Насілле ўзрасло на глебе п’янства


Дамашняе насілле — гэта сістэматычны, з павелічэннем частаты цыкл фізічнага, слоўнага, духоўнага і эканамічнага зневажання з мэтай запужаць, прымусіць, выклікаць страх. Гэта сітуацыі, калі адзін чалавек кантралюе ці спрабуе кантраляваць паводзіны і пачуцці іншага. За такія дзеянні законам прадугледжана адказнасць у адпаведнасці з арт. 154 і 186 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь: штраф, папраўчыя работы на тэрмін да года, арышт на паўгода; арышт на тры месяцы, абмежаванне ці пазбаўленне волі на тэрмін да трох гадоў, абмежаванне волі ад года да трох гадоў, пазбаўленне волі на тэрмін ад года да пяці гадоў.

Сямейнае жыццё, узаемаадносіны паміж блізкімі людзьмі — справа хоць і асабістая, але і яе датычаць агульнапрынятыя грамадствам нормы маралі. Праўда, некаторыя трактуюць іх даволі вольна. Менавіта так і паступаў грамадзянін П., ураджэнец Мінска, які пражываў у адной з вёсак Варапаеўскага сельсавета. Пастаяннай работай сябе не абцяжарваў, жыў лёгка і ва ўчынках дапускаў вольнасці. Тым не менш патрабаванні да акружаючых меў завышаныя. У першую чаргу — да жонкі. Яе, дарэчы, за паводзіны таксама апраўдваць не варта, але да справы гэта дачынення не мае, хоць у многім менавіта такія маральныя адхіленні і становяцца глебай для ўзрастання насілля. Выпадкаў яго праяўлення, устаноўленых і даказаных у хо­дзе следства, у згаданай справе шмат.

Аднойчы, амаль апоўначы вярнуўшыся дадому ў нецвярозым стане, П. неадэкватна адрэагаваў на зусім не мяккую заўвагу сваёй палавіны. Сямейнікі пасварыліся, і мужчына, каб паказаць, хто ў доме гаспадар, “прыклаўся” кулаком да жончынага твару. Працверазеўшы, прасіў прабачэння. Праз месяц зранку з “хворай галавы” ўдарыў жанчыну зноў. Менш чым праз месяц нападпітку штурхнуў падчас сваркі ў грудзі, у выніку чаго тая ўпала. На падлозе прыціснуў яе каленам і збіў кулакамі. Крыху больш як праз два тыдні пасля гэтага зноў моцна штурхнуў і ўжо ляжачую ўдарыў стамескай у бок. Жанчына ў міліцыю скардзі­лася, але потым, памірыўшыся з мужам, свае заявы забірала, прыміралася. Пад Новы год здарыўся чарговы скандал. На гэты раз па дарозе з гасцей. Спачатку біў рукой, а потым нанёс два ўдары нагой па твары. Яго ахвяра прымяніла “забаронены” прыём, што і дазволіла ёй вызваліцца, пакуль чалавек “адыходзіў”. У міліцыю паступіла чарговая заява пацярпелай. Пра прымірэнне размовы яна ўжо не вяла. Крымінальная справа ў адносінах да П. ужо была ўзбу­джана да гэтага выпадку, пра што ён ведаў, але здзекавацца не перастаў. Неўзабаве яго арыштавалі.

Ужо ў судзе пацвердзіў і тое, што біў жанчыну качалкай па галаве, падчас чарговай п’янкі з жонкай і суседам учыніў бойку, паваліў жанчыну на падлогу і пачаў душыць. Тая ўжо захрыпела, але выратаваў сусед.

З паказанняў пацярпелай, сведкаў вынікала, што ўсе гэтыя падзеі разгортваліся на фоне працяглых сумесных п’янак, вяртання мужа ці жонкі ў нецвярозым стане пасля доўгай адсутнасці, пасля ўзаемных папрокаў на нецэнзурнай мове і сварак, біцця вокнаў, мэблі і посуду. І справа няўхільна ішла да забойства ці знявечання.

Абвінавачваны сваю віну прызнаў поўнасцю, факты здзекаў пацвердзіў. Матэрыялы справы сведчылі аб тым, што П. неаднойчы быў асуджаны, але судзімасці пагашаны. Па месцы жыхарства характарызуецца як асоба, якая злоўжывае спіртным, на глебе чаго парушае грамадскі парадак, за што прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, нідзе не працуе, неаднаразова матэрыялы на яго разглядаліся на пасяджэннях савета грамадскага пункта аховы правапарадку і прафілактыкі правапарушэнняў. Чарговае злачынства ўчыніў пасля ўзбуджэння ў адносінах да яго крымінальнай справы, што сведчыць аб нежаданні станавіцца на шлях выпраўлення.

Судом грамадзянін П. прызнаны вінаватым у сістэматычным збіванні і пагрозе забойствам, за што на падставе арт. 186 і ч. 1 арт. 154 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь асуджаны па сукупнасці злачынстваў да пазбаўлення волі тэрмінам на паўтара года з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі, дзе ў адносінах да яго будуць прыняты і прымусовыя меры па лячэнні ад алкагалізму.

Н. МАКСІМОВІЧ, суддзя.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.