Зоркі выпраменьвалі святло. Песеннае

Культура

Кіраўнік вакальнай студыі цэнтра культуры і народнай творчасці Пастаўскага раёна Вольга Нікалаева (другая справа) з удзельнікамі фестывалю, салістамі Вадзімам Казароўцам, Мікітам Аўгусціновічам, Дар’яй Румянцавай, Анастасіяй Брысь і Крысцінай Клянтак.

У раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча прайшоў традыцыйны фестываль эстраднай песні “Пастаўскія зоркі-2016”.

Вядучая і рэжысёр Таццяна Кухальская адзначыла, што свята песні ў чарговы раз сабрала таленавітых, здольных выканаўцаў. Але каб стаць пастаўскай зоркай, гэтага недастаткова. Патрабуюцца смеласць, вера ў  свае магчымасці, падтрымка родных і сяброў. Журы будзе ўлічваць  і многія іншыя фактары, якія адрозніваюць фестываль эстраднай песні ад звычайнага агляду мастацкай самадзейнасці.

Паўдзельнічаць у папулярным мерапрыемстве сёлета жадалі больш за паўсотні выканаўцаў. Пасля папярэдняга праслухоў­вання іх засталося трыццаць. На сцэну канкурсанты выходзілі ў трох узроставых групах: 6—9, 10—13 і 14—18 гадоў. Яны прадстаўлялі вядомыя на Пастаўшчыне ўзорную вакальную студыю “Юніта” раённага Дома культуры, вакальную студыю цэнтра культуры і народнай творчасці раёна, Навасёлкаўскі фі­ліял Варапаеўскай дзі­цячай школы мастацтваў, студыю вакальных спеваў “Задорынка” і тэатра песні раённага цэнтра дзяцей і моладзі, вакальна-эстрадную студыю “Анимо” Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама са­лістаў з Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў, агульнаадукацыйных №№3, 4, 5, Камайскай, Старадворскай і Дунілавіцкага сельскага Дома культуры. Гэты пералік сведчыць пра тое, што большасць канкурсантаў сур’ёзна займаюцца з прафесійнымі педагогамі і музыкантамі, а многія, нягледзячы на свой юны ўзрост, пастаянна выступаюць на сцэне РДК у канцэртных праграмах, прысвечаных розным падзеям і датам, удзель­нічалі ў папярэдніх фестывалях.

Гледачы — а іх сабралася шмат — вельмі цёпла віталі спевакоў, не шкадавалі апладысментаў для ўсіх, хто прэтэндаваў на званне пастаўскай зоркі. Перад няпростым выбарам аказалася і журы, якое ўзначальвала дырэктар РДК Ала Чарнюк. Аргументавана, прафесійна падыходзілі да ацэнкі выступлення канкурсантаў вядомыя на Пастаўшчыне  кіраўнік народнага хору ветэранаў вайны і працы Павел Рагіня, мастацкі кіраўнік РДК, рэжысёр Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”  Алена Слядзеўская, чалавек года Пастаўшчыны-2015, дырэктар Навасёлкаўскага філіяла школы мастацтваў Алена Салавей, вядомы эстрадны спявак Аляксандр Апанасевіч, выканаўца, выкладчык школы мастацтваў з Варапаева Ірына Козел. Калі ў членаў журы ўзнікалі розныя пункты гледжання і прапановы, пераможцу ці прызёра песеннага форуму яны вызначалі шляхам галасавання.

Усе ўдзельнікі, як і прадугледжвалася ўмовамі фестывалю, сталі яго дыпламантамі, а званне лаўрэата атрымалі самыя таленавітыя, якія разам з педагогамі сур’ёзна і творча аднесліся да падбору рэпертуару, сцэнічных касцюмаў, умела і ўпэўнена трымаліся на сцэне, змаглі крануць сваімі выступленнямі прысутных. У малодшай узроставай групе першыя месцы занялі Злата Лібоза і Арцём Маргуноў, другое — Арцём Кірэй, трэцяе — Аня Вяршыніна. У сярэдняй узроставай групе дыпломамі першай ступені адзначана выканальніцкае майстэрства Марыі Лібоза, Дашы Мацкевіч і Мікіты Аўгусціновіча. Уладальнікамі дыпломаў другой ступені сталі Крысціна Багушэвіч, Івар Гінько і Арсеній Ляўшын, трэцяй —  Вадзім Казаровец.

Найбольш падрыхтаванымі, артыстычнымі выглядалі канкурсанты ва ўзросце да 18 гадоў. А паланіла ўсіх і заслужана стала пераможцай Ірына Іршонак.  Другія месцы занялі Крысціна Клянтак і Дар’я Румянцава, трэція — Анастасія Брысь, Аляксандра Бабюк і Вадзім Баравецкі.

Арцём Маргуноў (першае месца).
Даша Мацкевіч (першае месца).
Пераможца конкурсу ў старэйшай узроставай групе Ірына Іршонак.

Павіншаваўшы пераможцаў і прызёраў, усіх ­удзельнікаў фестывалю з сур’ёзным экзаменам, які яны годна вытрымалі, старшыня журы Ала Чарнюк падкрэслі­ла, што сёлета быў высокі ўзровень падрыхтоўкі канкурсантаў. А Аляксандр  Апанасевіч пажадаў юным салістам спяваць пра тое, што ім бліжэй і адпавядае ўзросту і інтарэсам.

Падарункам для ўдзельнікаў і ўсіх гледачоў з’явілі­ся выступленні пераможцаў конкурсаў мінулых гадоў, а таксама гасцей фестывалю. Парадавалі салісты Марыя Сеганкевіч, Дар’я Гагалінская, Дзіяна Дзяменцьева, Ліза Загурская, танцавальныя калектывы “Непаседы”, “Скай Дэнс”, вакальныя групы “Кропелькі” і “Фантазія”.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.