Фэст у гонар святога Андрэя Баболі

Духовность

14 мая ў парафіі Святога Юды Тадэвуша ў Лучаі адбылася адпустовая ўрачыстасць у гонар Святога Андрэя Баболі. Пакутнік Палесся, які лічыцца апекуном Беларусі, штогод асаблівым чынам ушаноўваецца ў лучайскай святыні.

Перад абразом палымянага        прапаведніка, місіянера, «душахвата» распачалася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту. Яна суправаджалася спевам Ларэтанскай літаніі да Маці Божай. Таксама вернікі мелі магчымасць адараваць Пана Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце з адмысловымі разважаннямі і спевамі.

Асаблівым чынам у падрыхтаваных разважаннях была закранута тэма трагічнага часу, у якім дзейнічаў і прыняў пакутніцкую смерць святы. “Андрэй Баболя жыў у часе, пазначаным рознымі падзеламі. Але ён не быў абыякавым да наступстваў гэтых па­дзелаў. Айцец Баболя распачаў канкрэтныя дзеянні па аднаўленні страчанай еднасці. І хаця падаецца, што, з чалавечага пункту гледжання, ён прайграў, бо спазнаў жорсткае пакутніцтва, насамрэч яго служэнне зазнала самы шумны трыумф”.

Адпустовую святую Імшу, якая распачалася ўрачыстай працэсіяй святароў з міністрантамі, узначалілі ксёндз Раман Мурзіч з Параф’янава і пробашч лучайскай парафіі ксёндз Мікалай Ліпскі. Ксёндз Андрэй Возьняк з Пастаў і ксёндз Андрэй Кулік з Дзеркаўшчыны дапамагалі вернікам ачысціць свае душы ў сакраманце пакаяння.

У гаміліі ксёндз Раман Мурзіч спалучыў развагі на дзве святочныя тэмы: Спаслання Духа Святога і жыццяпісу Андрэя Баболі. Нагадваючы пра пакутніцкі шлях святога, ён зрабіў акцэнт на адзінстве, якое імкнуўся сеяць сваімі словамі Святы Андрэй Баболя.

У працэсіі да алтара падчас святой Імшы з традыцыйнымі дарамі — крыжам, хлебам, віном, гостыяй, кветкамі — прадстаўнік ад байкераў нёс сімвалічную мадэль матацыкла (у гэты дзень у Лучай завіталі шматлікія байкеры з Пастаў, Варапаева, Глыбокага, Шаркаўшчыны, Віцебска, Полацка, Вілейкі, Браслава, каб асвяціць свае транспартныя сродкі).

Пасля заключнай Літаніі да Святога Андрэя Баболі і працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамантам вакол святыні вернікі змаглі ўшанаваць рэліквіі святога — рэліквіярый з іх часцінкай быў урачыста дастаўлены ў Лучай тры гады таму.

Сёлета лучайскі касцёл адзначыць 250-гадовы юбілей свайго заснавання, таму пробашч і парафіяне актыўна добраўпарадкоўваюць парк святыні. Чарговым крокам па стварэнні сакральна-паркавага ландшафту стала асвячэнне фігуры апостала Тамаша, ахвяраванай верніцай з Шаркаўшчыны Аленай Зорынай.

Лучайскія святы здзіўляюць штораз. Не выключэнне і першы вясновы парафіяльны фэст: байкеры на асвечаных матацыклах прадставілі гасцям і тутэйшым вернікам незвычайнае відовішча, дэманструючы разнастайныя “піруэты” на двухколавых “конях”. Прысутных чакала і канцэртная праграма ад ансамбля “Ферцінка” з Полацкага раёна з мілагучнымі спевамі на беларускай, польскай і рускай мовах.

Шмат хто з байкераў касцёл наведаў упершыню ў сваім жыцці, і вынікам візіту матацыклістаў у Лучай стала прапанова не толькі зладзіць такое ж свята на закрыццё мотасезона, але і паўдзельнічаць у добраўпарадкаванні прыкасцельнай тэрыторыі — святыня патрабуе не толькі малітвы, але і мужчынскай працы.

Атрымаўшы ад пробашча Мікалая Ліпскага традыцыйнае бласлаўленне на шчаслівае вяртанне дадому, вернікі развітваліся з Лучаем, маючы намер наведаць квітнеючы аазіс духоўнага і культурнага жыцця рэгіёна 26 чэрвеня — у дзень сям’і, а таксама 23 ліпеня, калі падчас фэсту Святой Ганны лучайская святыня адзначыць сваё 250-годдзе.

Алена КЛІМЗА-КОЛТАН.

Фота Сяргея ВШЫЎКАВА.

no images were found



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.