Паштовыя паслугі — з колаў


Рабочы дзень загадчыцы перасоўнага аддзялення паштовай сувязі С. А. Камінскай і вадзіцеля І. Ф. Казароўца пачынаецца задоўга да васьмі гадзін раніцы. Іван Фёдаравіч правярае тэхнічную спраўнасць аўтама­біля, дапамагае атрымаць пошту для дастаўкі ў сельскія аддзяленні сувязі, карэспандэцыю для жыхароў абслугоўваемых вёсак, загрузіць  тавар. Соф’я Анатольеўна рыхтуе рабочае месца, і яны адпраўляюцца па вызначаным маршруце.

Яго працягласць — 142 кіламетры. За адзін  рабочы дзень паштавікі заязджаюць больш чым у 20 населеных пунктаў. У стацыянарныя аддзяленні сувязі (Навасёлкі, Варапаева, Гуту, Парыж) завозяць увесь прызначаны для іх тавар, газеты, часопісы, пасылкі. На абменных пунктах С. А. Камінская забірае выручаныя  аператарам грошы і суправа­джальныя дакументы. У асобных населеных пунктах іх УАЗік з надпісам “Белпошта” затрымліваецца на гадзіну і больш, і вяскоўцы на месцы могуць аформіць неабходныя плацяжы, атрымаць пенсію. Даязджае поштамабіль са сваімі паслугамі і да невялікіх вёсачак.

— Перасоўныя аддзяленні паштовай сувязі прыйшлі на змену нерэнтабельным стацыянарным, — расказвала С. А. Камінская. — І калі адразу пасля іх закрыцця не ўсе разумелі, як гэта перасоўная пошта зможа замяніць ім аддзяленне сувязі, то цяпер прывыклі, заўсёды нас чакаюць. Тым больш што поштамабіль па тэхнічнай аснашчанасці не саступае гарадскім аддзяленням: ёсць камп’ютарная сістэма, мадэм, счытвальнік інфармацыі з банкаўскіх пластыкавых картак. Усё гэта і дазваляе аказваць поўны спектр паштовых паслуг на высокім і якасным узроўні. Графік у нас стабільны. Акрамя прывычных паслуг, карыстаецца попытам дастаўка тавараў з інтэрнэт-магазінаў. Часам грузавы адсек загружаем імі, як кажуць, пад завязку.

На пошце на колах можна зрабіць камунальныя плацяжы,  унесці сродкі на рахунак мабільнага тэлефона, аплаціць крэдыты некаторых банкаў, інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA. Наяўнасць электронных вагаў дазваляе адправіць бандэроль або пасылку. Разлічвацца можна як наяўнымі грашыма, так і банкаўскімі карткамі.

Многія прыходзяць, каб набыць патрэбны тавар. Ён на перасоўнай пошце ў шырокім асартыменце, цэны на некаторыя віды ніжэйшыя, чым у магазінах. Людзі купляюць не толькі прадукты харчавання, але і бытавую хімію, іншыя тавары. Загадчыца афармляе падпіску на перыядычныя выданні.

Сваю работу Соф’я Анатольеўна лічыць цікавай. Рабочы дзень праходзіць хутка, сумаваць не прыходзіцца. А працаваць з людзьмі, вядома ж, няпроста. Але гэта прыветлівая жанчына знаходзіць кантакт з кожным. У яе свае падыходы і метады. Добразычлівая, усмешлівая, з прыўзнятым настроем, які перадае сваім кліентам і хутка іх абслугоўвае.

У паштовую сувязь яна трапіла выпадкова і вось ужо 11 гадоў у гэтай сферы. Зарэкамендавала сябе з найлепшага боку. Пачынала паштальёнам, затым стала аператарам. На перасоўнай пошце абслугоўвала жыхароў раёна па розных маршрутах. Добра вывучыла іх геаграфію, запомніла кліентаў. З асаблівай радасцю заязджае ў сваю родную вёску Крывое, якая таксама на маршруце. А вадзіцель родам з Варапаева. “З ім лёгка працуецца, — адзначала Соф’я Анатольеўна, — асабліва калі дастаўляем тавар па пасёлку. Іван добра арыентуецца па вуліцах, і мы хутка трапляем па ўказаным адрасе”.

Па выніках работы за мінулы год экіпаж у складзе С. А. Камінскай і І. Ф. Казароўца прызнаны адным з лепшых сярод аддзяленняў сувязі раёна. Выручка ад рэалізацыі паслуг склала 519,1 мільёна рублёў, даходы — 409,2, тавараабарот — 389,5 мільёна рублёў, даходы ад аказання няпрофільных паслуг — 139,9, рэнтабельнасць — 4,6 працэнта. За гэтымі лічбамі вялікае старанне, уменне рэкламаваць тавар, афармляць падпіску не на адно выданне, а ў цэлым — праца на аўтарытэт і давер кліентаў.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.