Экзотыка ў бюджэтным варыянце

Общество

Гарадскі пасёлак Варапаева, вуліца Ленінская, 40. Гаспадары гэтага дома ўжо не здзіўляюцца, калі ля яго ў чарговы раз прытарможвае незнаёмая машына. Больш за тое, некаторыя выхо­дзяць з яе і просяць дазволу сфатаграфавацца на фоне ўбачанага. Чаму ж не дазволіць? Няхай людзі дакрануцца да прыгажосці, якую яны так натхнёна ствараюць.

Яны — гэта дыспетчар         Варапаеўскага ўчастка         УП ЖКГ Валянціна Ан           тонаўна і яе муж вадзіцель дыстанцыі пуці Мікалай Яўгенавіч Ваштаёнак — гаспадары дома. Парадак падтрымлівалі заўсёды, а апошнія два гады захапіліся вулічным дызайнам. Пачалося з таго, што Валянціна Антонаўна, знаходзячыся ў водпуску, адным зімовым вечарам натрапіла ў інтэрнэце на выяву вельмі сімпатычнага паўліна. “Такі ўпрыгожыў бы наш двор”, — падумала і тут жа ўзялася накідваць эскіз на паперы. Затым вызначылася, якіх памераў бу­дзе паўлін, папрасіла мужа зрабіць каркас. Потым кінула кліч сярод знаёмых — патрабавалася шмат пластыкавых бутэлек. Набраўшы дастатковую іх колькасць, пусціла ў ход нажніцы, стэплер, клей. Калі экзатычная птушка цалкам “абрасла пер’ем” — залюбавалася: першы блін не аказаўся камяком.

Ну а дзе паўднёваму прыгажуну жыць, як не на пальме? І Валянціна ўзялася за выраб паўтараметровага дрэва. Калі на птушку пайшло 60 бутэлек, то на пальму — 150. Каб паўліну не было самотна, гаспадары пасялілі ў двор яшчэ аднаго, а таксама папугая. Затым тут “прапісаліся” сава, галубы, матылькі. Карціну дапаўняюць два перакідныя мосцікі, міні-басейн з жывымі рыбкамі, злоўленымі ў рацэ. Адметна, што на выраб усяго гэтага затрачаны не вялікія сродкі, што можа сабе дазволіць катэгорыя багатых людзей, а сілы і старанне. Такі варыянт добраўпарадкавання даступны сям’і нават з самым сціплым бюджэтам, было б толькі жаданне. На жаль, у некаторых гаспадароў яго не хапае нават на тое, каб навесці элементарны парадак каля ўласнага дома. А ў Ваштаёнкаў пластыкавы жывёльна-раслінны свет бу­дзе і надалей папаўняцца.

Усе новыя яго прадстаўнікі  звычайна “нараджаюцца” зімой, калі ў гаспадароў больш вольнага часу. Зрэшты, і зімой у Валянціны і Мікалая клопатаў хапае, бо на іх падвор’і карова, свінні, бройлеры, сабака, тры каты. Раней упраўляцца па гаспадарцы дапамагалі дзеці, а зараз толькі калі прыязджаюць на выхадныя або канікулы, бо ўсе трое ўжо выпырхнулі з бацькоўскага дома. Таня замужам. Працуе спецыялістам па арганізацыі закупак на Пастаўскім малочным заводзе. Закончыла Маладзечанскі гандлёва-эканамічны каледж, а сёлета — Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт (праз некалькі тыдняў атрымае дыплом юрыста). Гэтым жа летам заканчвае Мінскі дзяржаўны тэхнічны каледж Марына. Яна — будучы бухгалтар. Сярожа два гады таму закончыў кадэцкае вучылішча і паступіў у камандна-інжынерны інстытут Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, набывае спецыяльнасць інжынера-ратавальніка.

Вось яно, галоўнае багацце Ваштаёнкаў, іх працяг і надзея. Ёсць і вельмі моцны тыл — маці Мікалая Марыя Сініфаўна. Старэйшае пакаленне абавязкова ўспомніць яе імя, бо жанчына шмат гадоў працавала кранаўшчыцай на Варапаеўскім заводзе жалезабетонных вырабаў, і наша газета неаднарозава змяшчала на сваіх старонках яе фота­здымкі, пісала пра перадавую работніцу. Працоўная загартоўка захавалася да гэтага часу. Жыве Марыя Сініфаўна ў шматпавярхоўцы непадалёк дома сына і ва ўсім дапамагае яму і нявестцы. Няма ў хатняй гаспадарцы такой работы, з якой бы яна не магла ўправіцца.

Вось такія яны, Ваштаёнкі, — дружныя, працавітыя, творчыя людзі. Хочаце асабіста пераканацца ў гэтым? Загляніце па названым адрасе.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота аўтара.

Ад рэдакцыі: Тэма добраўпарадкавання рэгулярна прысутнічае на старонках нашай газеты. Бу­дзем удзячны, калі вы, паважаныя чытачы, падкажаце нам адрасы дбайных гаспадароў. Не праходзьце раўнадушна і міма запусцення і недагледжанасці. Тэлефануйце на нумары: 4-13-39, 4-11-07.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.