Як заўсёды, з дыпломамі

Личности Спорт

2 красавіка адбылося першынство Віцебскай абласной дзяржаўнай дзіцячай юнацкай школы алімпійскага рэзерву №8 па плаванні. У басейне “Маладосць” у трох узроставых групах сабралася больш за 150 хлопчыкаў і дзяўчынак другога, трэцяга і чацвёртага класаў. У кожнай з іх былі прадстаўлены юныя плыўцы з Пастаў, якія займаюцца плаваннем на   фізкультурна-аздараўленчым комплексе па вуліцы Касманаўтаў у трэнера Аляксандра Бучнева. Як і на папярэдніх спаборніцтвах, яго выхаванцы паказалі добрыя вынікі.

Вучаніца чацвёртага класа Лізавета Кліпа заняла першае месца на дыстанцыі 50 метраў батэрфляем. Трэцякласнік Андрэй Собаль паказаў другі вынік на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем і быў трэцім на дыстанцыі 25 метраў батэрфляем. Пётр Трава, які вучыцца ў другім класе, стартаваў на 50-метровай дыстанцыі вольным стылем і заняў чацвёртае месца. Самай юнай удзельніцай на тур­ніры аказалася пастаўская першакласніца Насця Жук. Яна стала шостай на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем.

— Вельмі задаволены вынікамі, якія паказалі на абласным першынстве  нашы  спартсмены, — адзначыў Аляксандр Бучнеў. — Нягледзячы на юны ўзрост, яны прадэманстравалі добрыя фізічныя здольнасці, сілу волі, імкненне да перамогі. Вельмі многае значыць і падтрымка бацькоў, дзякуючы якім увогуле стала магчымай паездка ў абласны цэнтр.

Неўзабаве пройдзе абласны этап рэспубліканскага фестывалю па плаванні “Залатая рыбка” на прызы Аляксандры Гера­сімені. Трэнер пастаўскіх плыўцоў разлічвае, што на гэтых спаборніцтвах яго выхаванцы таксама пакажуць добрыя вынікі і трапяць у Мінск на фінальныя старты.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.