Навучыўся сам, майстэрства перадаў іншым

Личности

Сёлета споўнілася 20 гадоў, як Віктар Фаміч Собаль працуе вальшчыкам лесу. А яшчэ гэты год для мужчыны адметны тым, што яму прысвоена званне «Чалавек года Пастаўшчыны».

— Лес вабіў мяне з дзяцінства: улетку і ўвосень пад шатром цяністых дрэў збіраў ягады і грыбы, зімой разам з моладдзю вёскі Ліпнікі хадзіў на лыжах, — успамінае В. Ф. Собаль. — У маім дзяцінстве зімы былі снежнымі, кожныя выхадныя ўрочышча Баяршчына літаральна гуло ад наплыву людзей. Моладзь не сядзела ля манітораў камп’ютараў, а праводзіла вольны час на свежым паветры, ладзіла спаборніцтвы па лыжных гонках. Гэта было і весела, і карысна для здароўя.

Хоць Віктару Собалю і падабалася знаходзіцца ў лесе, пасля службы ў арміі ўладкаваўся шліфоўшчыкам па метале на завод «Беліт» і толькі праз 18 гадоў — вальшчыкам лесу. Спачатку працаваў у Груздаўскім лясніцтве, потым — у лесанарыхтоўчай брыгадзе Пастаўскага лясгаса. Самы бліжэйшы ўчастак лесанарыхтоўкі знаходзіўся за дзесяць кіламетраў ад дома, дабірацца даводзілася і пешшу, і на веласіпедзе, і на матацыкле.

Пасведчанне вальшчыка Віктар Фаміч атрымаў пасля заканчэння курсаў у Бешанковічах. Акрамя гэтага, шмат займаўся самастойна: чытаў спецыялізаваную літаратуру, глядзеў навучальныя фільмы. Набытыя веды і навыкі прымяняў не толькі на рабоце, але і ў конкурсах прафесійнага майстэрства вальшчыкаў лесу. Неаднаразова станавіўся пераможцам раённых, рэгіянальных і абласных спаборніцтваў, удзельнічаў у рэспубліканскіх.

— Для мяне гэтыя спаборніцтвы — сапраўдная аддушына. Сам у іх зараз не ўдзельнічаю, але з захапленнем сачу за выступленнямі Валерыя Лешчыка і Юрыя Альфера, якіх у свой час вучыў рамяству. Радуюся іх шматлікім перамогам, — з гонарам гаварыў пра сваіх выхаванцаў Віктар Собаль.

Апошнія шэсць гадоў В. Ф. Собаль шчыруе ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы раёна. Змяніць месца працы прыйшлося па стане здароўя: пасля перанесенага запалення лёгкіх не захацеў ехаць у далёкую камандзіроўку (а яны апошнія два гады работы ў лясгасе былі рэгулярнымі ). Зараз у яго абавязкі ўваходзіць нарыхтоўка дроў, якія потым ідуць на ацяпленне жылфонду раёна. Пры дапамозе мотапілы ён валіць дрэвы, абразае сукі,  затым акуратна складвае іх у вал, распілоўвае ствол. Тут патрабуюцца фізічная сіла і цягавітасць. Акрамя гэтага, Віктар Фаміч задзейнічаны на добраўпарадкаванні горада: спілоўвае аварыйныя дрэвы, здаровым фарміруе кроны. Работу сваю любіць, але спраўляцца з ёй гуляючы, як раней, ужо не дазваляюць гады.

Разам з жонкай Віктар Собаль выгадаваў дачку, якая падарыла ім дзвюх унучачак. Зараз яны — самая вялікая радасць у жыцці бабулі і дзядулі. Зносіны з імі заўсёды падымаюць настрой, дораць шмат станоўчых эмоцый і настройваюць на аптымістычны лад.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.