Заўсёды сярод лідараў

Сельское хозяйство

У мінулую нядзелю вадзіцель ААТ “Кураполле-агра” Мікалай Ворсін  дасягнуў з пачатку палявых работ самай высокай  выпрацоўкі — за дзень унёс вадкія азотныя ўдабрэнні на 140 гектарах азімых зерневых. Пасадзейнічалі гэтаму і механізатары Аляксандр Яначкін і Юрый Сівы, якія працуюць на падвозцы і запраўцы “Дзвіны” КАСам.

— Работа спорылася таму, што была прастора, доўгія гоны, — расказваў Мікалай Пятровіч. —  Праўда, месцамі  заміналі  лагчыны з вадой, але гэта не стала перашкодай. Такім надвор’ем, як цяпер, толькі і ўносіць удабрэнні, бо ўсе пажыўныя рэчывы трапляюць у глебу, сілкуюць расліны. Летась па два разы падкармілі азімыя, таму яны і ўрадзілі.

Мікалай Ворсін невыпадкова ўспомніў мінулы год. Да высокага ўраджаю зерневых і добрага травастою ён меў непасрэднае дачыненне. Толькі вясной унёс мінеральныя ўдабрэнні больш чым  на 2130 гектарах.

Увогуле, быць сярод  лідараў для Мікалая Пятровіча стала правілам. Летам і восенню ён перавёз не адну сотню тон сянажнай і сіласнай масы. Падчас жніва даставіў ад камбайнаў да сушыльнай гаспадаркі амаль 1500 тон зерня. А сёлета ў канцы лютага — пачатку сакавіка  амаль на 400 гектарах падсеяў на “Дзвіне” шматгадовыя травы. Гэта таксама адзін з лепшых паказчыкаў у раёне.

Працоўны стаж Ворсіна вымяраецца двума дзясяткамі гадоў. За ім пастаянна замацавана аўтамашына і самаходны агрэгат “Дзвіна”. Тэхніка служыць на­дзейна і заўсёды ў гатоўнасці дзякуючы таму, што  гаспадар сам рамантуе яе, дасканала ведае ўстройства і канструкцыю, без ваганняў вызначыць любую няспраўнасць.

У працоўнай біяграфіі Мікалая Пятровіча быў непрацяглы перыяд, калі ён разам з іншымі маладымі пастаўчанамі падаўся на заработкі ў Расію. Але праз пэўны час вярнуўся ў гаспадарку, бо і на месцы вяскоўцы мелі нядрэнны заработак.

— І цяпер, хаця  ёсць шмат складанасцей, растуць цэны на тэхніку, запасныя часткі, наша сельгаспрадпрыемства жыве, — расказваў вадзіцель. — Не застала знянацку і сёлетняя вясна. Знайшліся сродкі для  своечасовага правядзення рамонтных работ. Не прастойваем і з-за паліва. У тэрмін выплачваецца  заработная плата.

Дарэчы, механізатары ведаюць, што вясной, як  і падчас нарыхтоўкі кармоў, уборкі ўраджаю, можна нядрэнна зарабіць. Пры ўмове, калі работа будзе выканана якасна і ў тэрмін. Таму і не лічацца людзі з часам, працуюць без выхадных.  Аб’ёмы палявых работ у ААТ “Кураполле-агра” з кожным днём узрастаюць.

 Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.