Паэзія была яго душой (+фота)

Личности

 

Год назад пайшоў з жыцця наш славуты зямляк — пісьменнік Аркадзь Нафрановіч. 26 красавіка яму споўнілася б 80 гадоў. У гэты дзень у аграгарадку Камаі, дзе жыў паэт, адбыўся шэраг мерапрыемстваў у яго гонар.

“Верным сынам, а не важным панам я сваёй зямлі стараўся быць”

Урачыстасці з нагоды юбілею земляка пачаліся ра­ніцай з Імшы па Аркадзю Іосіфавічу, якую адслужыў у камайскім касцёле ксёндз Яцэк. Разам са святаром родныя, сябры і аднавяскоўцы паэта памаліліся за спачын яго душы, папрасілі ў Бога для яе вечнага спакою на нябёсах. Потым на доме, дзе шмат гадоў пражыў А. І. Нафрановіч, урачыста адкрылі мемарыяльную дошку з яго імем. Нягледзячы на халоднае і дажджлівае на­двор’е, на цырымонію прыйшло шмат людзей, якія ведалі і любілі Аркадзя Іосіфавіча, — яго жонка і сын, сябры-пісьменнікі, суседзі, знаёмыя, навучэнцы Камайскай школы, прадстаўнікі раённай улады.

Першым слова ўзяў намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў, які адзначыў: хоць А. І. Нафрановіч і адышоў у вечнасць, ён па-ранейшаму разам з намі — у сваёй творчасці, цудоўных вершах і прозе, у нашай памяці.

— Ведаю, што многія — і пастаўчане, і тыя, хто жыве далёка за межамі раёна — цікавяцца творчасцю гэтага выдатнага паэта і празаіка, — гаварыў Юрый Мікалаевіч. — І для таго, каб яшчэ адным напамінам пра яго было больш, мы адкрываем мемарыяльную дошку. На ёй змешчаны радкі з верша Аркадзя Іосіфавіча: “Верным сынам, а не важным панам я сваёй зямлі стараўся быць”. І гэта ён даказваў уласным жыццём. Лічу, што дошка будзе знакам таго, што наша зямля багатая на таленавітых людзей, якія яе праслаўляюць.

— Сёння для ўсіх нас — родных і блізкіх бацькі — радасны і адначасова сумны дзень, — прызнаўся сын пісьменніка Валерый Аркадзьевіч Нафрановіч. — Радасны таму, што бачым, колькі людзей прыйшло, каб ушанаваць яго памяць. Бацька часта гаварыў: “Эх, вось бы на гэтым доме калі-небудзь з’явілася мемарыяльная дошка з маім імем…” Сёння яго запаветная мара ажыццявілася. Хочацца верыць, што ён бачыць і чуе нас. Канешне, нічога не было б без удзелу кіраўніцтва райвыканкама і асабіста Юрыя Мікалаевіча Кісялёва, ксяндза Яцэка, усіх землякоў. І я вельмі ўдзячны вам за гэта.

Затым Валерый Аркадзьевіч разам з Ю. М. Кісялёвым пад апладысменты прысутных знялі покрыва з мемарыяльнай дошкі, а ксёндз Яцэк яшчэ раз памаліўся за пісьменніка і асвяціў яе. Таксама ён зачытаў пасланне біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча, які благаславіў добрую справу ў гонар чалавека, вернага ідэалам хрысціянства.

Без вершаў не ўяўляў жыцця

Працягам юбілейных мерапрыемстваў стала літаратурнае свята ў сельскім Доме культуры, дзе сабралася яшчэ больш землякоў паэта — прыхільнікаў яго творчасці.

— Паэты — незвычайныя людзі, бо яны дораць часцінку свайго сэрца і сваёй душы нам. Іх вершы, як маячкі ў акіяне часу, асвятляюць нам шлях, прыводзяць нас да душэўнай гармоніі, — распачалі аповед пра А. І. Нафрановіча вядучыя свята, бібліятэкары Пастаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Іна Раймундаўна Бандарэнка і Валянціна Уладзіміраўна Гірвель.

