З дыпломамі і падарункамі

Личности

22—23 сакавіка ў г. Ліда Гродзенскай вобласці праходзіў 22-гі Адкрыты абласны конкурс імя К. Горскага, які сабраў паўтары сотні выканаўцаў на струнных народных інструментах з дзіцячых школ мастацтваў і агульнаадукацыйных школ з музычным ухілам не толькі з усёй  Гродзеншчыны, але і з іншых абласцей Беларусі. Сярод яго ўдзельнікаў былі і дзве пастаўчанкі — вучаніцы гарадской школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза па класе цымбалаў Валерыя Патрушава і Аляксандра Хромава. У Ліду дзяўчынкі прыехалі разам са сваім педагогам Г. Э. Барысюк і канцэртмайстрам К. Б. Мейшутовіч.

За ўзнагароды ўдзельнікі конкурсу змагаліся ў трох узроставых групах у намінацыях “Гітара”, “Домра”, “Балалайка” і “Цымбалы”. Апошняя намінацыя аказалася самай шматлікай — у ёй былі прадстаўлены 54 юныя музыканты. Вялікая канкурэнцыя склалася і ў малодшай узроставай групе, дзе выступалі нашы зямлячкі. Але, нягледзячы на гэта, яны не згубіліся сярод 19 удзельнікаў і былі адзначаны журы дыпломамі лаўрэатаў: Валерыя — другой ступені, а Аляксандра — трэцяй. Разам з дыпломамі ў якасці падарункаў дзяўчынкі атрымалі насценныя гадзіннікі з выявай Лідскага музычнага каледжа.

Наперадзе ў Леры і Сашы ўдзел у рэспубліканскім форуме “Сярэбраны звон цымбалаў”, які адбудзецца 15—17 красавіка ў Баранавічах. Каб трапіць на яго, 17 сакавіка юныя цымбалісткі паспяхова прайшлі адборачны тур у Віцебску.

Алена ШАПАВАЛАВА.