Чакае цікавы сезон

Спорт

Пасля працяглага перапынку на гарадскі стадыён у райцэнтры вярнуўся вялікі футбол. Па добрай традыцыі там прайшоў таварыскі матч, прысвечаны 71-й гадавіне Вялікай Перамогі, паміж камандай “Паставы-ПМЦ”, удзельніцай маючага адбыцца абласнога першынства, і зборнай ветэранаў пастаўскага футбола.

У цудоўнае сонечнае надвор’е гледачы ўбачылі цікавую гульню, бо ў наш горад прыехала шмат  выхаванцаў былой футбольнай акадэміі ПМЦ з іншых куткоў краіны. У адкрытай атакуючай сустрэчы перавагу мелі больш маладыя футбалісты, якія яшчэ да перапынку правялі 5 мячоў у вароты саперніка: тройчы — Уладзімір Камісарчук і па разу — Вадзім Танана і Раман Мядзведзеў.

Пад канец сустрэчы нападаючы ветэранаў Юрый Галаўко пасля няўдала прабітага пенальці ўсё ж здолеў правесці гол прэстыжу, і канчатковы лік на табло стаў 5:1 на карысць каманды “Паставы-ПМЦ”. Галоўны трэнер пастаўчан В. М. Грантоўскі адзначыў, што гульня яму спадабалася, але выніку не трэба надаваць вялікае значэнне, бо неўзабаве нашу гарадскую каманду чакаюць больш сур’ёзныя выпрабаванні. Як і папярэдні, новы чэмпіянат Віцебскай вобласці пройдзе па леташняй схеме, без дзялення на 1-ю і 2-ю лігі. У нашай групе “А” будуць гуляць 7 каманд, сярод якіх сярэбраны прызёр — ФК “Лепель” — і даволі моцныя клубы з Полацка, Глыбокага, Міёр, Шаркаўшчыны. У гэтым сезоне не заявіліся гуляць докшыцкі “Ветразь” і “Дзвіна-Барс” (Верхнядзвінск), але дабавілася каманда з Шуміліна.

На стартавым этапе каманды-ўдзельні­цы згуляюць паміж сабой двойчы і зноў вызначыцца чацвёрка мацнейшых. Да яе дабавяцца чатыры лепшыя клубы з усходняй зоны, якія правядуць затым двухкругавы турнір, праўда, толькі з камандамі другой групы з улікам раней набраных ачкоў у гульнях паміж фіналістамі першынства. Як заўважыў трэнер пастаўчан, наша каманда будзе адной з самых маладых на турніры, бо вялікая група былых яе ігракоў загуляна цяпер у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі за ФК “Віцебск”, наваполацкі “Нафтан”, іншыя каманды эліты і за клуб 1-й лігі “Прамень” (Мінск).

На шчасце, нашу каманду ўзмацнілі сярэбраныя прызёры юнацкага чэмпіянату Беларусі 2013 года ў вышэйшай лізе, студэнты В. Дубін, В. Танана, І. Павініч, П. Пу­чынскі. Па-ранейшаму ў страі вопытныя байцы У. Карага, Р. Зелянкевіч, А. Жарскі, Р. Мядзведзеў і іншыя. Набраліся вопыту маладыя перспектыўныя ігракі М. Прыходзька, С. Міснік, Я. Амбразевіч. Вярнуўся ў каманду пасля службы ў арміі С. Юхновіч. Магчыма, убачым і іншых навічкоў.

Стартавы тур абласнога першынства  28 мая пастаўчане пачнуць гульнёй у Шаркаўшчыне, праз тыдзень дома — матч з Глыбокім.

Уладзімір ШЫК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.