Каб толькі таго і фальшу


Цыган прадаваў каня. Ездзіў па вёсках, расхвальваў скаціну, а пакупнікоў на яе ўсё не знаходзілася. Каму і патрэбна была цяглавая сіла, пабойваліся звязвацца з цыганом — хоць чым ды падмане. Не верыў яму і Пятро, але і абыходзіцца без каня ўжо не было моцы. Абгледзеў Орліка ад зубоў да капытоў — не бачна фальшу. “Можа, наравісты ці машын баіцца?” — дапытваў прадаўца. А той галаву даваў на адсячэнне, што цаны каню няма — цяглы, у любую работу можна ўпрэгчы, рахманы, машын на дарозе не баіцца. Адно, што толькі на дрэва не залезе.

— Ну, каб толькі таго і фальшу было, — смяяўся Пятро. — Конь жа не малпа. Навошта яму па дрэвах лазіць?

— Так і быць. Пакідаю табе Орліка на двое сутак на іспыты, — заявіў прадавец. — Упадабаеш — прывозь грошы, не — вяртай мне яго назад.

«Экзамен» конь вытрымаў бліскуча — у плузе ішоў роўна, з бараной — гуляючы. Машын не баяўся. Піў, еў як мае быць. Чаго яшчэ жадаць? Узрадаваны Пятро паспяшаўся адвезці прадаўцу грошы, ды яшчэ і добры барыш зладаваў.

Неўзабаве пачаўся сенакос. Сенажаць, што знаходзілася за ракой, скасілі трактарнай касілкай. Над­вор’е стаяла сонечнае, таму сена высахла хутка. Ну а звозіць яго — не праблема, ёсць жа Орлік. Упрог яго Пятро ў тарантас і скіраваў да ракі. Але Орлік, наблізіўшыся да драўлянага моста, стаў як укопаны. Ні ўгаворы, ні пуга, ні спробы перавесці праз мост за аброць поспеху не мелі. Вось тады і дайшоў да гаспадара сапраўдны сэнс цыгановых слоў: толькі на дрэва не залезе. Мост жа драўляны…

Сена Пятро звёз калгасным канём. А ў астатнім Орлік быў усё ж неблагім памочнікам.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.