Імклівыя, як зарніца ў небе


7 мая на базе Пастаўскага авіяцыйнага атрада дзяржаўнай авіяцыйнай аварыйна-выратавальнай установы «Авіяцыя» Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь прайшоў раённы этап традыцыйнай ваенна-спартыўнай гульні «Зарніца», прысвечанай 71-й гадавіне Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Сёлета ўдзел у спаборніцтвах прынялі каманды пяці гарадскіх, Гуцкай і Камайскай сярэдніх школ, а таксама гімназіі.

Прысутных вітаў прадстаўнік авія         цыйнага атрада Сяргей Цяляк. Ён пажадаў удзельнікам поспехаў і запрасіў прадстаўнікоў СШ №1, чыя каманда летась выйшла пераможцай, ва ўрачыстай абстаноўцы ўзняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь.

Гульня, якая складалася з шасці этапаў, пачалася. Першым стаў самы працяглы і складаны конкурс —  марш-кідок з перашкодамі. Падчас яго камандзе, якая складалася з чатырох хлопчыкаў і трох дзяўчат, трэба было ўстанавіць палатку, кінуць гранату ў дзесяціметровы калідор, разабраць і сабраць аўтамат, пераправіцца па бервяне і пераадолець паласу перашкод, якая ўключала мышалоўку  і купіны, а таксама ўчастак хімічнага забруджвання. Затым удзельнікаў чакалі арыентаванне па азімуце са зменай напрамку і транспарціроўка пацярпелага. Найлепшы вынік на гэтым этапе паказала каманда СШ №4. Крыху адсталі ад яе прадстаўнікі гімназіі і Камайскай СШ.

Наступны конкурс — на лепшы «баявы лісток» — патрабаваў ад школьнікаў не выдатнай фізічнай падрыхтоўкі і вытрымкі, а наяўнасць творчых здольнасцей. Прадстаўнікам каманд на загадзя праштампаваных суддзямі лістах неабходна было адлюстраваць конкурсы і спаборніцтвы ваенна-спартыўнай гульні. Найбольш змястоўнымі, арыгінальнымі і па-мастацку аформленымі атрымаліся работы ў каманд СШ №1, Камайскай і чацвёртай СШ.

Тэарэтычныя веды ўдзельнікі спаборніцтваў дэманстравалі ў конкурсе  «Старонкі гісторыі Айчыны», які праводзіўся ў тэставай форме. Юнакі і дзяўчаты адказвалі на пытанні пра асноўныя бітвы Вялікай Айчыннай вайны, гарады-героі, піянераў-герояў, партызанскі рух, палкаводцаў і военачальнікаў, якія прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі, а таксама пра сучасную Беларускую армію, святы і ўзнагароды нашай краіны. Перамаглі каманды СШ №4, Гуцкай і СШ №3.

Конкурс строю і песні прадугледжваў бездакорнае выкананне ўсіх практыкаванняў, выразнасць і зладжанасць рухаў. Тут не было роўных камандам чацвёртай і Гуцкай СШ,  гімназіі. Не менш відовішчным і захапляльным атрымаўся конкурс па перацягванні каната, у якім перамогу святкавалі прадстаўнікі гімназіі, трэцяй і другой сярэдніх школ.

Апошнім этапам спаборніцтваў стала стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, падчас якой трэба было трапіць у мішэнь з дзеся­ціметровай адлегласці. Сярод дзяўчат самымі трапнымі аказаліся Маргарыта Варашкевіч, Вікторыя Дзеравянка і Яна Дубяга. Сярод юнакоў вызначыліся «снайперы» Эдгар Унтан, Віталій Жылевіч і Алег Гірвель. У агульнакамандным заліку па стральбе перамаглі каманды СШ №3, гімназіі і Камайскай СШ. Прызёры гэтага этапа спаборніцтваў узнагаро­джаны граматамі раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ. Каманды, якія занялі прызавыя месцы ў кожным конкурсе, адзначаны граматамі раённага камітэта БРСМ.

У агульным заліку наймацнейшай прызнана каманда СШ №4 (на верхнім здымку). На другім месцы — гімназія, замкнула тройку прызёраў каманда СШ №3. Лідарам агульнакаманднага заліку ўручаны прызы райкама БРСМ, а  пераможцам марш-кідка, конкурсаў строю і песні і па перацягванні каната — памятныя падарункі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Асобна за дапамогу ў правядзенні гульні і су­дзейства арганізатар «Зарніцы», якім выступаў раённы камітэт ГА «БРСМ», адзначыў авіяцыйны атрад дзяржаўнай авіяцыйнай аварыйна-выратавальнай установы «Авіяцыя» Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, Пастаўскае аддзяленне Дэпартамента аховы і вайсковую часць 2044.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

 

no images were found

no images were found

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.