыя дасягненні. Была ўпэўнена, што ў родным горадзе таксама ёсць ахвотнікі змяніцца. І не памылілася. Паступіла больш за дзясятак анкет ад пастаўчанак самага рознага ўзросту і прафесій. Жаданне паўдзельнічаць выказаў нават мужчына.

Прааналізаваўшы дасланыя анкеты, сустрэўшыся з некаторымі патэнцыяльнымі героямі праекта асабіста, Вольга вызначыла кандыдатуру. Ёй стала пастаўчанка Алена Мікалаеўна Андрэйчык, якая працуе кладаўшчыцай у ААТ “Паставымэбля”. “Калі хочаш змяніць сваё жыццё — найперш пачні з сябе”, — так яна матывавала сваё смелае рашэнне кардынальна змяніць вобраз.

Перш чым пачаць модныя ператварэнні, Вольга Грыбава правяла вялікую падрыхтоўчую работу: з дапамогай псіхалагічных, колеравых тэстаў вызначыла, які стыль для гераіні найбольш камфортны, як яна адносіцца да сябе і які мае светапогляд.

Было вырашана зрабіць некалькі вобразаў — як элегантны, так і крыху “хуліганскія”. У гэтым дапамог адзін з партнёраў праекта — магазін беларускага адзення “Карэнга”. Менавіта тут праект узяў свой старт, а працягнуўся ў цырульні “Жемчужина”. З валасамі Алены Мікалаеўны працавалі тры майстры: была зроблена стрыжка, потым афарбоўка і, нарэшце, укладка — прычым з разлікам на тое, каб яе можна было без цяжкасцей паўтарыць у хатніх умовах.

 

Заключны штрых — макіяж. За яго адказвала спецыяльная госця з Мінска — візажыст-стыліст, майстар міжнароднага ўзроўню з вялікім вопытам работы як за мяжой, так і ў Беларусі Юлія Дмітрук. Макіяж карэкціраваўся ў залежнасці ад вобразаў.

Кожны з іх трапіў у аб’ектывы відэа- і фотакамер — праект падтрымалі фотастудыя “Сірыус АТ” і яе ўладальнік Андрэй Мацур, пастаўскі фатограф Анастасія Карпушонак і аператар Дзмітрый Ракоўскі.

Ці спадабаўся вынік самой удзельніцы?

— Вельмі! — эмацыянальна адказвала Алена Андрэйчык. — Стала зусім па-іншаму сябе адчуваць. Ад родных, знаёмых пачула мноства шчырых кампліментаў. Праўда, не ўсе мяне пазнавалі (смяецца — аўт.). Што ўтойваць — любую жанчыну такая ўвага акрыляе. Вялікае дзякуй камандзе прафесіяналаў за такое ператварэнне. Дзякуючы ёй зразумела: квітнець можна ў любую пару года, варта толькі прысвячаць сабе крыху больш часу.

У бліжэйшых планах Вольгі Грыбавай — правядзенне ў нашым горадзе навучальных семінараў, падчас якіх больш шырокая аўдыторыя пастаўчанак зможа атрымаць парады па стварэнні ўласнага іміджу. У маі ён будзе арганізаваны для выпускніц школ. Як правільна падабраць сукенку і прычоску? Якія колеры найлепш пасуюць канкрэтнаму тыпажу? Гэтыя і іншыя тэмы стануць асновай будучай лекцыі. Ёсць задумы і іншых семінараў, напрыклад, як правільна даглядаць валасы або як не згубіць свой стыль у вялікім гора­дзе, паступіўшы туды на вучобу.

Пасля заканчэння асноўнай часткі праекта Вольга расказала пра модныя тэндэнцыі апошняга часу і пра памылкі, якія часта дапускаюць жанчыны пры стварэнні свайго вобраза. У прыватнасці, падкрэсліла:

— Многія жанчыны, асабліва саліднага ўзросту, баяцца паказаць сябе ва ўсёй прыгажосці, — працягвала яна. — З гардэробу не знікаюць шэрыя, чорныя колеры, а таксама прывычка схавацца ў бясформенныя рэчы-футляры. І часам забываюць, што жанчына ў яркай сукенцы, з упэўненай паходкай на абцасах выглядае і адчувае сябе зусім па-іншаму. У невялікім горадзе ў большай ступені, чым у вялікім, “цісне” грамадскае меркаванне, надуманыя стандарты. Таму маё галоўнае пажаданне — не баяцца мяняцца і больш прыслухоўвацца да сябе. Нездарма існуе выраз: “Жанчына павінна быць любімай, прыгожай, шчаслівай. Больш яна нікому нічога не павінна”.

Іна СНЯЖКОВА. Фота Андрэя МАЦУРА і Анастасіі КАРПУШОНАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.