Вырашана на раённым сходзе ўпаўнаважаных

Местная власть

17 мая ў Паставах адбыўся раённы сход упаўнаважаных раёна па вылучэнні кандыдатур і выбранні ўдзельнікаў пятага Усебеларускага народнага сходу. На ім прысутнічалі старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці Вадзім Уладзіміравіч Заранкін і дэпутат, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Мечыслаў Віктаравіч Морхат.

Аўтарытэтныя і кампетэнтныя

Сход адкрыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Віктар Сяргеевіч Гутараў. Кіраўнік раённай вертыкалі праінфармаваў упаўнаважаных і запрошаных на сход, што ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пяты Усебеларускі народны сход пройдзе ў Мінску 22—23 чэрвеня. Яго ўдзельнікамі стануць 2500 чалавек. Вялікая работа па вылучэнні кандыдатур і выбранні ўдзельнікаў народнага форуму праведзена ў Пастаўскім раёне. У працоўных калектывах і воінскіх часцях адбылося 49 сходаў, на якіх выбрана 319 упаўнаважаных на раённы сход. З іх 73 чалавекі прадстаўляюць прамысловасць, лясную гаспадарку і сувязь, 67 — сельскагаспадарчую вытворчасць, 19 — транспарт, 7 — будаўніцтва, 22 — гандаль, 21 — жыллёва-камунальную гаспадарку, 87 чалавек — сацыяльную сферу. 12 упаўнаважаных вылучылі вайсковыя часці і адміністрацыйныя органы. 11 чалавек прадстаўляюць іншыя арганізацыі. 58% упаўнаважаных складаюць жанчыны, 15% — моладзь. Удзельнікі раённага сходу — гэта аўтарытэтныя і кампетэнтныя людзі.

Для работы сходу, вядзення пратакола, рэгістрацыі запытаў, пытанняў і заяў, падліку галасоў былі выбраны прэзідыум, сакратарыят і падліковая камісія.

Затым старшыня райвыканкама В. С. Гутараў выступіў з дакладам аб выніках рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Пастаўшчыны на 2011—2015 гады і аб асноўных палажэннях праграмы развіцця раёна на 2016—2020 гады.

Дэлегацыя ўпаўнаважаных малочнага завода.

Асноўныя параметры выкананы

Падводзячы вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за пяць гадоў, кіраўнік раёна адзначыў, што, нягледзячы на эканамічны крызіс і шэраг іншых аб’ектыўных прычын, у раёне выкананы асноўныя вытворча-эканамічныя параметры, устаноўленыя на мінулую пяцігодку. На 24 прадпрыемствах і ў арганізацыях праведзена мадэрнізацыя вытворчасці. Усяго ў раён інвесціравана больш за паўтара трыльёна рублёў. Асноўнымі аб’ек- тамі з’яўляліся будаўніцтва цэха па вытворчасці цвёрдых сыроў на малаказаводзе і ўстаноўка высока­прадукцыйнай лініі па выпрацоўцы валакна на льнозаводзе.

У 2011 годзе вытворчасць прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах склала 316 млрд, у 2015-ым — 1 трлн рублёў, яе экспарт — адпаведна 29,8 і 37,6 млн долараў. А ў 2014 годзе гэты паказчык перавышаў 41 млн долараў. Раён мае станоўчае сальда экспарту тавараў і паслуг.

На 1 студзеня 2015 года на Пастаўшчыне былі зарэгістраваны 192 камерцыйныя структуры і больш за 700 індывідуальных прадпрымальнікаў. Імі пералічана ў бюджэт больш за 30 млрд рублёў, або 16,3% ад усіх паступленняў.

