Чаромхавы снег


Зямля млела пад цёплымі прамянямі сонца. Кожны новы дзень — адкрыццё прыемных змен. Нос казыча пах квітнеючай чаромхі і маладой лістоты. Вочы не налюбуюцца яркімі плямамі рознакаляровых цюльпанаў і ганарыстымі нарцысамі, ад непаўторных адценняў далікатных першацветаў соладка замірае сэрца. Толькі вытанчаны густ гарэзніцы вясны ўсё простае, знаёмае з дзяцінства шчодра ператварае ў казку.

Але буйна квітнеючая чаромха не можа абысціся без пагодных сюрпрызаў. Раптам наляцеў халодны вецер, неба зацягнулі цёмныя хмары, пайшоў дождж з градам. Спалохана прыгнулі галоўкі цюльпаны, палеглі нарцысы, мужна трымаліся прымулы, амаль засыпаныя градам.

Непагадзь бязлітасна абрывала цвет з чаромхавых галінак. Белыя пялёсткі сыпаліся на мокрую зямлю, плавалі ў брудных лужынах, светлай мяцеліцай кружыліся ў паветры, абляпляючы аконныя шыбы, дрэвы, парасоны прахожых, запрашаючы людзей палюбавацца незвычайнай з’явай — снегападам чаромхавага цвету. Абганяючы мяне, прабеглі дзяўчаткі-школьніцы. На іх валасах бялела «снежная» замець.

А ноччу прагрымеў першы гром, і шапатлівыя навальнічныя струменьчыкі змылі чаромхавы снег. Раніца іскрылася і зіхацела безліччу дажджавых кропель, кружыў галаву водар клейкага таполевага лісця, а высокі купал неба дапаўняў гэта цудоўнае відовішча.

Радасна ўглядаючыся  ў веснавы дзень, я, быццам смакуючы, піла келіх віна сваёй сталасці, жывучы столькі, колькі паспею ў гэтым кругавароце, створаным Богам.

Нэлла ЛОСЬ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.