“За калючым дротам я бачыў трубы станцыі”


Верасень 1986 года. Чатыры месяцы пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Поўдзень Гомельшчыны, Брагінскі раён. Там цэлы месяц давялося правесці ў службовай камандзіроўцы пастаўчаніну Сяргею Літвіновічу.

У канцы жніўня ў Пастаўскую раённую інспекцыю дзяржаўнага пажарнага нагляду, дзе працаваў Сяргей Яўгеньевіч, паступіла тэлефанаграма, якія ў той час прыходзілі ў многія арганізацыі горада, — накіраваць аднаго інспектара ў Віцебск для далейшай адпраўкі ў зону радыеактыўнага забруджвання. Ім аказаўся С. Я. Літвіновіч. Ужо праз некалькі дзён у складзе зводнага атрада, сфарміраванага з прадстаўнікоў усіх раёнаў вобласці, ён на аўтобусе ехаў у гарадскі пасёлак Брагін, што на мяжы з Украінай і ўсяго за 60 кіламетраў ад Чарнобыля.

— У Брагіне нам выдалі абмундзіраванне і засялілі атрад у інтэрнат, я ж пасяліўся ў гасцініцы побач з пажарнай часцю, — успамінае ліквідатар. — Маім абавязкам як інспектара дзяржпажнагляду было правяраць пажарную бяспеку на пастах міліцыі, абсталяваных на дарогах, вакол усёй зоны адсялення на тэрыторыі Брагінскага раёна, іншыя аб’екты: склады гаруча-змазачных матэрыялаў, прадпрыемствы і ўстановы. Удзельнічаў таксама ў камісіі па прыёмцы жылых дамоў, пабудаваных для перасяленцаў з зоны адсялення. Разоў пяць са зводным атрадам пажарных ездзіў тушыць тарфянікі ў Нежыхаве, што ў 30-кіламетровай зоне адчужэння. Штодзень яе аблятаў спецыяльны самалёт, экіпаж якога перадаваў інфармацыю пра пажары ў штаб у Брагіне. Гэта зона была абнесена калючым дротам і ахоўвалася салдатамі. Трапіць у яе можна было толькі па пропусках. З тарфяніка віднеліся трубы Чарнобыльскай станцыі — яна знаходзілася кіламетраў за 10 ад таго месца, дзе мы працавалі. Асабіста я ў тушэнні пажараў не ўдзельнічаў. Мне трэба было запомніць дарогу да Нежыхава і праводзіць туды пажарных.

Па словах Сяргея Яўгеньевіча, нягледзячы на блізкасць да рэактара, у Брагіне ўзровень радыяцыі нязначна перавышаў норму, у зоне адчужэння, дзе працаваў зводны атрад, быў вышэйшы за яе ў некалькі разоў. Гэта тлумачыцца тым, што пасля выбуху на атамнай станцыі небяспечныя радыеактыўныя выкіды нераўнамерна “накрылі” наваколле. Адны тэрыторыі засталіся адносна чыстыя, іншыя аказаліся вельмі забруджаныя. Тым не менш усюды была вялізная колькасць грыбоў.

— Столькі баравікоў і падасінавікаў на малых плошчах я раней ніколі не бачыў! — працягваў С. Я. Літвіновіч. — Яны раслі, дзе толькі можна: на лясных сцежках, пяску. Вялікія і ўсе як адзін здаровыя. У садах у адселеных вёсках — такія ж вялікія, прыгожыя яблыкі, грушы, ягады. Часам хацелася пакаштаваць іх, але ў першы ж дзень камандзіроўкі нас папярэдзілі: нічога з выраслага ў зоне не ўжываць у ежу. Жудасна было бачыць у ёй пустыя школы, магазіны з рознымі прамысловымі таварамі, жылыя дамы, у якіх усё засталося так, як пры гаспадарах: мэбля, посуд, гардзіны на вокнах, у дварах — тэхніка: трактары, машыны. Здавалася, людзі ненадоўга выйшлі з будынкаў і хутка вернуцца ў іх. Адзіныя жывыя істоты, якія трапляліся, — гэта стаі здзічэлых сабак і катоў, што бегалі па вёсках, ды табуны коней з жарабятамі.

Ці баяліся ліквідатары радыяцыі? Некаторыя проста панічна: бачылі яе паўсюдна, нават у жоўтых разводах на лужынах пасля дажджу. Але і яны не ўяўлялі, наколькі небяспечныя радыеактыўныя выкіды, бо ў той час было вельмі мала інфармацыі пра маштабы і наступствы аварыі. Таму многія, як і С. Я. Літвіновіч, даволі спакойна аднесліся да весткі пра камандзіроўку і так жа спакойна выконвалі там сваю работу. Сёння пра верасень 1986-га Сяргею Яўгеньевічу нагадваюць медаль “Удзельніку ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС” і некалькі кніг у хатняй бібліятэцы — творы мастацкай літаратуры, якія прывёз з Брагіна, запісаўшыся там у таварыства кнігалюбаў.

Як і большасць “чарнобыльцаў”, тыя падзеі ліквідатар узгадвае нячаста. І не імкнецца захаваць у памяці сваю небяспечную камандзіроўку. Кажа, ёсць у жыцці намнога прыемнейшыя ўспаміны. Але адзін выпадак наўмысна не хоча забываць. У першыя дні знаходжання ў Брагіне лёс падарыў Сяргею Яўгеньевічу сустрэчу з бацькамі беларускага пажарнага Васілія Ігнаценкі, які працаваў у Прыпяці і пасля выбуху рэактара тушыў пажар на атамнай электрастанцыі. Атрымаўшы вялізную дозу радыяцыі, 13 мая 1986 года Васілій Іванавіч памёр у бальніцы ў Маскве. У пачатку верасня ў яго роднай вёсцы Спярыжжа Брагінскага раёна быў арганізаваны ўрачысты сход, на які запрасілі бацькоў пажарнага і даручылі даставіць іх на месца С. Я. Літвінові­чу. Падчас сходу — а на ім прысутнічалі ўсе мясцовыя жыхары, прыехалі прадстаўнікі сталічнай прэсы — начальнік зводнага атрада ўручыў бацькам героя вышэйшую ўзнагароду камсамола — Ганаровы знак УЛКСМ.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.