Яны вяртаюцца дадому


Са старадаўніх часоў існуе павер’е, што буслы прыносяць шчасце. Памятаю, як мы, вясковыя хлапчукі, калі бачылі першага бусла, ад радасці падкідвалі шапкі высока ўгору, насіліся басанож па яшчэ не прагрэтай сонейкам зямлі і былі бязмежна шчаслівымі. Не пакідае мяне гэта пачуццё ўзнёсласці і зараз, калі бачу, як буслы вяртаюцца дадому. Кожную вясну адчуваю радасць ад сустрэчы з гэтымі белымі прыгожымі птахамі. Буслы (у нашых Ракітах іх звалі буцянамі) жывуць у многіх месцах краіны, але заўсёды цягнуцца да чалавека, які працуе на зямлі. Так было і тады, калі мы жылі ў Ракітах, так ёсць і цяпер, калі мы выязджаем на маленечкі кавалак зямлі, на дачу. Іх вя­лізныя гнёзды, размашысты павольны палёт, ганарлівы шпацыр па надзелах надаюць нашаму таварыству “Прырода” асаблівае хараство.

Хочацца спыніцца на гнёздах. Калі чалавек дапамагаў ім у іх будаўніцтве — абразаў сукі, вершаліны дрэў, усцягваў барану ці кола, яны сяліліся бліжэй да жытла. Наша мясцовасць густанаселеная, таму і буслоў хапае. А вось падчас маёй службы на Далёкім Усходзе ды на Поўначы я іх сустракаў вельмі рэдка. Мабыць, таму, што жыхароў там на вялізных плошчах нямнога, вось і лічаць у Амурскай, Валагодскай, Архангельскай абласцях, што бусел — птушка рэдкая, баязлівая. Беларусам паверыць у гэта цяжка. У асноўным жа буслы не чакаюць дапамогі, а будуюць гнёзды самі. Прычым там, дзе аблюбуюць. Напрыклад, у нашым таварыстве аблюбавалі слуп паветранай электралініі і добры дзясятак гадоў прыляталі з зімоўкі ў далёкай Афрыцы ў свой родны дом. Калі гэта гняздо стала перашкаджаць падачы электраэнергіі, энергетыкі ўвосень яго скінулі. Вясной птушкі зноў пачалі майстраваць гняздо і літаральна за некалькі дзён нанеслі галінак, сукоў, моху, пуху — столькі ўсяго, што гняздо стала яшчэ больш утульным, чым было разбуранае. Пакуль што паміж энергетыкамі і бусламі існуе маўклівая дамоўленасць: птушкі не перашкаджаюць падачы ў нашы домікі электраэнергіі — энергетыкі іх не чапаюць.

Падчас маёй работы на чыгунцы даводзілася бачыць буслянкі і на слупах высакавольтных ліній. Але высокае напружанне пагражае жыццю птушак. На перагоне Лынтупы — Пабрадзе пуцейцы паказалі мне забітага токам бусла. Яны ж з маркотай жартавалі: “Напэўна, жонка за нейкія правіннасці не пускала яго ў гняздо, вось ён і вырашыў налажыць на сябе рукі-крылы…”

Пакуль буслы не вярнуліся дадому, у іх гнёздах уладкоў­ваюцца кватаранты: вераб’і, шпакі, пліскі і іншыя, а потым яны мірна ўжываюцца.

