Заўсёды ёсць месца цуду


У рамках фестывалю праваслаўнай культуры “Кладезь” у СШ № 3, дзяржаўным кале­джы і аддзяленні дзённага знаходжання інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва прайшлі сустрэчы са Святланай Бэнкс — пісьменніцай, журналісткай, студэнткай Кінгстонскага ўніверсітэта.

Магчымасці абмежаваныя, дасягненні — вялікія

Святлана — інвалід-калясачнік. Нарадзілася ў Тальяці, трэцім дзіцем у сям’і. У тры гады ёй паставілі страшны дыягназ — міапатыя (прагрэсіруючая мышачная слабасць). Старэйшы брат з такім дыягназам памёр у тры гады перахварэўшы на пнеўманію. Сярэдняя сястра поў­насцю здаровая. Малодшай, Святлане, прагназавалі пражыць не больш за пяць гадоў.

— З дзяцінства многія адносіліся да мяне як да чалавека, у якога няма будучыні, — гаварыла Святлана. — Бацькі імкнуліся мне дапамагаць, шукалі сродкі на лячэнне. На жаль, мая хвароба лячэнню не паддаецца. Пра што маглі марыць мама з татам, калі ведалі, што іх дзіця ніколі не стане на ногі, не зможа самастойна апранацца і абувацца, без дапамогі не павернецца на бок у сне? Мала хто верыў, што я змагу закончыць школу.

Але немагчыма прадбачыць, якія ўрокі дасць жыццё. І прыклад Святланы таму пацвярджэнне. Яна жыла і жыве з верай у сэрцы, з дзяцінства мэтанакіраваная, ніколі не рабіла для сябе ніякіх паслабленняў. І ўсё, да чаго імкнулася, пра што малілася, стала рэальнасцю. Нягледзячы на хваробу, закончыла міжнародныя курсы па журналістыцы, Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт друку, стаўшы першай дыстанцыйнай студэнткай факультэта выдавецкай справы і журналістыкі, авалодала нямецкай і англійскай мовамі, змагла рэалізаваць сябе ў прафесійнай сферы (друкавалася ў розных часопісах і газетах Расіі і Беларусі, з’яўлялася рэдактарам і аўтарам многіх інфармацыйных сайтаў).

Не абмінула і сямейнае шчасце

Гісторыя іх знаёмства падобна на казку. З мэтай лепш вывучыць англійскую мову Святлана зарэгістравалася на міжнародным сайце знаёмстваў. У анкеце напісала ўсё, як ёсць. Атрымала мноства пісем, у тым ліку і ад Шайло Бэнкса з сонечнага Тэхаса.

Ён нарадзіўся цёмнаскурым, у сем гадоў скура паступова пачала страчваць пігмент і пакрывацца белымі плямамі. Многае давялося перажыць. Але ніколі не адступаў ад мэты, стараўся вучыцца, атрымаў некалькі спецыяльнасцей: выкладчык англійскай мовы, аўтамеханік, медбрат. У інтэрнэце шукаў шыны да свайго матацыкла, а знайшоў Святлану. Менавіта ў гэты час “усплыў” яе фотаздымак. Шайло не напалохала тое, што дзяўчына ў інваліднай калясцы, а яе — адлегласць і на той момант сціплае веданне англійскай мовы.

Пасля васьмі месяцаў перапіскі амерыканец прыехаў у Беларусь з поўным пакетам дакументаў для рэгістрацыі шлюбу. Сям’я Святланы ў 2000 годзе пераехала з Тальяці ў пасёлак Чысць, што каля Маладзечна. Бацькам хацелася быць побач са старэйшай дачкой, якая пасля вучобы ў Мінску засталася тут працаваць, стварыла сям’ю.

— У мамы і таты быў шок ад таго, што я сабралася замуж, — расказвала. — Пра гэта ніхто не мог і думаць. Але пасля доўгіх размоў Шайло змог пераканаць іх у тым, што ніколі мяне не пакрыўдзіць, будзе надзейным мужам.

Распісацца з першага разу маладажонам не ўдалося: Святлана на той момант была грамадзянкай Расіі, Шайло — амерыканцам. На паўгода ён вымушаны быў вярнуцца ў Амерыку, яна — памяняць грамадзянства, і толькі тады змаглі пажаніцца і павянчацца. Дзеля сваёй каханай Шайло прыняў праваслаўе і перабраўся ў Беларусь. Цяпер ён для Святланы не толькі муж, але і ва ўсім памочнік, саратнік, натхняльнік. Жывуць разам з бацькамі Святланы. Шайло дыстанцыйна выкладае англійскую мову ў адным з Санкт-Пецярбургскіх універ­сітэтаў, Святлана запаўняе навінамі інтэрнэт-сайты. Разам вырабляюць святочныя свечкі і мыла рознай формы. Іх работы можна было набыць і на выставе-кірмашы “Кладезь”.

У Свята-Елісавецінскім манастыры Святлана ажыццяўляе свой праект “Пераадоленне”. Яе запрашаюць на сустрэчы з рознай аўдыторыяй — моладдзю, сямейнымі парамі, бацькамі дзяцей-інвалідаў, пажылымі людзьмі. Гэта Святланіна місіянерскае служэнне. Разам з мужам любяць падарожнічаць. У іх шмат сяброў па ўсім свеце. Яны прыцягваюць да сябе людзей, падкупляюць сваёй абаяльнасцю і адкрытасцю. І даказваюць, што сямейнае цяпло калі не лечыць хваробу, то хаця б аблягчае пакуты, а каханне ўпрыгожвае кожную хвіліну жыцця.

«Сила любви, или Нисхождение в рай»

Так называецца дакументальная кніга Святланы Бэнкс, у якой яна расказвае пра шчаслівыя сямейныя пары, дзе муж або жонка — інвалід. Шэсць дзіўных, прыгожых гісторый сапраўднага кахання. Аўтар прыадчыняе дзверы ў жыццё лю­дзей з абмежаванымі магчымасцямі, перадае іх пачуцці, дапамагае зразумець, што яны адчуваюць, перажываюць. Святлана ўпэўнена, што шчасце можна спазнаць незалежна ад фізічных магчымасцей. Да гэтай высновы яна прыйшла праз асабісты вопыт і сустрэчы з людзьмі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

— Галоўнае — адшукаць сэнс жыцця і духоўную свабоду, — гаварыла Святлана. — Я прытрымліваюся такой думкі: калі чалавек з’явіўся на гэты свет — значыць ён патрэбны. І не важна, хворы ці здаровы, прыгожы ці не вельмі. Не бойцеся цяжкасцей. Ва ўсім ёсць станоўчае, нават у самых вялікіх выпрабаваннях. А ўвогуле жыццё — гэта запрашэнне да шчасця. Умейце быць шчаслівымі.

Пра каханне, шчасце, а таксама пра цяжкасці, якія былі і ёсць, пра тых, каго сустракае на сваім жыццёвым шляху, пра сэнс цярпення Святлана Бэнкс расказвала на сустрэчах і старалася пераканаць прысутных: у жыцці заўсёды ёсць месца цуду. Моцная сям’я Бэнкс — прыклад таго, як быць адданымі адно аднаму, цаніць жыццё тых, хто побач. Пераканана, гутарка са Святланай надала сіл, уся­ліла надзею ў многіх удзельнікаў сустрэчы, якія штодня змагаюцца з лёсам, пераадольваюць цяжкія хваробы.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.