Лепшы малады вадзіцель — навучэнец каледжа

Общество

У рамках дня бяспекі дарожнага руху на аўтадроме раённай арганізацыйнай структуры «ДТСААФ» прайшоў конкурс маладых вадзіцеляў легкавога транспарту «Віражы па правілах». Удзел у ім прынялі трынаццаць аўтааматараў з розным стажам кіравання.

Арганізатары конкурсу — раённы камітэт ГА        «БРСМ» і раённая арганізацыйная структура «ДТСААФ». Такія спаборніцтвы ў нашым раёне праводзіліся ўпершыню. Раней падобны конкурс ладзіўся паміж вадзіцелямі грузавых аўтамабі­ляў. Ён быў вельмі відовішчным і карысным для ўдзельнікаў з практычнага боку, таму сёлета вырашана яго правесці і для вадзіцеляў легкавых аўтамабіляў.

Удзел у конкурсе прынялі члены пярвічных арганізацый ГА «БРСМ» авіяцыйнага атрада ДААВУ «Авіяцыя», аддзялення Дэпартамента аховы, 1-га радыётэхнічнага цэнтра, лясгаса і каледжа. Нароўні з мужчынамі-вадзіцелямі спаборнічала адзіная прадстаўніца жаночага полу, да таго ж з найменшым стажам. Астатнія ўдзельнікі былі даволі вопытнымі — афіцыйны стаж кіравання ў некаторых перавышаў пяць гадоў.

«Віражы па правілах» складаліся з двух абавязковых і аднаго факультатыўнага этапаў. Ацэньвала тэарэтычныя веды і майстэрства кіравання транспартным сродкам судзейская брыгада, у склад якой увайшлі першы сакратар райкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Іна Каралёва, бухгалтар гэтай арганізацыі Алена Цімашэнка, старшы інспектар па адміністрацыйнай практыцы аддзялення ДАІ РАУС Аляксей Залатускі, выкладчыкі ДТСААФ Анатолій Чараваценка, Аляксей Пашкевіч і Вячаслаў Спасібенка. Узначаліў судзейскую брыгаду старшыня раённай арганізацыйнай структуры «ДТСААФ» Валерый Лушчык.

Першы конкурсны этап быў тэарэтычным і складаўся з праверкі ведаў Правілаў дарожнага руху. Канкурсантам неабходна было адказаць на дзесяць пытанняў. Не дапусціўшы ні адной памылкі, хутчэй за ўсіх з заданнем справілася Лізавета Баршчэўская. Крыху саступілі ёй, дапусціўшы па адной памылцы, Сяргей Давідзюк і Аляксей Раманоўскі.

Другі конкурс — фігурнае ва­джэнне аўтамабіля — праду­гледж­ваў выкананне пяці элементаў: удзельнікі перавозілі на даху аўтамабіля ёмкасць з вадой, заязджалі заднім ходам у бокс, пераадольвалі габарытны тунэль, ажыццяўлялі дыяганальную паркоўку, спрабавалі спыніць транспартны сродак такім чынам, каб пярэднія колы знаходзіліся ў паўметровай зоне перад стоп-лініяй. Лепш за ўсіх пераадолеў заяўлены маршрут Яўгеній Каралёў. Следам у выніковым пратаколе размясціліся Міхаіл Скрыдлеўскі і Сяргей Давідзюк.

Завяршыла спаборніцтвы жартоўная віктарына на аўтамабільную тэматыку, у якой вызначыліся Яўгеній Каралёў, Арцём Лойка і Аляксей Раманоўскі.

У агульным заліку, які падводзіўся па выніках двух першых этапаў, самым віртуозным вадзіцелем прызнаны Сяргей Давідзюк, які зараз атрымлівае спецыяльнасць тэхніка-механіка ў Пастаўскім дзяржаўным каледжы. Пасля ўзнагароджвання хлопец прызнаўся, што на перамогу не разлічваў, але ў сваіх сілах быў упэўнены і не хваляваўся. І не дзіва, бо кіраваць аўтамабілем Сяргей умеў ужо ў 10 гадоў. Гэтаму майстэрству яго навучыў дзядуля. На другім месцы — Лізавета Баршчэўская, на трэцім — Яўгеній Каралёў. Пераможцы і прызёры ўсіх конкурсных этапаў узнагароджаны каштоўнымі падарункамі і прызамі.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

no images were found

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.