З асабістых назіранняў і ад старэйшых ведаю, што буслы — верныя, як і лебедзі, па некалькі гадоў прылятаюць у сваё гняздо разам, парамі. Праўда, першым (але не намнога раней) з’яўляецца гаспадар, каб падрамантаваць, падладзіць ды абжыць гняздо, і чакае сваю гаспадыню. Калі да гнязда падлятае іншы бусел, то гаспадар распускае крылы, задзірае галаву і гучна клякоча, маўляў, тут рабіць няма чаго, месца “забраніравана”. А вось калі з’яўляецца сяброўка, то спачатку таксама прымае грозны выгляд і рыхтуецца да бойкі. Калі ж тая вітае яго зверху сяброўскім клёкатам і пачынае паволі зніжацца, пазнае яе, саступае на край гнязда, каб пусціць гаспадыню ў цэнтр. І было цікава назіраць, як радасна яны клякочуць, згінаючы беласнежныя шыі, і пяшчотна дакранаюцца адно да аднаго. Гэта для нас усе буслы падобныя, а яны добра ведаюць, хто свой, а хто — чужы. Аднаго разу бачыў, як старонні бусел спрабаваў уварвацца ў заселенае гняздо. Саступаць у бойцы ніхто не хацеў, а разабрацца, хто каго б’е і хто перамагае, было немагчыма. У абодвух сілы былі роўныя, разам птушкі і звалі­ліся з гнязда ў прыдарожны пыл, не спынілі барацьбу, а, як фехтавальшчыкі, сваімі  чырвонымі дзюбамі наносілі адно аднаму моцныя ўколы. Нарэшце гаспадар (будзем думаць, што гэта ён) два разы моцна штурхнуў чужынца ў плечы, і той, адскочыўшы ўбок, з цяжкасцю ўзняўся і нізка-нізка паляцеў прэч. Гаспадар узляцеў на сваё гняздо, дзе яго чакала ўсхваляваная гаспадынька.

Вядома, што бусел не толькі прыгожая, але і карысная птушка, бо ён знішчае вялікае мноства шкоднікаў. І ўсе ведаюць, што буслы прыносяць дзяцей. Гэта, вядома ж, казкі, але, як кажуць, у кожнай казцы ёсць доля праўды. Гэта адбылося ў сям’і Косці Хаткевіча з Санкт-Пецярбурга, стрыечнага брата маёй жонкі, у якога і карані тутэйшыя, і буслоў ён вельмі любіць. Але не жывуць буслы ў Піцеры, і нават на яго агародзе, што непадалёк горада. І мы тады вырашылі падарыць яму сувенірных (у поўны рост) драўляных буслоў. Ён з радасцю прыняў наш падарунак з трох птахаў і паставіў каля свайго загараднага дома. Менш чым праз год у сям’ю адной з яго дачок буслы з Беларусі “прынеслі” дзіцятка…

Яны таксама дапамагаюць і жыхарам Афрыкі падчас зімоўкі: паядаюць саранчу, выратоўваюць пасевы ад немінучай гібелі. Бусла там завуць саранчовай птушкай, а гэта ў Афрыцы вельмі пачэснае «званне». Дома, у Беларусі, яны частуюцца жабамі, апалонікамі, чарвякамі і нават змеямі. Адным словам, у нас для іх “шведскі стол”.

Бусел з’яўляецца сімвалам нашай краіны. Памятаеце ў “Песняроў”: “Белый аист летит над Полесьем, над спелым жнивьём…”? А яшчэ бусел — эмблема Мінскага велазавода. А між тым, можа, я і памыляюся, апошнім часам буслы пакідаюць сваю радзіму. Чаму? Таму што рэкі і рэчкі мялеюць. У маім дзяцінстве не кожны мог, ныраючы, дастаць да дна нашай Мядзелкі, а цяпер гэта — ручай. Я ўжо не гавару пра высахлыя Лучайку ці Альшанку. Высыхаюць балоты, і буслам няма ежы. Мінулым летам бусел выкінуў з гнязда сваіх птушанят. Такое было  і раней, і мой дзядуля Янук Сальмановіч тады задуменна прамаўляў: “Гэта да сухога года”. Добра ж, калі гэты год не будзе такім… Наш абавязак — захоўваць і прымнажаць прыроднае багацце. І нельга дапусціць, каб гэта прыгожая разважлівая птушка назаўсёды пакінула даўно абжытае гняздо каля тваёй хаты…

Л. СЕМЯНАС,

 няштатны карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.