Гісторыя ў асобах


13 мая ў раённым краязнаўчым музеі пачала працаваць выстава васковых фігур з Петрапаўлаўскай крэпасці Санкт-Пецярбурга “Кола гісторыі”. На яе адкрыццё былі запрошаны самыя актыўныя наведвальнікі музея — навучэнцы СШ №3, якім супрацоўнікі ўстановы зрабілі падарунак — магчымасць бясплатна паглядзець экспазіцыю.

Экскурсія пачалася з прагляду відэафільма пра тое, як ствараюцца васковыя фігуры. Майстры гэтай справы з экрана прадэманстравалі працэс нараджэння экспанатаў і расказалі, як няпроста зрабіць копію вядомага гістарычнага персанажа. Тут важна не толькі перадаць знешняе падабенства: рост, камплекцыю, рысы твару, касцюм і г.д., але і надаць рэалізму кожнай дэталі. Напрыклад, зымітаваць колер “скуры” і яе паверхню, каб з’явілася ўражанне, што перад табой жывы чалавек.

Усе экспанаты — а іх выстаўлена 26 — менавіта такія рэалістычныя. Гэта фігуры дзяржаўных і палітычных дзеячаў розных эпох: Пятра І з жонкай Кацярынай і сынам Аляксеем, Івана Грознага, які забівае ўласнага сына, Мікалая ІІ, Грыгорыя Распуціна, Леніна, Маркса, Гітлера, Сталіна, Хрушчова, Гарбачова, Пуціна і іншых. Тут жа можна ўбачыць вядомых паэтаў і музыкантаў, іншых асоб: Аляксандра Пушкіна і яго жонку Наталлю Ганчарову, забойцу паэта Жоржа Дантэса, Моцарта і Сальеры, барона Мюнхгаўзена, Казанову, маркіза дэ Сада са служанкай. І, канешне ж, заснавальніцу Музея васковых фігур мадам Цюссо.

Менавіта з яе пачала знаёміць школьнікаў з экспазіцыяй навуковы супрацоўнік музея М. І. Лапцінская. Марыя Іванаўна змястоўна і цікава расказвала пра кожную гістарычную асобу: чым яна праславілася, якой была пры жыцці і г.д. Таксама навучэнцы маглі самастойна прачытаць гістарычныя даведкі, змешчаныя побач з фігурамі. Яны з інтарэсам слухалі экскурсавода, фатаграфаваліся з экспанатамі.

Дарэчы, фатаграфаванне бясплатнае для ўсіх наведвальнікаў выставы. Уваходны ж білет для дзяцей каштуе 20 тысяч рублёў, для дарослых — 30 тысяч. Не пашкадуйце грошай і зазірніце ў музей! Выстава будзе працаваць да сярэдзіны чэрвеня.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.