490 млрд рублёў інвестыцый, 20% якіх склалі крэдыты банка, за апошнія пяць гадоў укладзены ў сельскую гаспадарку. Праведзены тэхнічная рэканструкцыя і перааснашчэнне 14 малочнатаварных ферм. У ААТ “Навасёлкі-Лучай” пабудавана першая і другая чарга робатызаванай МТФ на 920 галоў. Прымяненне сучасных тэхналогій вытворчасці малака дае станоўчыя вынікі. Так, на робатызаванай ферме “Волахі” ААТ “Хацілы-агра” сярэдні надой малака ад каровы склаў летась 7881 кілаграм. Сельгаспрадпрыемствы з году ў год нарошчваюць аб’ёмы жывёлагадоўчай прадукцыі. У параўнанні з папярэдняй пяцігодкай вытворчасць малака ўзрасла на 42,7 тысячы тон, рэалізацыя жывёлы — на 1,7 тысячы. Летась атрыманы рэкордна высокі валавы намалот зерневых і зернебабовых — 85,2 тысячы тон пры сярэдняй ураджайнасці 41,4 цэнтнера. Усяго ў 2015 го­дзе атрымана прадукцыі сельскай гаспадаркі на 530 млрд рублёў. У 2011-ым гэты паказчык складаў 137 млрд рублёў. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, работ і паслуг на аднаго працуючага ўзрасла на 25% і склала ў межах 15 тысяч долараў.

У чацвёртай пяцігодцы паспяхова развівалася будаўнічая галіна. Уведзена ў эксплуатацыю больш за 50 тысяч квадратных метраў жылля, жылы корпус і медыцынскі блок Дуніла­віцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната. За кошт сродкаў Еўрасаюза праведзены капітальны рамонт з мадэрнізацыяй часткі падвальных памяшканняў палаца Тызенгаўзаў, дзе адкрыты новыя залы раённага краязнаўчага музея.

Значны ўклад ў сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна ўносяць дарожныя арганізацыі.

Ідзе галасаванне.

Да паслуг насельніцтва

Больш за 30 млрд рублёў інвестыцый укла­дзена ў асноўны капітал УП ЖКГ. Прадпрыемствам практычна не выкарыстоўваецца імпартуемы прыродны газ, яго замянілі мясцовыя віды паліва. Заменены значныя ўчасткі цеплатрас і вода­праводаў. Выкананы вялікі ­аб’ём іншых работ.

З 389 млрд рублёў у 2011-ым да 1145 трлн рублёў у 2015 годзе павялі­чыўся рознічны тавараабарот. Вядучае месца ў ім належыць райспажыўтаварыству, якое з’яўляецца базавым у Віцебскай вобласці і абслугоўвае насельніцтва раёна праз 89 магазінаў, і большая палова іх знаходзіцца ў сельскай мясцовасці.

Выконваюцца дзяржаўныя стандарты ў сферы абслугоўвання і транспартнага забеспячэння насельніцтва. Ажыццяўляюцца прагрэсіўныя тэхналагічныя і структурныя перамены ў электрычнай і паштовай сувязі, дзе асаблівая ўвага надаецца ўкараненню сучасных найноўшых тэхналогій, павышэнню якасці абслугоўвання насельніцтва. Штогод расце колькасць карысталь­нікаў інтэрнэту. Сёння ў гарадской і сельскай мясцовасці іх налічваецца 8763.

У раёне захавалася сацыяльная накіраванасць бюджэту. 67,6% яго расходаў накіравана ў сацыяльную сферу. У бюджэтнай дзейнасці доля ўласных даходаў узрасла з 48% у 2011-ым да 54% у 2015 годзе. Адзначаецца ста­більная сітуацыя на рынку працы. Узровень беспрацоўя да эканамічна актыўнага насельніцтва ў 2011—2015 гадах стабілізаваўся на адзнацы 0,9%. Летась ён склаў 1,5% пры прагнозе 1,7%.

Дэлегаты Усебеларускага народнага сходу Вольга Юр’еўна Налётава і Таццяна Філіпаўна Крук.

