Калі нарошчваць вытворчасць прадукцыі, як не цяпер?

Местная власть Сельское хозяйство

У мінулую пятніцу на пасяджэнні райвыканкама разгледжаны вынікі  работы па вытворчасці і рэалізацыі жывёлагадоўчай прадукцыі за красавік і з пачатку года. Затым кіраўнікі і галоўныя спецыялісты зоаветэрынарнай службы сельгаспрадпрыемстваў азнаёміліся з тэхналогіяй арганізацыі пасьбы дойнага статка ў ААТ “Сцяг Перамогі-агра” і асноўнымі патрабаваннямі да нарыхтоўкі  кармоў на стойлавы перыяд.

Практычна без змен

Вынікі за чатыры месяцы фактычна засталіся на ўзроўні першага квартала. Валавая вытворчасць малака і вырошчванне буйной рагатай жывёлы (БРЖ) склалі да мінулагодняга адпаведна 105,4 і 105,2%, а надой ад каровы — 107,5%. Такія сярэднераённыя паказчыкі, у прыватнасці па вытворчасці малака, забяспечаны ў першую чаргу дзякуючы ААТ “Хацілы-агра”, “Навасёлкі-Лучай”, “Кураполле-агра” і АБП “Рассвет Пастаўскі”, дзе назіраецца стабільны рост вытворчасці прадукцыі.

У той жа час у апошні месяц стойлавага ўтрымання жывёлы адбыўся далейшы спад вытворчасці малака ў ААТ “Камайскі-агра”, “Янавіца-агра”, “Сцяг Перамогі-агра”, “Парыж-агра” і СП “Дунілавічы-агра”. Найбольшае зніжэнне надояў — амаль 20% — у ААТ “Ярэва-агра”. У красавіку ад кожнай каровы тут атрымана толькі па 177 кілаграмаў малака.

Палова сельгасарганізацый раёна павялічыла вырошчванне БРЖ. Але гэтага не скажаш пра ААТ “Вярэнькі-агра”, “Янавіца-агра” і некаторыя іншыя, дзе, наадварот, назіраецца зніжэнне па гэтай пазіцыі. Не можа не трывожыць і той факт, што ў цэлым па раёне пагалоўе жывёлы зменшылася на 830 галоў, у тым ліку ў ААТ “Вярэнькі-агра” — на 179, ААТ “Сцяг Перамогі-агра” — на 140.

Асабліва незайздроснае становішча ў грамадскай жывёлагадоўлі ў СП “Дунілавічы-агра”. У красавіку тут надаілі малака на 20,8% менш, чым за такі перыяд летась. Амаль на 30% зменшылася вырошчванне буйной рагатай жывёлы. У гаспадарцы не прымаюць належных мер па паляпшэнні работы на перспектыву. Толькі за красавік недалічыліся 91 галавы БРЖ. Сельгаспрадпрыемства адзінае ў раёне, дзе на працягу студзеня—красавіка менш атрымалі прыплоду цялят. Вялікае і выбыццё цялушак ад агульнай колькасці народжаных.

За недаатрыманне прадукцыі, непрадукцыйнае выбыццё жывёлы, упушчэнні ў вырошчванні рамонтнага маладняку райвыканкам прызнаў нездавальняючай работу кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў “Вярэнькі-агра”, “Янавіца-агра”, “Дунілавічы-агра”, “Камайскі-агра”, “Сцяг Перамогі-агра”, “Ярэва-агра”, “Парыж-агра” і абавязаў іх прыняць дзейсныя меры па павелічэнні аб’ёмаў вырошчвання буйной рагатай жывёлы, вытворчасці малака і павышэнні яго таварнасці.

У маі — з прыбаўленнем

З пераводам жывёлы на пашавае ўтрыманне (а цяпер у полі кругласутачна знаходзяцца 58 гуртоў кароў і 24 — цялушак) павялічваецца колькасць гаспадарак, якія перавышаюць паказчыкі мінулага года. Сярэдні надой ад каровы па раёне ў гэтыя дні ўзрос амаль на кілаграм і складае каля 13 кілаграмаў. Самую высокую прадукцыйнасць — адпаведна 20 і 19 кілаграмаў малака ад каровы — маюць ААТ “Хацілы-агра” і “Навасёлкі-Лучай”. Больш, чым у сярэднім па раёне, надойваюць жывёлаводы ААТ “Кураполле-агра”, “Нафтазаводмантаж-агра”, АБП “Рассвет Пастаўскі”. Паступова ліквідуюць адставанне, дапушчанае з пачатку года, у ААТ “Янавіца-агра”. Дзякуючы таму, што тры гурты кароў тут утрымліваюцца на шматкампанентнай пашы, сярэдні надой ад каровы ў параўнанні з пачаткам месяца ўжо ўзрос у два разы і цяпер перавышае 12 кілаграмаў малака. Прыкметнае прыбаўленне надояў за названы перыяд часу маюць таксама ў ААТ “Сцяг Перамогі-агра”.

Увогуле, сёлетні май для жывёлаводаў Пастаўшчыны выдаўся больш плённым і прадукцыйным. Нягледзячы на тое, што з пачатку года амаль на 350 галоў зменшылася пагалоўе кароў і складае 11560 галоў (чацвёрты паказчык у вобласці), раён па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі займае пятае месца ў вобласці, а па штодзённым надоі малака ад каровы ўвайшоў у першую дзясятку.

— Практыкай даказана, што ў пашавы перыяд пры належнай арганізацыі пасьбы жывёлы можна атрымаць больш за 60% малака ад гадавога валавога надою, — адзначыў першы намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі А. А. Філімонаў. — Пры гэтым затраты кармоў на адзінку прадукцыі зніжаюцца ў сярэднім на 30%, а яе сабекошт — амаль у два разы. Галоўнымі задачамі ў гэты перыяд з’яўляюцца строгае захаванне правілаў пашавага ўтрымання, кармлення і паення кароў. Жывёла павінна атрымліваць у суткі не менш за 60 кілаграмаў травяністых кармоў.

Пра тое, як робяцца разлікі з улікам ураджайнасці зялёнай масы, арганізуецца працэс кармлення і догляду жывёлы на працягу светлавога дня і ноччу, выкарыстоўваюцца перасоўныя даільныя ўстаноўкі і іншае абсталяванне, было расказана пры наведванні ААТ “Сцяг Перамогі-агра”. Нічога новага, звычайная тэхналогія. Але, на вялікі жаль, сёння яе прытрымліваюцца не ва ўсіх гаспадарках. Толькі гэтым можна растлумачыць той факт, што на танных зялёных кармах менш за 10 кілаграмаў малака атрымліваюць за суткі ад кожнай каровы ў ААТ “Ярэва-агра”, “Блакітныя азёры-агра”, “Парыж-агра”, СВК “Андроны”, СП “Дунілавічы-агра”. А на шэрагу ферм названых гаспадарак надоі яшчэ ніжэйшыя.

Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання С. В. Чэпік падкрэсліў, што недахопы ў пашавым утрыманні жывёлы — гэта вынік таго, што шэраг кіраўнікоў і спецыялістаў не ажыццяўляюць належны кантроль на месцах, не аналізуюць прычыны, якія прыводзяць да зніжэння вытворчасці малака і вырошчвання жывёлы. Такога не павінна быць. Сёння ёсць усе магчымасці для далейшага росту вытворчасці і якасці малака, якое па-ранейшаму застаецца асноўнай крыніцай фінансавання гаспадарчай дзейнасці сельгаспрадпрыемстваў.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.