Пры гэтым заўважылі, што Аркадзь Іосіфавіч усёй душой любіў сваю маленькую радзіму — Мядзельшчыну і вёску Юшкавічы, дзе з’явіўся на свет у сялянскай сям’і. Быў зачараваны такой жа прыгожай азёрнай Пастаўшчынай, вёскай Камаі, яе ваколіцамі. Любіў і абраную на ўсё жыццё прафесію настаўніка, сваіх вучняў, само жыццё. Шмат кранальных, цёплых і шчырых паэтычных радкоў адрасаваў пастаўчанам і Паставам. Але паэта ведалі не толькі на Пастаўшчыне і Мядзельшчыне. У ліку іншых на вечарыну яго памяці прыехаў даўні сябар з Віцебска І. А. Навумчык, якому далі слова.

— Наш сумесны жыццёвы шлях пачаўся ў верасні 1952 года з Пастаўскага педвучылішча, — успамінаў Іосіф Адамавіч. — Чатыры гады мы сядзелі на адной лаўцы. Потым была праца ў розных месцах. Але дзе б ні былі, сустракаліся. Асабліва цёплыя сяброўскія адносіны склаліся ў апошнія 25-30 гадоў. Можна шмат гаварыць пра пісьменніцкі талент Аркадзя Іосіфавіча. Але я скажу пра яго грамадзянскую годнасць і пазіцыю. Праз сваю паэзію, майстэрства настаўніка, гутаркі з людзьмі ён заклікаў паважаць адно аднаго, ганарыцца Беларуссю, нашай культурай, мовай, ужываць яе. Гэта прапаведаваў кожны дзень усё сваё жыццё. За гэта яго паважалі ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў, а рэкамендацыі на ўступленне далі Генадзь Бураўкін і Рыгор Барадулін. Аркадзь Іосіфавіч стараўся, каб жыхары Камайшчыны, вучні і настаўнікі былі знаёмыя з творчасцю гэтых выдатных людзей. Настойліва запрашаў у вёску Бураўкіна, з якім сябраваў. І такая сустрэча адбылася ў гэтым клубе.

Сам А. І. Нафрановіч быў частым і жаданым госцем у раённай бібліятэцы. Заходзіў як чытач, яго запрашалі на розныя мерапрыемствы, ладзілі прэзентацыі новых кніг пісьменніка. Цікавы суразмоўца, выдатны расказчык, ён любіў распавядаць розныя жыццёвыя гісторыі, якіх ведаў мноства.

Але хто можа расказаць пра чалавека лепш, чым яго блізкія? Таму вядучыя вечарыны запрасілі на сцэну Валерыя Аркадзьевіча Нафрановіча. Гаворачы пра бацьку, ён адзначыў: раней, калі чытаў яго вершы, не заўсёды мог да канца ўнікнуць у сутнасць напісанага. Цяпер жа ў кожным вершаваным або празаічным творы знаходзіць нешта, што кранае душу і адкрывае новыя грані ў характары роднага чалавека. Таксама прызнаўся: на працягу гэтага года практычна не расстаецца са зборнікам “Выбранае”, дзе сабраны самыя лепшыя, на думку аўтара, творы. І вельмі рады таму, што землякі шануюць памяць пра бацьку. Значыць, ён недарэмна пражыў сваё жыццё. Валерый Аркадзьевіч зачытаў самы апошні верш, які быў напісаны паэтам незадоўга да смерці і не ўвайшоў у названы вышэй зборнік.

