Нашчадкі пераможцаў спявалі пра вайну

Общество

Як і ўся Беларусь, Пастаўшчына шырока адзначыла Дзень Перамогі. Мерапрыемствы з нагоды аднаго з галоўных дзяржаўных свят прайшлі не толькі 9 мая, але і напярэдадні. Адным з іх стала патрыятычная акцыя “Спявае ваенная вясна”, арганізаваная раённым цэнтрам культуры і народнай творчасці.

Месцам правядзення акцыі была абрана пляцоўка перад кінатэатрам “Радзіма”, дзе сабралася нямала гледачоў. Многім нават     не хапіла месцаў на вынесеных на вуліцу крэслах. Паслухаць песні ваенных гадоў у выкананні работнікаў культуры раёна, салістаў вакальнай студыі названага вышэй цэнтра, а таксама выпускні­коў яе кіраўніка А. А. Нікалаевай, якія калісьці займаліся ў “ЮниТе”, прыйшлі людзі самых розных узростаў: і моладзь (нехта нават з маленькімі дзеткамі), і зусім пажылыя гараджане. Яны не шкадавалі апладысментаў артыстам, якія сапраўды пастараліся.

Па словах Аксаны Анатольеўны, абсалютна ўсе спевакі праявілі вялікі энтузіязм пры падрыхтоўцы канцэрта: па сваёй ініцыятыве развучылі па дзве-тры песні, некаторыя — хто цяпер жыве ў Мінску — спецыяльна прыязджалі на рэпетыцыі ў Паставы. Ды і выконвалі творы часоў маладосці сваіх бабуль і дзядуляў з душой, стараючыся данесці да слухачоў глыбінны сэнс кожнага радка і слова. Урачыста і кранальна гучалі з вуснаў юных артыстаў “Баллада о солдате”, “На безымянной высоте”, “Нам нужна одна Победа”, “Катюша”, “Синий платочек”, “Тёмная ночь”, “В лесу прифронтовом” і многія-многія іншыя вядомыя практычна кожнаму песні, якія чаргаваліся з такімі ж глыбокімі вершамі пра вайну і Радзіму. А адзін з удзельнікаў амаль двухгадзіннага канцэрта — навучэнец Гуцкай СШ Арцём Кухальскі — нават выканаў пад гітару песню ўласнага сачынення. Сама канцэртная праграма была пабудавана такім чынам, што слухачы разам з артыстамі зрабілі своеасаблівае падарожжа па ваенных гадах — з грознага 1941-га ў пераможны 1945-ты, уславіўшы неўміручы подзвіг ветэранаў.

Завяршыўся песенна-паэтычны марафон на высокай патрыятычнай ноце — удзельнікі акцыі выканалі кампазіцыю “Это Беларусь — страна моя”.

Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.