Дзе пасеялі раней, там дружныя ўсходы


Сяўбу яравых у адкрытым акцыянерным таварыстве “Сцяг Перамогі-агра” сёлета пачалі 6 красавіка. Там, дзе ў першую чаргу ў глебу было запраўлена насенне аўса, раслінкі дружна ідуць у рост. Неўзабаве і хімпраполку можна будзе пачынаць. А ўвогуле да пачатку мая, нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, у гаспадарцы змаглі пасеяць яравыя на 470 гектарах. Большы аб’ём работ выкананы толькі ў ААТ “Камайскі-агра”, “Навасёлкі-Лучай” і філіяле “Нафтазаводмантаж-агра”.

Галоўны аграном Ігар Турон лічыць, што калі б не перашка­джалі холад і дажджы, то зерневыя пасеялі б даўно, бо ў склад звяна ўваходзяць самыя вопытныя механізатары Іван Маісееў, Віктар Чыпко і Аляксандр Дзюшко, у якіх сеяльныя агрэгаты “АПП-6” і “Лемкен”. Насталі аптымальныя тэрміны сяўбы рапсу і льну, на падыхо­дзе — сяўба кукурузы. Работы вядуцца ў залежнасці ад папярэднікаў і паспявання глебы. Напрыклад, у мінулы панядзелак механізатар Віктар Чыпко да абеду сеяў рапс, а ў другой палове дня пераехаў на поле, дзе будзе вырошчвацца даўгунец. Але разгарнуцца як след сейбіты не могуць, бо глеба ў многіх месцах яшчэ пера­ўвіль­готнена, таму і даводзіцца манеўраваць тэхнікай. Асаблівы кантроль — за трактарамі і глебаапрацоўчымі агрэгатамі. На найбольшых плошчах узаралі глебу Ягор Борыс і  Андрэй Борыс. Перадпасяўную апрацоўку дружна вядуць Дзмітрый Врублеўскі, Руслан Чарняўскі, Уладзімір Петрусевіч. У залежнасці ад надвор’я на дапамогу ім прыхо­дзяць іншыя механізатары.

На падкормцы азімых зерневых, а таксама пашы выдатна папрацавалі Пётр Бальшакоў і Антон Чаховіч. Пасля першай апрацоўкі пасеваў раслінкі значна памацнелі, актыўна пайшлі ў рост. Калі б была магчымасць падсілкаваць іх у другі раз,  гэта паспрыяла б большаму ўра­джаю. Але мінеральных удабрэнняў не хапае, зараз яны  ўносяцца толькі пад яравы рапс і  лён. Адначасова глеба атрымлівае і пэўныя дозы гербіцыдаў.

У ААТ “Сцяг Перамогі-агра” на веснавых палявых работах  пакуль абыходзяцца ўласнымі сіламі, без прыцягнення механізатараў з іншых арганізацый і прадпрыемстваў. Хапае  спецыялістаў і ў агранамічнай і інжынернай службах. Усе яны, як і механізатары, жадаюць аднаго — пагодлівага, цёплага надвор’я, што дало б магчымасць паскорыць тэмпы работ, закласці надзейную аснову ўра­джаю сёлетняга года.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.