Складаць вершы А. І. Нафрановіч пачаў яшчэ ў школе, калі вучыўся ў 6 класе. Больш сур’ёзна да іх напісання стаў адносіцца падчас працы ў Камайскай СШ. У 1989 годзе ўступіў у літаратурнае аб’яднанне “Світанак” пры рэдакцыі райгазеты “Пастаўскі край” і пачаў друкавацца ў альманаху “Рунь” гэтага аб’яднання, рэспубліканскіх газетах і часопісах. Ён часта паўтараў: “Паэзія — мая душа. Без яе я не ўяўляю свайго жыцця”. Менавіта таму вечарыну памяці пісьменніка бібліятэкары так і назвалі — “Паэзія — мая душа”.

Расказваючы пра жыццёвы і творчы шлях Аркадзя Іосі­фавіча, вядучыя адзначылі, што лёс падарыў яму нямала сустрэч з цікавымі, таленавітымі людзьмі, якія сфарміравалі яго як асобу і паэта. У ліку такіх народны пісьменнік Беларусі Максім Танк, які падтрымліваў і ўхваляў паэтычную дзейнасць свайго маладога калегі па “цэху”, вядомыя кампазітары Леанід Захлеўны і Мікалай Пятрэнка. У сааўтарстве з апошнім А. І. Нафрановіч, які сам добра граў на акардэоне і мандаліне і цудоўна спяваў, напісаў 17 песень і рамансаў, якія склалі зборнік “Мелодыі роднага краю”. Усяго ж на творчым рахунку пісьменніка 9 кніг. Іх можна было ўбачыць на арганізаванай побач са сцэнай выставе. Акрамя названых вышэй, гэта аўтабіяграфічная аповесць “Мая Адысея”, якая ў 2001 годзе была адзначана абласной літаратурнай прэміяй імя У. Караткевіча, зборнікі паэзіі і прозы “Мя­дзельскі мерыдыян”, “Святло Нарачы”, “У пошуках ісціны”, “Горад музыкі і сонца”, “З дарог памяці” і “Сейбі­ты дабра і мудрасці”. Апошняя кніга прысвечана настаўнікам — людзям, з якімі Аркадзь Іосіфавіч працаваў у школах Пастаўскага і Мядзельскага раёнаў.

Многія яго калегі прысутнічалі ў зале. Ад іх імя слова ўзяла настаўніца Мулярскай БШ Яўгенія Ігнацьеўна Ду­біловіч. Яна расказала, што большая частка працоўнай дзейнасці А. І. Нафрановіча прайшла ў Янкішскай школе, вучні якой, стаўшы дарослымі, з вялікай цеплынёй успамі­наюць свайго настаўніка. У Мулярскую школу ён прыйшоў ужо вядомым чалавекам і вопытным педагогам. Адразу ўліўся ў калектыў, умеў знайсці падыход да кожнага.

— Усе любілі з ім пагутарыць, асабліва вясковыя людзі, — гаварыла настаўніца. — Адна жанчына прызналася мне, што кладзе вершы Аркадзя Іосіфавіча за абразы разам з малітоўнікам. І яны сапраўды светлыя і чыстыя, у кожным — часцінка душы паэта.

Яўгенія Ігнацьеўна таксама заўважыла, што А. І. Нафрановіч шмат зрабіў для камайскага касцёла. Будучы праваслаўным, пасябраваў з яго пробашчам і склаў гімн касцёлу, пісаў вершы, прысвечаныя святарам, праводзіў своеасаблівую экуменічную (па збліжэнні праваслаўных і католікаў) працу, удзельнічаў у духоўных сустрэчах. Як і іншыя выступоўцы, Я. І. Дубіловіч зачытала радкі з вершаў земляка. У той дзень яны гучалі і з вуснаў вядучых мерапрыемства, навучэнцаў Камайскай СШ, у выкананні фальклорнага ансамбля “Паазер’е”. А родныя беларускія мелодыі, якія, як і прырода, натхнялі пісьменніка на творчасць, выканалі юныя баяністы школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

no images were found

 



1 комментарий по теме “Паэзія была яго душой (+фота)

  1. Вечнае святло няхай яму свеціць!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.