Абраў занятак па сэрцы

Спорт

Па сэрцы — гэта найбольш частае словазлучэнне, якім кіраўнік фізічнага выхавання Пастаўскага дзяржаўнага кале­джа Юрый Барысавіч Трафімаў падчас нашай размовы характарызаваў сваё стаўленне да работы і тых відаў спорту, якімі займаецца сам і якім вучыць маладое пакаленне.

З дзяцінства ён любіў рухацца, гуляць у футбол і валейбол, удзельнічаць у лыжных гонках. Неаднойчы здабываў перамогу для СШ №1, у якой вучыўся, на раённых спаборніцтвах па лёгкаатлетычным кросе і мнагаборстве.

— Заўсёды сур’ёзна, мэтанакіравана і рэгулярна рыхтаваўся да ўсіх спартыўных мерапрыемстваў. Перамогі ў спаборніцтвах захоплівалі, давалі стымул трэніравацца, каб у наступны раз паказаць яшчэ лепшы вынік, — успамінаў Юрый Барысавіч. — Такому ж падыходу да трэніровак і спаборніцтваў вучу цяпер моладзь. Бо навошта ўдзельнічаць у спартакіядах, турнірах і іншых спаборніцтвах, калі не імкнуцца да перамогі?

Падчас вучобы ў Даўгаўпілскім вышэйшым ваенным авіяцыйным інжынерным вучылішчы імя Яна Фабрыцыуса спортам займаўся яшчэ больш сур’ёзна: памногу трэніраваўся, складаў план заняткаў, каб да спаборніцтваў выйсці на пік спартыўнай формы. Яшчэ будучы курсантам уваходзіў у зборную каманду па ваенным трохборстве. Выканаў першы разрад па гэтым відзе спорту. Далей былі служба ва Узброеных Сілах і заняткі службовым мнагаборствам (плаванне, стральба з пісталета Макарава і бег). Тут таксама станавіўся шматразовым прызёрам спаборніцтваў, якія праводзіліся ў пагранслужбе. А ў 1999 годзе на рэспубліканскіх спаборніцтвах паміж сілавымі структурамі Беларусі выканаў нормы кандыдата ў майстры спорту.

Шэсць гадоў таму Ю. Б. Трафімаў выйшаў у адстаўку і стаў працаваць майстрам вытворчага навучання ў каледжы, адначасова вёў гадзіны фізічнай культуры і здароўя. Кіраўніцтва навучальнай установы дало магчымасць атрымаць новую спецыяльнасць у Інстытуце павышэння і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў фізічнай культуры, спорту і турызму пры Беларускім дзяржаўным універсітэце фізічнай культуры. Зараз займае пасаду кіраўніка фізвыхавання, працуе ў адной звязцы з выкладчыкам фізічнай культуры і здароўя Вячаславам Іванавічам Фаміным, педагагічны стаж якога перавышае сорак гадоў, і трэнерам па футболе Аляксандрам Аляксандравічам Тарасевічам. Апошні прыйшоў у дружны калектыў год таму і здолеў арганічна ў яго ўпісацца, дасягнуў вынікаў у рабоце.

Юрый Барысавіч займаецца падрыхтоўкай мнагаборцаў, валейбалістаў, лёгкаатлетаў, стралкоў з пнеўматычнай вінтоўкі. Таксама вучыць дзяцей майстэрству лыжных гонак і настольнага тэніса. Упэўнены, што для таго, каб зацікавіць навучэнцаў, падрыхтаваць іх да сустрэчы з моцнымі сапернікамі, зматываваць на дасягненне вынікаў, самому трэба шмат ведаць і ўмець, быць прыкладам для пераймання. І ў яго гэта атрымліваецца: вядзе здаровы і актыўны лад жыцця, займаецца бегам, гуляе ў міні-футбол і хакей.

У каледжы склалася добрая валейбольная традыцыя. На працягу многіх гадоў яго каманда станавілася пераможцай абласных спаборніцтваў сярод навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі і прызёрам рэспубліканскіх. Паспяхова пастаўчане выступаюць і ў іншых відах спорту. Два гады таму каманда каледжа заняла першае месца на абласных спаборніцтвах па зімовым мнагаборстве «Здароўе», а летась — другое ў летнім мнагаборстве. На працягу апошніх гадоў навучэнцы каледжа станавіліся прызёрамі лёгкаатлетычнага кросу. Каманда футбалістаў у гэтым навучальным годзе стала пераможцай абласных спаборніцтваў і ўдзельнічала ў рэспубліканскіх, але там заняла чацвёртае месца. Такія вынікі дазволілі каледжу летась і пазалетась заняць першае месца ў агульнакамандным заліку ў абласной спартакіядзе сярод навучэнцаў устаноў прафесійна-тэх­нічнай адукацыі. Зараз каледж змяніў статус і сапернічае на спартыўных пляцоўках з прадстаўнікамі ўстаноў сярэднеспецыяльнай адукацыі. Гэта больш моцныя і падрыхтаваныя каманды. Але і на іх узроўні Пастаўскі дзяржаўны каледж застаўся канкурэнтаздольным і не страціў лідарскіх пазіцый — сёлета яго каманда другая ў вобласці і ў рэспубліцы.

Каледж спаборнічае не толькі з іншымі ўстановамі адукацыі, але і актыўна ўдзельнічае ў многіх спартыўных мерапрыемствах. Так, у мінулым годзе сярод першасных структур ДТСААФ каманда каледжа заняла ў раёне першае месца па стральбе і выйграла пуцёўку на абласны этап, дзе таксама выйшла пераможцай. Такія ўстойліва высокія вынікі — плён сумеснай працы, лічыць Юрый Барысавіч і адзначае: “Рабяты прыходзяць да нас ужо падрыхтаванымі, і гэта заслуга ўсіх работнікаў фізічнай культуры раёна. У прыватнасці, Г. Г. Савосін уклаў усю душу ў падрыхтоўку валейбалістаў, А. А. Тарасевіч і В. М. Грантоўскі — футбалістаў, А. Л. Вавінскі — мнагаборцаў. Вельмі ўдзячны дырэктару каледжа М. М. Лысёнку, яго намеснікам па вучэбнай і вытворчай і па вучэбна-выхаваўчай рабоце Н. А. Шылько і А. К. Дубовік, якія надаюць шмат увагі развіццю спорту. Ну і, вядома, яшчэ адно ключавое звяно — нашы фізічна адораныя навучэнцы».

За спартыўнымі поспехамі сваіх выхаванцаў выкладчыкі каледжа сочаць і пасля таго, як тыя пакінуць сцены навучальнай установы. Юрый Барысавіч з натхненнем пералічвае былых навучэнцаў, якія працягваюць займацца спортам: Аляксей Рабека абараняе гонар віцебскай каманды «Марка», Антон Вярбіцкі —  ігрок «МАПІДа», Арцём Кароль гуляе ў аснове пастаўскага «Атланта-Д». Уладзімір Брылёнак, Сяргей і Аляксандр Дзехцяронкі зараз з’яўляюцца ігракамі футбольнай зборнай Глыбоцкага раёна. Выпускнікі часта наведваюць каледж, дзеляцца сваімі радасцямі і праблемамі.

На заканчэнне нашай размовы пытаюся ў Юрыя Барысавіча, што для яго работа. Адказвае: «Жыццё. Без яе не бачу сябе. А з ёй адчуваю задавальненне ад таго, што займаюся любімай справай, якая, да таго ж, прыносіць вынікі. Сваёй задачай лічу дапамагчы навучэнцам развіць і рэалізаваць іх фізічную падрыхтоўку».

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.