У адукацыйнай і іншых сферах

Пасля правядзення аптымізацыі ў сістэме адукацыі раёна функцыянуюць 42 установы, працуюць 717 педагогаў. Узрос іх прафе­сійны ўзровень: 90,9% педагогаў маюць вышэйшую адукацыю, 77,3% — вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. З 2011 года ў раён прыбыло 46 маладых спецыялістаў. Больш за 70% замацаваліся на рабочых месцах. У раёне створаны ўмовы для развіцця адораных і таленавітых дзяцей. Колькасць выпускнікоў, якія паступаюць у ВНУ, узрасла з 44,6% да 54%.

Створана неабходная база для правядзення спартыўна-масавых мерапрыемстваў і заняткаў фізкультурай і спортам.

Планамерна ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў аховы зда­роўя. За апошнія пяць гадоў на бягучы і капітальны рамонты з усіх крыніц фінансавання асвоена больш за 10 млрд рублёў, на набыццё медыцынскага і іншага абсталявання, аўтатранспарту — звыш 3 млрд рублёў. Для паляпшэння аказання дапамогі хворым укараняюцца новыя тэхналогіі, медыкаментозныя методыкі лячэння захворванняў.

Сярэдняя працягласць жыцця насельніцтва ўзрасла за пяць гадоў з 71,8 да 72,6 года.

Далейшае развіццё атрымалі турызм, аграэкатурызм, культурнае абслугоў­ванне. Найбольш значнымі з’яўляюцца Міжнародны фестываль народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”, фестываль арганнай музыкі “Гучаць старадаўнія арганы Пастаўшчыны”, адкрыццё музейнай экспазіцыі ў палацы Тызенгаўзаў і іншыя. 17 калектываў носяць званні “народны” і “ўзорны”, адзін — заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь.

Заслужаным аўтарытэтам і папулярнасцю карыстаюцца раённыя сродкі масавай інфармацыі. Райгазета “Пастаўскі край” па-ранейшаму мае самы высокі тыраж сярод газет сельскіх раёнаў вобласці. Расце папулярнасць мясцовага тэлеканала “Паставы-ТБ”. Калектывы неаднаразова выходзілі пераможцамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў.

Надзейнымі сацыяльнымі партнёрамі раённай выканаўчай улады ў ажыццяўленні сацыяльных праграм і праектаў з’яўляюцца грамадскія аб’яднанні і арганізацыі: БРСМ, “Белая Русь”, “Беларускі саюз жанчын”, ветэранская, афганская і прафсаюзныя арганізацыі. Актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх значных мерапрыемствах грамадскасць і воіны Пастаўскага гарнізона. Плённа працуюць з органамі ўлады зарэгістраваныя ў раёне рэлігійныя арганізацыі.

Выйсці на вышэйшы ўзровень

Дасягненні ў сацыяльным і эканамічным развіцці раёна і жыцці насельніцтва бясспрэчныя. Гэтага ніхто не будзе адмаўляць. Але відавочным з’яўляецца і тое, што на сённяшні дзень яшчэ не ўдалося вырашыць у поўным аб’ёме некаторыя актуальныя пытанні жыццезабеспячэння раёна. Высокім застаецца ўзровень беспрацоўя. Значна зношаны асноўныя вытворчыя фонды. Не задавальняе работа сельскагаспадарчай галіны. Востра неабходны сродкі для развіцця вытворчасці і камунальнай галіны.

З улікам гэтага і шматлікіх іншых задач і распрацавана стратэгічная праграма развіцця раёна на 2016—2020 гады. Прыярытэтнымі кірункамі развіцця раёна ў новым пяцігоддзі з’яўляюцца нарошчванне прамысловага патэнцыялу, развіццё сельскай гаспадаркі і сацыяльнай сферы. У прамысловасці, якая спецыялізуецца на вырабе харчовай і дрэваапрацоўчай прадукцыі, галоўным аб’ектам з’яўляецца новы комплекс па вытворчасці паркетнай дошкі ПВУП “Пастаўскі мэблевы цэнтр”. Тут будзе створана 80 рабочых месцаў. Гадавы аб’ём выпуску прадукцыі складзе 1 мільён квадратных метраў.

