Завяршылі сяўбу на блакітнай ніве


Летась у рыбгасе “Навінкі” было вылаўлена 984 і рэалізавана 944 тоны таварнай рыбы. Па гэтых паказчыках дзяржаўныя заданні выкананы на 106%. Нягле­дзячы на тое, што на працягу года пастаянна  раслі цэны і тарыфы на паліва, электраэнергію, камбікорм,  іншыя матэрыяльна-тэхнічныя рэсурсы, сабекошт рыбгасаўскай прадукцыі ў параўнанні з 2014 годам павялічыўся толькі на 3%. Дзякуючы зніжэнню шэрага ўласных выдаткаў атрымана 172 мільёны рублёў прыбытку. Навінкаўцы апярэдзілі  большасць аднатыпных рыбных гаспадарак краіны.

Калектыў не збіраецца здаваць свае пазіцыі. 14 красавіка тут завяршылі зарыбленне апошняй з шасці нагульных сажалак, агульная плошча якіх  больш за 670 гектараў. Пра тое, як праходзіла сяўба на блакітнай ніве, расказаў дырэктар Аляксандр Пятровіч Ліхаманаў. Не ідэальнай, але намнога лепшай у параў­нанні з мінулагодняй ён назваў сітуацыю з запаўненнем сажалак вадой. У іх запушчана 150 тон пасадачнага матэрыялу:  гада­віка вагой да 40 грамаў і двухгодка  (250 грамаў). Пры захаванні  мікраклімату ў вадзе, добрым кармленні іх вага да восені  складзе адпаведна да 600 грамаў і крыху больш за кілаграм.

Цяпер рыба абжывае новае асяроддзе, а з праграваннем вады да 14 градусаў рабочыя ўчастка нагульных сажалак будуць прывучаць яе да кармлення. Яго  пік прыпадае на чэрвень, ліпень і жнівень. Каб вырасціць сёлета не менш за 930 тон таварнай рыбы, спатрэбіцца  2500 тон спецыяльнага камбікорму, збалансаванага па ўсіх пажыўных рэчывах. Прадпрыемства право­дзіць тэндары па закупцы кармоў. Перавага будзе аддадзена тым вытворцам, якія змогуць прапанаваць найбольш выгадныя ўмовы.

А. П. Ліхаманаў звярнуў увагу яшчэ на адзін немалаважны аспект. У папярэднія гады галоўным было нарошчванне вытворчасці таварнай прадукцыі, для чаго інтэнсіўна выкарыстоўваліся ўсе сем нагульных сажалак. Але так не павінна быць, бо тэхналогіяй прадугледжана раз у чатыры гады праводзіць аздараўленне рыбнай гаспадаркі шляхам летавання. Гэта азначае, што сажалка не запаўняецца вадой, але і не пустуе, на яе плошчы  вырошчваюцца зерневыя. Летась “адпачываў” адзін вадаём. Сёлета будзе летаваць другі, а на плошчы 102 гектары пасеюць яравую пшаніцу. 30 тон яе насення ўжо закуплена ў ААТ «Навасёлкі-Лучай». Вырашчанае збожжа восенню выкарыстаюць на кармавыя мэ­ты.

Вылавам і адгрузкай пасадачнага матэрыялу пад кіраўніцтвам майстра выроставых сажалак Уладзіміра Гузарава займаліся рыбакі Уладзімір і Валерый Якімовічы, Генадзій Бервячонак, Сяргей Феранец, Аляксандр Шчогалеў, Раман Юхновіч і Алег Лалыка. Амаль у такім складзе рабочыя на чале з майстрам Вячаславам Яцэвічам будуць працаваць і на нагульных сажалках і  рабіць усё для таго, каб блакітная ніва парадавала добрым ураджаем.

Тэкст і фота

Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.