З ухілам на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці

Местная власть Образование

Загадчык кафедры гісторыі дзяржавы і права Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Аляксандр Аляксандравіч Герасімовіч (справа) віншуе старшыню раённага выканаўчага камітэта Віктара Сяргеевіча Гутарава з 35-годдзем заканчэння навучальнай установы і ўручае кнігу пра яе гісторыю.

25 cакавіка на базе дзяржаўнага каледжа прайшоў раённы прафарыентацыйны злёт выпускнікоў школ Пастаўшчыны. З парадкам дня яго работы, прадстаўнікамі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і іншымі гасцямі прысутных пазнаёміла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Падгайская.

Удзельнікаў мерапрыемства вітаў загадчык аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама Уладзімір Зіноўевіч Гутар. Ён адзначыў, што вострай патрэбнасці ў спецыялістах ні ў адной з галін няма, за выключэннем сельскагаспадарчай вытворчасці.  Тым не менш адбываецца натуральны працэс, вопытныя работнікі дасягаюць пенсіённага ўзросту, хтось­ці ідзе на заслужаны адпачынак. На іх месца павінна прыходзіць маладая змена. На Пастаўшчыне з радасцю прымаюць маладых спецыялістаў, ствараюць неабходныя ўмовы для забеспячэння працай, прафесійнага росту, вырашэння розных жыццёва важных пытанняў. У. З. Гутар выказаў надзею, што прафарыентацыйны злёт дапаможа школьнікам вызначыцца з выбарам прафесіі. Галоўнае, каб ён быў усвядомлены, прыносіў задавальненне.

Такі выбар ужо зрабілі дзясяткі сённяшніх навучэнцаў Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Найбольш актыўныя і здольныя прэзентавалі сваю навучальную ўстанову на сцэне клуба, у песенна-вершаванай форме расказалі пра вучобу, спорт, мастацкую і тэхнічную творчасць, якой займаюцца многія юнакі і дзяўчаты. Пра новы статус каледжа гаварыў дырэктар Мікалай Мікалаевіч Лысёнак. Ён, у прыватнасці, падкрэсліў, што сёлета будзе ажыццяўляцца прыём дзевяці­класнікаў на падрыхтоўку тэхнікаў-механікаў на базе сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Выпускнікоў дзявятых класаў павінна зацікавіць і новая спецыяльнасць “Кулінар мучных вырабаў-бармэн”. Яе можна бу­дзе атрымаць на ўзроўні прафесіянальна-тэхнічнай адукацыі. Увогуле, як адзначыў кіраўнік навучальнай установы, падрыхтоўка кадраў і ў далейшым будзе весціся з улікам патрэб рэгіёна.

У апошнія гады на традыцыйнай сустрэчы з выпускнікамі школ Пастаўшчыны Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт прадстаўляе дэкан аграмеханічнага факультэта Віктар Баляслававіч Лоўкіс. І гэта невыпадкова. Пастаўшчына — яго радзіма. Тут закончыў СШ №2, прафтэхвучылішча, працаваў трактарыстам у калгасе “За Радзіму” (цяпер — дварчанскае ад­дзяленне ААТ “Камайскі-ара”). Пасля службы ў арміі паступіў на падрыхтоўчае аддзяленне, а затым стаў студэнтам, закончыў Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Здольны выпускнік застаўся ў навучальнай установе, прайшоў шлях ад выкладчыка да дэкана факультэта.

— Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт з’яўляецца вядучым адукацыйным, навуковым і інавацыйным цэнтрам Рэспублікі Беларусь па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў для аграпрамысловага комплексу краіны, — адзначыў, звяртаючыся да прысутных В. Б. Лоўкіс. — На дзённай форме навучання працуюць аграмеханічны, аграэнергетычны і інжынерна-тэхналагічны факультэты, факультэты “Тэхнічны сэрвіс у АПК”, “Прадпрымальніцтва і кіраванне”. Заняткі са студэнтамі праводзяць высокакваліфікаваныя выкладчыкі. Сацыяльная сфера прадстаўлена 9 камфартабельнымі інтэрнатамі, сталовай, студэнцкім кафэ, буфетамі, медпунктам, аптэкай. Маецца суперсучасны спартыўны комплекс, працуюць 32 клубныя фарміраванні, народны тэатр “Праметэй” і іншыя калектывы і аб’яднанні.

БДАТУ — адзіная вышэйшая навучальная ўстанова ў сталіцы, якая забяспечвае іншагародніх студэнтаў дзённай формы навучання інтэрнатам.  Студэнты паралельна могуць атрымліваць другую вышэйшую адукацыю, а таксама бясплатна рабочыя прафесіі: вадзі­целя механічных транспартных сродкаў катэгорыі “В”, трактарыста-машыніста катэгорый “А”, “В”, “Д” і іншыя. Для праходжання практыкі будучыя спецыялісты аграрнай галіны выязджаюць у Вялікабрытанію, Германію, Нарвегію і іншыя краіны.

