Дзядулевы яблыкі


Пра свайго прадзядулю я ведала мала: адну-дзве фразы захавалі ва ўспамінах мой тата і яго сёстры, магіла, якую мы даглядаем, — і ўсё. Прадзед памёр у сям’і другога свайго сына (там больш жыў і працаваў). І вось — пісьмо з Польшчы ад майго дзядзькі. Ён, 87-гадовы чалавек, зусім сляпы, аналізуючы сваё жыццё, з удзячнасцю ўспомніў пра свайго любімага дзядулю і прадыктаваў успаміны сваёй унучцы. А тая даслала нам.

“Мой дзядуля быў вельмі добрым і сціплым чалавекам. Жыў у Ясюках, а прыходзіў за дваццаць кіламетраў да нас, у Таўсціцу, працаваць з панядзелка па суботу. Ніколі не ішоў з пустымі рукамі, заўсёды нам (мне і маім дзвюм сёстрам) прыносіў гасцінцы. Каля нашай новай хаты саду яшчэ не было, таму дзядуля прыносіў нам часцей за ўсё яблыкі. І мы здалёк выглядвалі дзядулю, радасна беглі яму насустрач. Тады мне цяжка было зразумець яго ахвярнасць: яму далёка за 70, а пешшу — 20 кіламетраў, і з хатулямі яблыкаў за плячыма! А якія яны смачныя! Такіх я нідзе больш не сустракаў. У суботу дзядуля зноў пешшу адпраўляўся ў Ясюкі, дзе меў таксама шмат працы. А ў нядзелю разам з жонкай ішоў у касцёл у Варапаева. Памёр дзядуля зімой 1936 года, перад смерцю папрасіў пахаваць у Варапаеве. Яго волю выканалі…”

Каб нас з удзячнасцю ўспаміналі, не трэба гучных слоў і наказаў. Патрэбна толькі канкрэтнае дабро, якое мы робім іншым. Усмешка, пацалунак, казка ў дзяцінстве, яблыкі, прынесеныя за 20 кіламетраў на старэчых плячах…

Аліна ЛАТЫШ, няштатны карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.