Пад дахам любові


З Кацярынай і Сяргеем Курыловіч і іх дзеткамі Надзеяй і Антонам я пазнаёмілася завочна — “зачапіў” здымак, які з мінулага года захаваўся ў электроннай базе рэдакцыі, — усмешлівая мама і яе маленькая копія з дыпломам і шарамі ў руках плюс сур’­ёзны тата і з такім жа строгім мужчынскім позіркам сынок.

Гэты здымак быў зроблены карэспандэнтам газеты         на шоу першакласнікаў, якое ладзілася ў лістападзе ў раённым Доме культуры. З яго і пачалася наша размова з Кацярынай Францаўнай:

— Наша Надзя была ў захапленні ад шоу, — узгадвала мама. — Увогуле, яна сарамлівая, а тут пасмялела, раскрылася. А як старанна рыхтавалася да кожнага конкурсу! Колькі хваляванняў у яе было! Ды і мы з мужам перажывалі. Затое і радасных імгненняў хапіла. Думаю, што не толькі нас, але і ўсіх гледачоў расчуліў момант, калі на заканчэнне выступлення Надзеі Антон, які зусім нядаўна навучыўся хадзіць, паднёс сястрычцы на сцэне ружу.

А колькі такіх кранальных момантаў было і ёсць у кожным будзённым дні! Першыя зубкі і гукі малых, першыя крокі, а потым і поспехі, непасрэднасць і пяшчота, клопат сястрычкі пра браціка і безліч іншых праяў. Калі прыродныя задаткі Антона яшчэ складана разгледзець, то Надзя ўжо заявіла пра сябе ў танцах — з задавальненнем наведвае гурток у раённым цэнтры дзяцей і моладзі, які вядзе надзвычай таленавіты педагог Валянціна Савельеўна Бахановіч, і  дома радасна дэманструе сваё ўменне гасцям, маме і тату, бабулі і дзядулю.

Дарэчы, старэйшыя і малодшыя Курыловічы жывуць пад адным дахам, па вуліцы П. Марозава ў райцэнтры. У Кацярыны і Сяргея была магчымасць пабудаваць кааператыўную кватэру, больш за тое, яны ўжо і адпаведныя дакументы сабралі. Але адной раніцай выйшлі да бацькоў і заявілі: “Мама і тата, вы не будзеце супраць, калі мы застанёмся жыць з вамі?” Вось так, калі абсалютная большасць маладых сем’яў стараецца як найхутчэй дыстанцыравацца ад бацькоў (толькі не ад іх матэрыяльнай дапамогі!), то Курыловічам (ужо тром пакаленням) камфортна разам. І гэта сведчыць як пра мудрасць бацькоў, так і пра памяркоўнасць маладых.

Каця і Сяргей у шлюбе сем гадоў. Пазнаёміліся якраз у дзень яго нара­джэння, калі толькі вярнуўся ў Паставы з тэрміновай службы. Каця тады яшчэ вучылася ў 11-м класе. Праз год згулялі вяселле. Абое атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю (яна — таваравед, ён — аграном), але па спецыяльнасці не працуюць. Каця зараз у дэкрэтным водпуску, Сяргей служыць у авіяцыйным атрадзе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

— Каця прыйшла ў нашу сям’ю зусім маладзенькай — праз паўтара года пасля заканчэння школы, — расказвала яе свякроў Лілія Антонаўна. — Спакойная, ураўнаважаная, яна не па ўзросце адказна ставілася да мацавання сям’і, з першых дзён як губка ўбірала ўсё тое, што я ёй раіла і падказвала. Мне падабаюцца ўзаемаадносіны паміж Кацяй і Сярожам — даражаць адно другім, прыслухоўваюцца да думкі, умеюць саступіць, ніколі падоўгу не крыўдуюць. А якая яна клапатлівая мама! Добрая гаспадыня, любіць займацца выпечкай. Усё робіць хутка і акуратна.

Калі ў Каці і Ліліі Антонаўны больш агульных дзіцячых і кухонных спраў, то ў Сяргея і яго бацькі Анатолія Іосіфавіча — тэхнічна-будаўнічых. Зараз, напрыклад, узводзяць дабудову: расце сям’я — варта і дом пашырыць, каб усім хапала прасторы. А наступае свята — прыемна адзначыць разам, прыняць гасцей. Калі ў сям’і любоў і ўзаемаразуменне, у радасць і будні, і святы.

Фаіна КАСАТКІНА.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.