Інвестыцыйны форум

2018-2020 год — Год малой радзімы

12 — 13 мая ў Віцебску, у Палацы спорту, прайшоў V Міжнародны эканамічны форум “Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы”. Ён стаў не толькі сучаснай пляцоўкай для канструктыўнага дыялогу бізнесу і ўлады, паспяховай рэалізацыі сур’ёзных інвестыцыйных праектаў, месцам заключэння выгадных кантрактаў і міжнародных бізнес-сустрэч, але і буйнейшым мерапрыемствам рэгіёна ў сферы энерга­зберажэння.

У рамках форуму былі арганізаваны міжнародныя спецыялізаваныя выставы “Будіндустрыя. Інавацыі ў будаўніцтве”, “Харчовая індустрыя”, “Легпрам-2016”, “Інавацыйныя энергазберагальныя тэхналогіі, абсталяванне і матэрыялы”, а таксама выстаўка-кірмаш вытворцаў Віцебшчыны і розныя мерапрыемствы. Многія з іх наведаў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарснёў і іншыя адказныя службовыя асобы.

Шматлюдна было ля экспазіцый раённых цэнтраў Прыдзвінскага краю, разгорнутых пад назвай  “Інвестыцыйны патэнцыял Віцебскай вобласці. Інавацыйнае развіццё рэгіёна”. Сваю экспазіцыю прадставіў і наш раён. На ёй з мэтай азнаямлення і прыцягнення патэнцыяльных інвестараў было змешчана некалькі  інвестыцыйных праектаў, у тым ліку “Рэканструкцыя і мадэрнізацыя ГЭС “Алешына”, якая належыць ААТ “Варапаеўскі дрэваапрацоўчы камбінат”, “Будаўніцтва аўтазаправачнай станцыі і аб’ектаў прыдарожнага сэрвісу: кафэ і гасцініцы”, “Стварэнне і будаўніцтва турыстычнай базы адпачынку “Азёркі”. Дырэкцыя ўнітарнага прадпрыемства “Завод Беліт”, якое з’яўляецца рэзідэнтам свабоднай эканамічнай зоны “Віцебск”, шукае інвестараў для арганізацыі на ўласных плошчах вытворчасці бытавых электрычных прыбораў і бытавой радыёэлектроннай апаратуры. Раённы выканаўчы камі­тэт зацікаўлены ў будаўніцтве завода па вырабе чарапіцы, цэглы і керамічнай пліткі. Для гэтага на тэрыторыі раёна ёсць два радовішчы гліны — “Голбіца” і “Кураполле”.

Самым прыемным момантам форуму з’явілася ўзнагароджванне лепшых прамысловых прадпрыемстваў за дасягненні ў галіне якасці і за лепшыя тавары. Дыпломы пераможцаў уручылі старшыня аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарснёў і старшыня Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Уладзіміравіч Назаранка. Лаўрэатамі конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынку Ра­сійскай Федэрацыі” прызнаны 10 прадпрыемстваў Віцебшчыны па 14 назвах прадукцыі. У іх ліку ААТ “Пастаўскі малочны завод” за сыры “Галандскі прэміум”, “Груер” і “Пармезан-грант” з масавай доляй тлушчу ў сухім рэчыве 45%. У конкурсе “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь” пераможцамі прызнаны 15 прадпрыемстваў па 26 пазіцыях. Тут лаўрэатам зноў стаў малаказавод за сыры “Расійскі”, “Галандскі” і “Малако харчовае пастэрызаванае смачнае”. У намінацыі “Прамысловыя тавары для насельніцтва і вырабы народных промыслаў” пераможцам прызнаны набор мэблі для кухні “Пастаўчанка-3” адкрытага акцыянернага таварыства “Паставымэбля”. Названым  прадпрыемствам прадастаўлена права размяшчаць лагатып конкурсу на таварах і іх упакоўцы, а таксама ў дакументацыі і рэкламных матэрыялах.

У рабоце Міжнароднага эканамічнага форуму прыняла ўдзел дэлегацыя раёна ў складзе старшыні райвыканкама В. С. Гутарава, яго намесніка па эканоміцы І. І. Несцяронак і начальніка аддзела эканомікі райвыканкама П. Т. Казакевіча.  Яны прысутнічалі таксама на цырымоніі ўручэння ўзнагарод.

На форуме быў падпісаны шэраг міжнародных пагадненняў аб супрацоўніцтве, якія, на агульную думку яго арганізатараў, прынясуць у інвестыцыйную скарбонку Віцебшчыны мільёны долараў і наладзяць дзелавыя кантакты.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.