Аднавілі могілкі і памяць

Общество

Пра актыўную дзейнасць руху “Заходні рубеж” наша газета пісала неаднойчы. У цэнтры ўвагі валанцёраў — добраўпарадкаванне пахаванняў Першай сусветнай вайны на тэрыторыі нашага раёна. Работа ў гэтым кірунку працягваецца. 18 красавіка нераўнадушныя да гісторыі роднага краю пастаўчане правялі першы ў гэтым го­дзе суботнік — у парадак прыведзены інтэрнацыянальныя могілкі каля вёскі Мажэйкі Ярэўскага сельсавета.

Аб’ект знаходзіцца на былой лініі фронту. Менавіта на тэрыторыі паміж Мажэйкамі і Вілейтамі падчас самай крывавай бітвы Вялікай вайны — Нарацкай аперацыі — загінула асабліва вялікая колькасць салдат. Ушанаваць іх памяць і было галоўнай мэтай валанцёраў.

Да нядаўняга часу пахаванне знаходзілася ў занядбаным стане. Некалі тут “папрацавалі” так званыя чорныя капальнікі, якія ў пошуках матэрыяльных каштоўнасцей пассоў­валі пліты і многія з іх засыпалі зямлёй, раскапалі магілы. А яны ў сваю чаргу даўно зараслі хмызняком.

— Прыехаць сюды было ў нашых планах даўно, — расказваў адзін з заснавальнікаў руху “Заходні рубеж” Андрэй Мацур. — Аднак спыняла тое, што пахаванне знаходзіцца за два кіламетры ад вёскі ў цяжкадаступнай балоцістай мясцовасці. Ламы, бензапілу і іншы інвентар туды можна пранесці толькі на сваіх плячах. Уласнымі сіламі было не справіцца. Аднак, дзякуючы апублікаванню ў раённай газеце шэрага артыкулаў пра Першую сусветную вайну і наш рух,  адгукнуліся многія пастаўчане, гатовыя супрацоўнічаць з намі на добраахвотнай аснове. Некаторыя тэлефанавалі і дзяліліся цікавай края­знаўчай інфармацыяй. За ўсё гэта вялікая ўдзячнасць.

У суботніку ўдзельнічалі актывісты “Заходняга рубяжа” Андрэй Мацур, Павел Курто і Валянцін Жамойдзь, індывідуальны прадпрымальнік Юрый Сіманька, прадстаўнікі Пастаўскага аддзела РГА “Беларускае казацтва” Ілья Буркевіч і Сяргей Казура, супрацоўнік Браслаўскага краязнаўчага музея Ілья Вашкель, інспектар ДАІ аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Дзмітрый Жук. Прыехаў і гісторык, журналіст, даследчык пахаванняў Першай сусветнай вайны, аўтар кнігі “Битва у Нарочи. 1916” Уладзімір Анатольевіч Багданаў.

Работа кіпела на працягу больш чым чатырох гадзін. Валанцёры высеклі кусты, выраўнялі глебу, акуратна склалі пліты. Перад ад’ездам усклалі вянок і запалілі лампадкі.

— Гэтыя могілкі — аб’ект вельмі незвычайны, — пракаменціраваў Ула­дзі­мір Багданаў. — На старым здымку з фотаальбома нямецкага пяхотнага палка “Граф Барфус” відаць, што літаральна за некалькі крокаў ад іх прахо­дзяць рэйкі вузкакалейнай чыгункі. “Могілкі 16-ці загінулых у сакавіцкім баі на прасецы Мулі, за некалькі метраў ад перадавых пазіцый”, — гаворыцца ў подпісе. Затым яны былі пашыраны. Тут хавалі і салдат, знойдзеных у лясах і на разбураных пазіцыях пасля Нарацкай аперацыі.

Усяго падчас суботніка ўдалося знайсці 35 надмагільных бетонных пліт (у 1930-я гады імі замянялі драўляныя крыжы). Тэксты на іх, у асноўным, чытаюцца і могуць пра многае расказаць.

Самая частая дата смер­ці салдат — 21 сакавіка 1916 года. Гэта быў крытычны для абодвух бакоў дзень Нарацкай аперацыі. На могілках пахаваны прадстаўнікі 17-га, 131-га, 232-га, 227-га, 379-га і іншых пяхотных палкоў. Акрамя таго, неаднаразова сустракаюцца  пліты з подпісамі “невядомы”, “невядомы нямецкі салдат”, нават “10 невядомых нямецкіх салдат 131-га пяхотнага палка”. Гэта толькі падкрэслівае неверагодную напружанасць баёў: у немцаў салдаты рэдка заставаліся невядомымі, а хаваць іх у брацкай магіле наогул было выключэннем з правілаў.

Адна з важных знаходак — пліта з надпісам на польскай мове “невядомыя расійскія салдаты”. Гэта пераводзіць могілкі каля Мажэек з катэгорыі “нямецкія” ў “інтэрнацыянальныя”,  пра што раней не было вядома.

— Менавіта ў гэтыя дні спаўняецца роўна сто гадоў з таго часу, калі прайшлі масавыя пахаванні расійскіх салдат, загі­нулых у сакавіцкай аперацыі 1916 года, — канстатаваў Уладзімір Багданаў. — Больш за месяц тысячы цел заставаліся ляжаць у нейтральных зонах паміж нямецкімі і расійскімі пазіцыямі. Толькі перад Вялікаднем 1916 года бакі дамовіліся пра перамір’е, і на лінію фронту выйшлі спецыяльныя санітарныя атрады і праваслаўныя святары. Салдат хавалі ў брацкіх магілах. На жаль, у пасляваенны час не было іх належнага догляду, таму большасць пахаванняў засталіся невядомымі або закінутымі. Апошнім часам сітуацыя пачынае выпраўляцца ў лепшы бок. У тым ліку і дзякуючы энтузіязму, ініцыятыўнасці пастаўчан.

Іна СНЯЖКОВА.

 Фота А. МАЦУРА і з калекцыі  У. БАГДАНАВА.

Аўтар дзякуе У. БАГДАНАВУ за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу.



1 комментарий по теме “Аднавілі могілкі і памяць

  1. Большое спасибо поисковикам и их помощникам !!!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.