Ёсць праблемы арганізацыйныя і тэхналагічныя

Сельское хозяйство

У 2016 годзе работнікі жывёлагадоўлі Пастаўшчыны павінны атрымаць і рэалізаваць  перапрацоўчым прадпрыемствам адпаведна 43850 і 39465 тон малака. Выйсці на такі ўзровень магчыма пры ўмове, калі сярэднегадавы надой ад каровы складзе 3800 кілаграмаў малака, а таварнасць — не менш за 90%. Як жа папрацавалі работнікі галіны ў першым квартале?

Статыстычныя даныя сведчаць пра тое, што мінулагодні ўзровень па вытворчасці і пастаўках малочнай прадукцыі ў сту­дзені—сакавіку перавысілі  толькі чатыры сельгаспрадпрыемствы: ААТ “Хацілы-агра”, “Навасёлкі-Лучай”, філіял “Нафтазаводмантаж-агра” і АБП “Рассвет Пастаўскі”. У астатніх аб’ёмы жывёлагадоўчай прадукцыі знізіліся, а найбольшы недабор — ад 50 да 155 тон — у СВК “Андроны”, СП “Дунілавічы-агра”, ААТ  “Камайскі-агра” і “Сцяг Перамогі-агра”.

На 5 кілаграмаў узрос сярэдні надой малака ад каровы і склаў па раёне 777 кілаграмаў. У той жа час у шэрагу гаспадарак прадукцыйнасць дойнага статка застаецца крайне нізкай. Менш чым па 500 кілаграмаў малака надаілі ад каровы за тры месяцы ў СВК “Андроны”, ААТ “Блакітныя азёры-агра”, “Пастаўскі райаграсэрвіс”, “Парыж-агра”, “Ярэва-агра”, “Сцяг Перамогі-агра”, СП “Дунілавічы-агра”.

Значную суму выручкі сельгаспрадпрыемствы недаатрымалі не толькі ад зніжэння вытворчасці, але і з-за нізкай таварнасці і якасці рэалізаванай прадукцыі. За тры месяцы на перапрацоўку пастаўлена 86,3% малака, атрыманага ў гаспадарках, а гэта на 0,6% менш, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Яшчэ ніжэйшыя паказчыкі таварнасці малака ў СВК “Андроны”, ААТ “Вярэнькі-агра”, “Пастаўскі райаграсэрвіс”, “Блакітныя азёры-агра”, “Парыж-агра”. Між іншым, павышэнне таварнасці ў сярэднім па раёне толькі на 1%  дае 378 мільёнаў рублёў дадатковай выручкі. Гэта датычыць і якасці  прадукцыі.

З 8,6 тысячы тон малака, якое было рэалізавана ў першым квартале, 47,5% прынята сортам “экстра”, 43,8% — вышэйшым і 8,6% — першым сортам. У той жа час у ААТ “Вярэнькі-агра”, “Янавіца-агра”, “Блакітныя азёры-агра”, СВК “Андроны” ўдзельная вага першасортнай прадукцыі ў яе агульным аб’ёме складае больш за 50%. Увогуле, трэба сказаць, што з-за незахавання тэхналагічных рэгламентаў вытворчасці малака восем сельгас­прадпрыемстваў сёлета не рэалізавалі ні адной тоны прадукцыі сортам “экстра”.

Нізкія якасныя параметры дастаўленага на завод малака прывялі і да нізкіх сярэднерэалізацыйных цэн. Па раёне за тону малака сярэдняя выручка склала  4 мільёны 412 тысяч рублёў, а ў СВК “Андроны” — усяго 3610 тысяч, ААТ “Вярэнькі-агра” — 3910, “Янавіца-агра” — 3809, “Парыж-агра” —  4130 тысяч рублёў.

— Толькі ад нізкай таварнасці і якасці малака страты грашовых сродкаў сельгаспрадпрыемстваў за тры месяцы склалі 2,3 мільярда рублёў, —  адзначыла начальнік аддзела эканомікі райсельгасхарчу Лілія Герасіменка. —  Найбольшыя сумы недабралі ААТ “Камайскі-агра”, “Янавіца-агра”, “Вярэнькі-агра”, СВК “Андроны”, СП “Дунілавічы-агра”. З-за гэтага і высокіх вытворчых затрат у жывёлагадоўлі шэраг гаспадарак не мае магчымасці забяспечваць асноўную вытворчасць абаротнымі сродкамі, своечасова выплачваць заработную плату, пагашаць крэдыты банкаў, запазычанасць за электраэнергію. У пераважнай большасці гаспадарак яшчэ не задзейнічаны рычагі рэсурсазберажэння і эканоміі сродкаў, іх аптымізацыі і рацыянальнага выкарыстання. І ўжо сёння, у тым ліку ў жывёлагадоўлі, работа павінна быць накіравана на тое, каб у 2016 годзе, як патрабуе таго адпаведны Указ Прэзідэнта, сабекошт прадукцыі быў зніжаны не менш чым на 25%.

У красавіку ў некаторых гаспадарках перавялі дойны статак на кругласутачнае ўтрыманне, больш увагі звярнулі на кармленне жывёлы. У выніку сем сельгаспрадпрыемстваў перавысілі мінулагоднія паказчыкі па вытворчасці малака. Станоўчую дынаміку трэба не толькі захаваць, але і прымножыць. Ужо цяпер паўсюдна павінны быць падрыхтаваны і правераны перасоўныя даільныя ўстаноўкі і іншае абсталяванне, якое будзе выкарыстоўвацца ў перыяд пашавага ўтрымання буйной рагатай жывёлы. Нельга марудзіць і з яе пераводам у поле.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.