І мой тата ішоў у “Бессмяротным палку”

Общество

Дзень Перамогі ў гэтым годзе выдаўся на славу: сонечны, цёплы. У Паставах на плошчы сабралася многа па-святочнаму апранутых людзей. На вуліцы 17 Верасня праводзіўся дзіцячы конкурс малюнкаў на асфальце. Для маленькіх у гарадскім скверы і на плошчы працавалі атракцыёны. Гучала музыка.

Але найбольш мяне ўразіў “Бессмяротны полк”. Мая ўнучка несла партрэт свайго прадзеда — майго таты Сцяпана Вітальевіча Ластоўскага. Фотаздымак быў зроблены падчас святкавання 60-годдзя Перамогі. На ім  тата з кветкамі ў руках і ўсмешкай на твары. І вось, быццам жывы, ён “ішоў” у страі ветэранаў. Побач “крочыў” яго зямляк Норберт Ластоўскі. Не магла стрымаць слёз, убачыўшы на партрэтах мноства знаёмых твараў. І многія з прысутных, каго так ці інакш закранула вайна, таксама.

Успомніліся мінулыя святы Перамогі. Мы ўсёй сям’ёй збіралі тату на парад. Я суправаджала яго, бо быў ужо немалады. Высокі, шыракаплечы, прыгожы. З гордасцю ішла побач з ім. Колькі было ветэранаў гадоў 15-20 таму! Як бадзёра яны крочылі па плошчы пад звон медалёў!

Але, на вялікі жаль, не ўсюды так паважліва ставяцца і да Дня Перамогі, і да памяці тых, хто аддаў за яе жыццё. Вельмі страшна глядзець па тэлевізары, як у некаторых дзяржавах паганяць, разбураюць брацкія магілы. Быццам бы тыя салдаты, што пахаваны там, хацелі ваяваць, быццам бы ім была патрэбна чужая зямля. Я больш чым упэўнена, што ні мой бацька, ні яго сябра-зямляк, які застаўся інвалідам, ні бацька маёй знаёмай з Дунілавіч Люцыян Сеганкевіч, у якога дома засталася цяжарная жонка і які так і не ўбачыў сваю дачку, бо ляжыць зараз на чужыне ў брацкай магіле, — ніхто з іх не хацеў вайны. Але ведаю, што спрадвеку сапраўдныя мужчыны не хаваліся на печы ці ў якіх закутках, калі вораг нападаў на Айчыну, а са зброяй у руках ішлі абараняць сваю зямлю, родных, сваіх дзяцей.

С. ЯКАВІЦКАЯ, г. Паставы.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.