Жамчужынай аграрнай адукацыі назваў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію загадчык кафедры гісторыі дзяржавы і права Аляксандр Аляксандравіч Герасімовіч, які ў другі раз прыязджае ў Паставы. Дзякуючы сваім выпускнікам і легендарным выкладчыкам найстарэйшая навучальная ўстанова, якой споўнілася 175 гадоў, шырока вядома не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Акадэмія ў Горках — гэта 16 вучэбных карпусоў, 14 студэнцкіх інтэрнатаў, вучэбна-доследная гаспадарка, біб­ліятэка з кніж­ным фондам больш за 1 мільён экзэмпляраў, сталовая на 800 месцаў, батанічны сад і дэндрарый са шматлікімі рэдкімі і каштоўнымі відамі дрэў і іншых раслін. Для арганізацыі адпачынку студэнтаў ёсць Палац культуры, спартыўны комплекс са стадыёнам і плавальным басейнам, ландшафтная гідрапаркавая зона.

У акадэміі ро­біцца ўсё для таго, каб прэстыж ведаў будучых спецыялістаў, як і рэйтынг самай старэйшай аграрнай навучальнай установы Еўропы, нязменна заставаліся высокімі. Еўрапейскую якасць адукацыі тут можна атрымаць на 10 факультэтах больш чым па 30 спецыяльнасцях і спецыялізацыях біялагічнага, інжынернага, эканамічнага і юрыдычнага профіляў. Высокім навуковым патэнцыялам вызначаецца прафесарска-выкладчыцкі склад.

Акадэмія дае студэнтам магчымасць займацца навукова-даследчай работай; атрымаць у Вышэйшай школе аграбізнесу другі дыплом; праходзіць практыку за мяжой; удзельнічаць у міжнародных праграмах і праектах; працягваць адукацыю ў магістратуры, аспірантуры і дактарантуры; развіваць свае здольнасці ў спорце, мастацкай самадзейнасці, студэнцкім самакіраванні. 100 працэнтаў студэнтаў дзённай формы навучання забяспечваюцца добраўпарадкаванымі інтэрнатамі.

Дыплом выпускніка дзяржаўнай сельгасакадэміі дае права працаваць у міністэрствах і ведамствах, навукова-даследчых інстытутах, узначальваць органы дзяржаўнага кіравання, холдынгі, прадпрыемствы аграпрамысловага комплексу. Сярод выпускнікоў акадэміі і першы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

Нямала выпускнікоў акадэміі і на Пастаўшчыне. У іх ліку — старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Сяргеевіч Гутараў. Сёлета спаўняецца 35 гадоў, як ён закончыў навучальную ўстанову. З гэтай нагоды загадчык кафедры А. А. Герасімовіч сустрэўся з кіраўніком раённай вертыкалі і ўручыў В. С. Гутараву кнігу, выдадзеную да 175-годдзя акадэміі.

Адной з лепшых аграрных вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь з’яўляецца Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны. Пра ўмовы паступлення, навучання і адпачынку патэнцыяльным абітурыентам расказала асістэнт кафедры анатоміі жывёлы Вольга Мікалаеўна Вінаградава. Яна падкрэсліла, што акадэмія на працягу больш чым 80 гадоў вядзе падрыхтоўку ўрачоў ветэрынарнай медыцыны, ветэрынарна-санітарных урачоў, правізараў і зоаінжынераў. На 5 факультэтах плённа працуюць больш за 450 выкладчыкаў, вучыцца каля 6000 студэнтаў. Яны атрымліваюць сур’ёзную тэарэтычную і практычную прафесіянальную падрыхтоўку па рабоце з усімі відамі жывёлы. Адначасова асвойваюць інфармацыйныя тэхналогіі, сучасную камп’ютарную тэхніку, развіваюць свае камунікатыўныя навыкі, удасканальваюць веданне замежнай мовы.

Шмат інфармацыі далі выпуснікам юрысконсульт аграрнага каледжа акадэміі ветэрынарнай медыцыны А. І. Шаўчэнка, выкладчык Полацкага аграрна-эканамічнага каледжа Т. С. Тачыла, майстар вытворчага навучання Полацкага дзяржаўнага ляснога каледжа К. В. Паўлоўская, намеснік начальніка па кадрах раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях І. І. Януковіч.

Аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў для сельгас­арганізацый Пастаўшчыны ў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах краіны расказала галоўны спецыяліст (юрысконсульт) упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Д. П. Шыпко.

Галоўны спецыяліст аддзела па занятасці насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Г. Ф. Дзеравянка праінфармавала аб праф­арыетацыйнай рабоце, якая праводзіцца сярод выпускнікоў, падрыхтоўцы кадраў масавых прафесій з ліку тых, хто стаў беспрацоўным, не змог прадоўжыць далейшую вучобу.

Размова на злёце атрымалася цікавай і карыснай. І хаця яна ў асноўным вялася з ухілам на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, выпускнікі змаглі пачэрпнуць шмат інфармацыі, параўнаць яе з тым, што ведалі раней. У іх яшчэ ёсць час, каб з улікам школьнай падрыхтоўкі і асабістых схільнасцей зрабіць правільны выбар — выбар на ўсё жыццё.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.