І зробіць, і параіць

Личности

У канцы лютага ва УП “Віцебскаблгаз” адбылося ўзнагароджванне лаўрэатаў звання “Чалавек года газавай гаспадаркі Віцебшчыны”. Адным з іх стаў ва­дзіцель аварыйна-дыспетчарскай службы Пастаўскага раёна газазабеспячэння ВУ “Глыбокаегаз” Віктар Зянонавіч Альхімёнак, якому ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі Ганаровы дыплом і грашовую прэмію.

Сваю працоўную дзейнасць Віктар Зянонавіч пачаў пасля арміі вадзіцелем у калгасе “Чырвоны сцяг”. Праз паўтара года перабраўся ў горад і ўладкаваўся ў райгаз, дзе працуе амаль чатыры дзесяцігоддзі.

— Сюды я прыйшоў у лютым 1979 года на пасаду вадзіцеля аварыйна-рамонтнай машыны, — расказваў ён. — Ездзіў па ўсёй рэспубліцы і ў бліжэйшыя гарады Савецкага Саюза па запчасткі для прадпрыемства, таксама адвозіў іх у Літву, Латвію, Смаленскую вобласць. Практычна ўся дастаўка была на мне. У 1986-ым перайшоў вадзіцелем у аварыйна-дыспетчарскую службу. Тут разам са слесарам займаюся аднаўленнем газазабеспячэння ў жылым сектары і на газаправодах, ліквідую ўцечкі газу.

Дзяжурства ў аварыйна-дыспетчарскай службе арганізавана круглыя суткі ў дзве змены — з 8.00 да 20.00 і з 20.00 да 8.00. Спакойных змен, калі не даводзіцца нікуды выязджаць, практычна не бывае, бо на Пастаўшчыне шмат спажыўцоў як прыроднага, так і звадкаванага газу.

— За змену мы выконваем у сярэднім 6-7 заявак, — працягваў В. З. Альхімёнак. — Але бывае, што паступае і 15. Напрыклад, сёння да абеду прынялі ўжо 5: тры з раёна і дзве з горада. Асабліва шмат званкоў восенню і зімой, калі пачынаецца ацяпляльны сезон і людзі ўключаюць газавыя катлы. Часцей за ўсё тэлефануюць па пытанні іх рамонту. Ён заўсёды розны, паколькі вельмі многа мадыфікацый катлоў. Часам узнікаюць цяжкасці з ухіленнем няспраўнасцей, і тады нашаму майстру прыходзіцца тэлефанаваць у Мінск — кансультавацца ў спецыялістаў.

Фактычна асноўную работу па рамонце выконвае слесар Часлаў Яўгеньевіч Бялапка (пра яго раёнка ўжо пісала год назад таксама ў сувязі з прысваеннем звання “Чалавек года газавай гаспадаркі Віцебшчыны”), Віктар Зянонавіч толькі дапамагае яму. Але калі той прыйшоў у аварыйна-дыспетчарскую службу, В. З. Альхімёнак многаму змог навучыць маладзейшага калегу.

“Вельмі вопытны, адказны, добрасумленны, карыстаецца павагай у калектыве. Калегі звяртаюцца да яго па параду як у рабочых, так і ў жыццёвых пытаннях”, — так характарызаваў свайго падначаленага майстар аварыйна-дыспетчарскай службы А. А. Таразевіч. Пры гэтым адзначыў, што нядаўна служба атрымала новы аўтамабіль. А ўсяго за гады работы ў райгазе праз рукі Віктара Зянонавіча прайшлі чатыры машыны. І да кожнай ён адносіўся з душой, рамантаваў, падтрымліваў у спраўным стане, каб па першым званку выехаць да спажыўца газу і не дапусціць бяды.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.