Ключавой задачай на будучае з’яўляецца дыверсіфікацыя экспарту. У гэтым кірунку прадпрыемствы раёна павінны дзейнічаць так, як кіраўніцтва Пастаўскага мэблевага цэнтра.

У сельскагаспадарчай галіне пастаўлена задача карэнным чынам перагле­дзець адносіны і прынцыпы работы ва ўсіх яе звеннях. Сёлета трэба забяспечыць валавы збор зерневых і зернебабовых у колькасці 78600 тон, рапсу — 7500, бульбы — 1600, ільновалакна — 2320 тон, давесці сярэдні надой малака ад каровы да 4000 кілаграмаў. Павелічэнне вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі будзе адбывацца за кошт большай канцэнтрацыі пагалоўя кароў на сучасных малочнатаварных фермах. Важнейшай задачай з’яўляецца выкананне праграмы развіцця мясной жывёлагадоўлі. Для гэтага грамадскі статак трэба забяспечыць таннымі кармамі ўласнай вытворчасці. Рост вытворчасці валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў 2016 годзе павінен скласці 109%. Запланавана далейшае развіццё гандлю, грамадскага харчавання, суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу, устаноў аховы здароўя, культуры і іншых сацыяльных сфер.

Прэзідэнт краіны А. Р. Лукашэнка назваў 2016 год пераломным у пераадоленні негатыўных тэндэнцый у эканамічнай сферы.  Каб выйсці на запланаваныя праказчыкі, патрабуецца ініцыятыўная, зладжаная работа як раённага выканаўчага камітэта, так і кіраўнікоў, спецыялістаў, радавых працаўнікоў. Галоўнымі ў рабоце павінны заставацца клопат пра чалавека, павышэнне дабрабыту і якасці жыцця насельніцтва раёна.

У заключэнне адбыўся канцэрт мастацкай сама­дзейнасці з удзелам лепшых калектываў і выканаўцаў устаноў культуры раёна.

Дэлегаты пятага Усебеларускага народнага сходу

Пастаўскі раён на пятым Усебеларускім народным сходзе будуць прадстаўляць 11 удзельнікаў. Напярэдадні раённага сходу ўпаўнаважаных іх склад быў абмеркаваны ў райвыканкаме і ў грамадскіх арганізацыях. За прапанаваных кандыдатаў удзельнікі раённага сходу прагаласавалі аднагалосна.

Арэхаў Віктар Пятровіч — старшыня раённага Савета дэпутатаў;

Галубёнак Марына Мечыславаўна — галоўны аграном філіяла “Нафтазаводмантаж-агра” адкрытага акцыянернага таварыства “Нафтазаводмантаж”;

Гутараў Віктар Сяргеевіч — старшыня раённага выканаўчага камітэта;

Зямчонак Сяргей Рычардавіч — дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Паставымэбля”;

Крыштафовіч Вячаслаў Іосіфавіч — дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Хацілы-агра”;

Крук Таццяна Філіпаўна — намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы №3 г. Паставы;

Морхат Мечыслаў Віктаравіч — дэпутат, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце;

Налётава Вольга Юр’еўна — урач акушэр-гінеколаг, загадчыца радзільнага аддзялення Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы;

Слядзеўская Алена Валянцінаўна — мастацкі кіраўнік раённага Дома культуры;

Чыжэўскі Дзмітрый Барысавіч, дырэктар вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Завод Беліт”;

Шынкевіч Віктар Мікалаевіч — начальнік службы бяспекі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Матэрыялы да друку падрыхтаваў

Пётр КУРЫЛОВІЧ.

Фота аўтара.

 




Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.