Зноў спаборнічалі лідары (+фота)

Общество

Якімі якасцямі валодае сапраўдны школьны лідар? Добра вучыцца, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, праяўляе сябе ў спорце і  творчасці, умее згуртаваць вакол сябе аднадумцаў… Хіба ўсё гэта можа быць уласціва аднаму чалавеку? Безумоўна! Што і пацвердзіў рэгіянальны конкурс на найлепшага лідара пярвічнай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Лідар — новае пакаленне”, які адбыўся 24 сакавіка ў Паставах.

У той дзень на сцэну раённага Дома культуры выйшлі чатыры канкурсанты — Юрый Сіповіч (Міёрская СШ №3), Павел Сташкевіч (СШ № 2 г.п. Шаркаўшчына), Карына Мя­дзелец (Германавіцкая СШ Шаркаўшчынскага раёна) і Дзяніс Лукашэвіч (Гуцкая СШ). На жаль, з-за фінансавых цяжкасцей у наш горад не прыехалі лідары школьных пярвічак БРСМ  з Браслаўскага і Глыбоцкага раёнаў. Аднак колькасць удзельнікаў ніяк не паўплывала на якасць выступленняў.

Конкурсная праграма — а яе вядучымі былі Кацярына Мацюшонак і Уладзіслаў Кузьміч — пачалася з візітнай карткі “Мая грама­дзянская пазіцыя”. За пяць хвілін удзельнікі, выкарыстоўваючы розныя творчыя формы, расказалі пра свае дасягненні і таленты. Зрабіць гэта ім дапамагалі групы падтрымкі. У нумарах выкарыстоўваліся відэакліпы, вершы, сцэнкі, песні… Журы з першага этапа аказалася няпроста вызначыць найлепшых. У склад “судзейскай калегіі” ўвайшлі мастацкі кіраўнік раённага Дома культуры Алена Слядзеўская, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Танана, карэспандэнт “Паставы ТБ” Наталля Налей і аўтар гэтых радкоў.

Другім “экзаменам” для выступоўцаў стала інтэрактыўная гульня “Дэбаты”. Патрабавалася кожнаму на працягу адной хвіліны паразважаць на тэму “Захоўваем традыцыі, жывём сучаснасцю”. Затым адбылася творчая абарона праектаў “Практыка, магчымасці, унікальнасць”, якія былі ініцыіраваны і рэалізаваны пярвічнымі арганізацыямі БРСМ. Закраналіся тэмы Вялікай Айчыннай вайны, роднай мовы, актыўнага ладу жыцця… Колькі карысных спраў зроблена школьнікамі!

Асабліва творчым аказаўся апошні этап “Дуэт лідараў”. Згодна з палажэннем, лідары зага­дзя рыхтавалі нумары ў пары са сваім педагогам. Яны па-сапраўднаму здзівілі: тут быў і запальны рок-н-рол, і прыпеўкі, і гумарыстычная сцэнка. Вельмі запомнілася выступленне Карыны Мя­дзелец з Германавіч і яе маці-настаўніцы, якія за пяць хвілін расказалі і паказалі, як зрабіць яркае арыгінальнае дрэўца з самых простых матэрыялаў. Госці з Шаркаўшчынскага раёна прывезлі з сабой і выставу ўласных работ. Журы выставіла Карыне найвышэйшыя балы. Па суме ўсіх балаў менавіта яна і стала пераможцай конкурсу. Другое выніковае месца ў Дзяніса Лукашэвіча з Гуты.

— Занальны этап прайшоў на высокім узроўні, — гаварыла са сцэны перад момантам узнагароджвання член журы А. А. Танана. — Тое, што школьнікі прыехалі да нас, у Паставы, ужо сведчыць пра іх настойлівасць, адказнасць, сур’ёзныя адносіны да справы. Усе ў дастатковай меры прадэманстравалі свае самыя лепшыя якасці. Аднак, на жаль, падчас многіх выступленняў канкурсанты перабралі ліміт часу, дакладна прапісаны ў палажэнні, і журы было вымушана зняць за гэта балы, што і паўплывала на размеркаванне вынікаў. Спадзяюся, яны нікога не засмуцілі. Жадаю ўсім і надалей захаваць у сабе юнацкі запал, актыўную грамадзянскую пазіцыю. Упэўнена, што ў кожнага наперадзе яшчэ шмат перамог.

Галоўным арганізатарам мерапрыемства выступіў Пастаўскі райкам БРСМ. Напрыканцы яго першы сакратар Іна Каралёва ўручыла кожнаму ўдзельніку дыпломы і падарункі — флэш-карты.

Пераможца конкурсу Карына Мядзелец выступіць на абласным этапе спаборніцтваў, які адбудзецца 24 красавіка ў Віцебску.

Іна СНЯЖКОВА.  Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.