Калі газета была …металічнай


 

Гартаплаўка, свінцовыя чушкі, лінатып, рыглеты, вярстатка, металічныя гранкі — гэтыя словы з мінулага стагоддзя наўрад ці знаёмыя сённяшняму чытачу газеты. Але ў яе гісторыі яны застануцца назаўсёды. Як і ў памяці паліграфістаў, якія яшчэ 20 гадоў назад зусім па іншай, чым зараз, тэхналогіі займаліся выданнем друкаванай прадукцыі, і ў прыватнасці газет, у тым ліку і нашай.

Чаму ўзгадваю ўчарашні дзень? Таму, каб цаніць сённяшні і падзякаваць тым ветэранам, якія шчыравалі над выпускам газеты. А яна, перш чым выйсці з друкавальнай машыны, рабілася ў метале. Кожны радок быў свінцовым — набіраўся на лінатыпе, загалоўкі — уручную, састаўляючы ў вярстатцы літару да літары. Адна такая металічная паласа важыла кілаграмаў восем. Працэс быў не проста цяжкім і марудным, але і небяспечным з-за выкарыстання свінца.

Пра гэта я час ад часу нагадваю аператарам камп’ютарнага набору і такой жа вёрсткі газеты (а друкуецца яна ў Наваполацку). Рытм іх працы таксама напружаны. Але як шмат значаць  сучасныя тэхналогіі! Былыя паліграфісты ў здзіўленні і захапленні — у іх пару такое нават не снілася.

Сёння, напярэдадні Дня друку, ад усяго рэдакцыйнага калектыву дасылаю віншаванні са святам і найлепшыя пажаданні тым паліграфістам, хто ў свой час працаваў над выпускам раёнкі. Гэта Марыя Аляксандраўна Марозава, Уладзіслава Баляславаўна Першанкова, Ядвіга Аляксандраўна Шляга, Раіса Уладзіміраўна Пракаповіч, Яфімія Ерасцьеўна Курда, Зінаіда Міхайлаўна Дубоўская, Марына Аўгусцінаўна Курыловіч, Антаніна Міхайлаўна Яфімава, Святлана Сяргееўна Багушэвіч, Сяргей Леанідавіч Дзеравянка, Раман Уладзіміравіч Міхалевіч, Ганна Альфонсаўна Памецька. Некаторыя былыя паліграфісты, на жаль, ужо адышлі ў іншы свет, але памяць пра іх жыве ў нашым калектыве.

З нагоды свята шчыра дзякуем і паліграфістам Наваполацкай друкарні, дзе побач з іншымі раёнкамі выходзіць і “Пастаўскі край”, а таксама работнікам паштовай сувязі, якія праводзяць падпіску на газету і займаюцца яе дастаўкай. Усім — поспехаў у працы і асабістага шчасця!

Фаіна КАСАТКІНА.      



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.