Падарылі дзецям усмешкі


18 мая ў дзіцячае аддзяленне Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы завіталі вясёлыя клоўны Клёпа, Туся і Ірыска. У іх ролі прыйшлі павесяліць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія знахо­дзяцца на лячэнні ў медыцынскай установе, валанцёры раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа — навучэнкі другога курса дзяржаўнага каледжа Анастасія Бартко, Дар’я Жаваранкава і Анжаліка Пупкевіч. Нагодай стала акцыя “Падары ўсмешку дзецям!”, арганізаваная ў рамках месячніка Чырвонага Крыжа “Актыўнае валанцёрства”.

— Гэты месячнік праходзіць па ўсёй Беларусі з 8 мая па 1 чэрвеня і накіраваны на развіццё і ўмацаванне валанцёрскага руху, паколькі валанцёры — наша асноўная рухальная сіла, — расказвала старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Вольга Анатольеўна Грузд. — Нераўнадушных людзей, якія жадаюць дапамагаць іншым, на Пастаўшчыне сотні, у тым ліку больш за 50 навучэнцаў школ і каледжа. Менавіта дзякуючы ім, сёння мы праводзім названую вышэй акцыю. Асноўная яе мэта — праз смехатэрапію дапамагчы дзецям адаптавацца ў непрывычных для іх умовах — у сценах бальніцы. У сувязі з гэтым хачу падзякаваць за садзейнічанне галоўнаму ўрачу ЦРБ Уладзіміру Мікалаевічу Чакаваму і загадчыцы дзіцячага аддзялення Ніне Сяргееўне Мяркулавай. Вялікае дзякуй раённаму Дому культуры за касцюмы і сцэнарый мерапрыемства, а таксама нашаму спонсару Аляксею Пятровічу Дзехцяру за магчымасць падсаладзіць свята.

А яно атрымалася яркім і цікавым. Дзеткі — іх на той момант у аддзяленні лячылася 11, у тым ліку двое малышоў ва ўзросце да аднаго года — змаглі і пагуляць з клоўнамі ў розныя гульні, і патанцаваць, і парысаваць на паветраных шарыках, якія потым забралі з сабой у палаты, пакінуць адбітак сваёй далоні на ватмане. У канцы кожны атрымаў невялікі салодкі падарунак.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.