Ля абеліска і на месцах пахавання ахвяр


Практычна ў кожным буйным населеным пункце Беларусі ёсць помнікі з прозвішчамі падпольшчыкаў, партызан і франтавікоў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў.  У свой час вялікая работа была праведзена і па ўвекавечванні памяці мірных жыхароў і ўраджэнцаў вёскі Васіліны, якія не вярнуліся з фронту. У летапісе ваеннага часу Пастаўшчыны гэты населены пункт вядомы тым, што тут актыўна дзейнічала камсамольска-маладзёжнае падполле. Больш за 20 яго ўдзельнікаў і іх родных, а таксама вясковых актывістаў летам 1942 года сталі ахвярамі фашыстаў. На месцы іх пахавання на могілках устаноўлены два помнікі з прозвішчамі расстраляных патрыётаў. У Васілінах, якія ў свой час былі цэнтрам калгаса “Уперад”, устаноўлены таксама абеліск. На ім увекавечаны імёны больш за 40 мясцовых жыхароў, усіх тых, хто загінуў у падполлі, на франтах Вялікай Айчыннай.

Напярэдадні 71-ай гадавіны Вялікай Перамогі ў  вёску завіталі старшыня Курапольскага сельскага Савета Мікалай Мікалаевіч Яльчык, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Аляксееўна Далецкая, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Мікалаевіч Герасіменка, навучэнцы каледжа — будучыя аўтамеханікі Валерый Колас, Ілья Суслаў і Уладзіслаў Петрашко. Яны зрабілі неабходны рамонт і добраўпарадкавалі тэрыторыю вакол абеліска і ля помнікаў на мясцовых могілках.

— У нашым раёне, як і ў цэлым у Беларусі,  шануецца ўсё, што звязана з гісторыяй Вялікай Айчыннай вайны, — адзначыла І. А. Далецкая. —  За помнікамі і абеліскамі, што ўстаноўлены на тэрыторыі раёна, рашэннем райвыканкама замацаваны ўстановы, арганізацыі, прадпрыемствы. Сёлета, як і ў папярэднія гады, актыўны ўдзел у іх добраўпарадкаванні прынялі прафсаюзы. Мы, у прыватнасці, аддалі даніну памяці васілінцам.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.