Наш юбіляр


Гісторыя дамоў бывае цікавейшай за чалавечае жыццё. Дамы даўгавечней за людзей і робяцца сведкамі некалькіх чалавечых пакаленняў. Я ўпэўнены, каб аднавіць гісторыю якога-небудзь дома, апісаць падзеі, якія ў ім адбываліся, то атрымаўся б цэлы раман-жыццеапісанне. І як магла б узбагаціцца гісторыя.

К. Паўстоўскі

 Яго стагоддзе мы будзем адзначаць гэтай вясной. Менавіта вясной 1916 года пачалося будаўніцтва нашага радзіннага дома ў вёсцы Ясюкі цяперашняга Варапаеўскага сельсавета. Будавалі яго наш прадзед Вінцэнт і дзед Леванар, яго сын. Спачатку той вясной (а можа, і раней) збіралі і звозілі на пляц камяні. Уявіце: без ніякіх прыстасаванняў на воз ускачвалі вялізныя валуны. А як адвезці? Замест звычайных колаў выкарыстоўвалі тоўстыя круглыя калодкі, каб павялічыць плошчу апоры воза. Вялікіх камянёў прывезлі больш за сто, бо трэба было будаваць хату на два канцы: у прадзеда быў і другі сын, Людвік, які выехаў тады на заработкі ў Чыкага.

Пасля куплялі лес. Бярвенні былі тоўстыя, спелыя, смалістыя. (Нават цяпер спецыялісты, паглядзеўшы на “юбіляра”, кажуць: “Яшчэ сто гадоў прастаіць!”)

Пасля рубілі дом. Разам з нашымі дзедам і прадзедам працаваў цясляр з Белага. На жаль, мы не ведаем яго прозвішча. Але майстрам ён быў такім, што ў пазы і зараз іголкі не прасунеш — так шчыльна і акуратна падагнаны адно да аднаго бярвенні.

Палова дома, дзе размясцілася сям’я майго дзядулі, была зроблена раней, бо з 1918 года ў дзядулі і бабулі пачалі нараджацца дзеці. Дом чуў плач і агуканне нованароджаных (у сям’і нарадзілася сямёра дзяцей), калыханкі і гушкалкі. Але чуў і плач па дзецях (трое з іх памерлі малымі ад розных хвароб, чацвёртая — у прыгожую пару дзявоцтва). Побач з цяжкай сялянскай працай былі і радасці:  хрэсьбіны, прыезды гасцей, добрыя ўраджаі…

Другая палова дома так і не дачакалася таго, каму была прызначана: брат майго дзядулі, вярнуўшыся з Чыкага, на заробленыя там грошы купіў вялікі надзел зямлі і кавалак лесу ў графа Пшэздзецкага за дваццаць кіламетраў ад Ясюкоў. Таму мой дзядуля ў 30-я гады давёў да ладу і другую палову хаты.

З прыходам савецкай улады другая палова стала хатай-чытальняй. З яе былі вынесены абразы, на іх месцы з’яві­ліся партрэты Леніна і Сталіна. Тут паказвалі кіно, адбываліся сходы. І тады ўся вёска збіралася ў нашай хаце.

Асабліва цяжка і балюча было нашаму дому ў пасляваенны час: упаўнаважаныя патрабавалі ад вяскоўцаў падпісвацца на пазыкі (а дзе грошай на іх узяць?), выплачваць вялікія падаткі. А ў 1949 годзе пачалі агітаваць за калгас. Часта сходы доўжыліся да раніцы, дадому ўпаўнаважаныя не адпускалі. Ад кожнага дома павінен быў прысутнічаць гаспадар або гаспадыня. Калі трэба было ўправіцца па гаспадарцы мужу — яго змяняла жонка. Людзі засыналі прама на сходзе, седзячы на лаве або лежачы на падлозе. Канкрэтнае чалавечае жыццё, яго інтарэсы не мелі цаны — важным  было будучае шчаслі­вае калгаснае жыццё, якое бачылася ўпаўнаважаным…

Такімі метадамі ў кастрычніку 1949 года быў створаны калгас “Родина”. І палова нашага дома стала калгаснай канторай, за сталом працавала бухгалтар калгаса. Праўда, праз год кантору перанеслі ў іншую вёску (у калгас аб’ядналі некалькі вёсак). Але да сярэдзіны 50-х кіна­ўстаноўка працавала ў нашым доме.

У 1951 годзе дом асірацеў на мужчын: заўчасна памёр ад перажыванняў гаспадар Леванар, а яго сына забралі ў армію на тры гады. Гаспадыня засталася з дзвюма дочкамі…

Пачатак 60-х быў радасным: сын Лявон ажаніўся, потым затопалі ножкі першай яго дачкі Аліны, за ёй — другой, Ганны…

Дом ніколі не ведаў раскошы, але ў ім панавала атмасфера сапраўднай цеплыні і любові. Тут усе працавалі: днём — у калгасе, вечарам — на сваёй зямлі, у садзе і агародзе. Дом прымаў жабракоў. Нават у самыя галодныя пасляваенныя гады вяскоўцы казалі жабракам: “Ідзіце ў хату на два канцы, там вас накормяць”. І сапраўды ў доме іх кармілі: капустай, бульбай, вараным шчаў­ем  (хлеба тады амаль ні ў кога не было)…

Цяпер паўгода дом стаіць пустым, чакае вясны, каб загаманілі ў ім галасы, пачалася праца. Яму прыемна, калі падграбаецца лісце, падразаюцца і абкопваюцца дрэвы і кусты, садзяцца новыя. Ён маладзее, калі ў цёплую раллю кідаецца зерне, кладзецца бульба. Ён шчаслівы, калі пасля працы ўсе збіраюцца ў ім, каб адпачыць, паабедаць, аддацца ўспамінам, калі на агародзе разводзяць вогнішча і смажаць шашлыкі… Тут мы ўсе шмат працуем і дружна адпачываем, тут адзначаем дні нара­джэння і прымаем гасцей.

Успомніце свой радзінны дом. У многіх ён яшчэ ёсць — апусцелы, зарослы быльнягом. Прыедзьце, дакраніцеся да сцен, якія ведалі рукі дзеда, прадзеда. Прытуліцеся да печы, якая да гэтага часу памятае вашых маму і бабулю… І дом адкажа вам ціхай радасцю. Ачысціце вакол яго зямлю ад кустоўя і пустазелля, кіньце ў яе зярняты. Адпачыўшы за шмат гадоў, яна аддзячыць вам шчодрым ураджаем. Ра­дзінны дом вылечыць вас ад многага лішняга: ад лішніх кілаграмаў, ад ляжання на канапе, ад бясконцых серыялаў, ад пустаслоўя тэлефонных размоў. Вашы дзеці спазнаюць смак цяжкай дружнай працы,  радаснага адпачынку і еднасці.

Аліна ЛАТЫШ,

 няштатны карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.