Планета ведаў па імені гімназія

Образование

Першыя старонкі гісторыі

Гэтай восенню споўніцца 10 гадоў, як у Паставах расчыніла дзверы для навучэнцаў гімназія. 19 красавіка 2006 года раённы выканаўчы камітэт прыняў рашэнне аб рэарганізацыі Пастаўскай базавай школы-інтэрната ва ўстанову адукацыі новага тыпу — Пастаўскую дзяржаўную раённую гімназію-школу-інтэрнат для здольных і таленаві­тых дзяцей. Мэтай было сабраць пад адным дахам здольных, таленавітых і адораных хлопчыкаў і дзяўчынак з усёй Пастаўшчыны і стварыць умовы для іх усебаковага развіцця.

Так 1 верасня 2006-га гімназія прыняла першых 76 навучэнцаў з розных школ горада і раёна, якія, вытрымаўшы конкурсны адбор, паступілі ў 5, 6, 7 і 8 класы. Першы выпуск гімназістаў адбыўся ў 2009/2010 навучальным годзе — тады сцены ўстановы пакінулі 14 выпускнікоў. На сённяшні дзень іх ужо 101, прычым 11 юнакоў і дзяўчат разам з атэстатам аб агульнай сярэдняй адукацыі атрымалі залаты медаль.

Знакавым для ўсяго вучнёўска-педагагічнага калектыву стаў 2010 год. Гімназія паспяхова прайшла дзяржаўную акрэдытацыю, даказаўшы, што мае права насіць прысвоены ёй статус.  А праз 5 гадоў, у 2015-ым, пацвердзіла акрэдытацыю і ў другі раз атрымала сертыфікат Дэпартамента кантролю якасці адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

За 10-гадовую гісторыю яна двойчы мяняла сваю назву. Некаторы час была Пастаўскай дзяржаўнай раённай гімназіяй. А з 2012 года называецца Пастаўская гімназія.

“Вучым і вучымся самі”

Пра тое, што сёння ўяўляе сабой гімназія, над чым працуе і чым можа пахваліцца, — у інтэрв’ю з дырэктарам Славамірам Часлававічам КАРАНЕЎСКІМ:

— Славамір Часлававіч, чым ваша ўстанова адрозніваецца ад звычайных школ?

— Па-першае, адзначу, што ў нас створаны ўсе ўмовы для падтрымкі творчай індывідуальнасці, інтэлектуальнай і даследчай актыўнасці навучэнцаў. Самая галоўная наша задача — задавальненне іх адукацыйных запытаў, паглыбленне ведаў, развіццё мыслення і падрыхтоўка да выбару прафесіі. У адрозненне ад іншых агульнаадукацыйных устаноў вучнёўскі калектыў гімназіі — а ён на сённяшні дзень налічвае 146 гімназістаў 5—11 класаў — фарміруецца на конкурснай аснове з навучэнцаў школ горада і раёна. Штогод мы ажыццяўляем набор у 5 клас па выніках трох іспытаў: матэматыкі, рускай і беларускай моў.

Як гарадскія, так і сельскія дзеці маюць роўныя магчымасці паступлення ў гімназію і навучання ў ёй. Навучэнцы з сельскай мясцовасці забяспечваюцца добраўпарадкаваным інтэрнатам, дзе ва ўсіх жылых пакоях, калідоры і санвузле зроблены рамонт. Для падрыхтоўкі да заняткаў ёсць клас самападрыхтоўкі, для адпачынку абсталяваны бытавы пакой і фае. У распараджэнні гімназістаў камп’ютар, тэлевізар, DVD-прайгравальнік, мікрахвалевая печ. Нашы навучэнцы забяспечаны гарачым харчаваннем, якое ажыццяўляецца за кошт сродкаў бацькоў. Дзеці з сельскай мясцовасці харчуюцца на датацыю дзяржавы. Для тых з іх, хто пражывае ў інтэрнаце, арганізавана чатырохразовае гарачае харчаванне.

— А што можаце сказаць пра адукацыйны працэс?

— Для яго арганізацыі ў нас маюцца 14 вучэбных кабінетаў: 4 — для вывучэння замежных моў, камп’ютарны клас, спецыяльна абсталяваныя кабінеты для выкладання фізікі, хіміі, біялогіі, матэматыкі, рускай і беларускай моў і літаратур, гісторыі, абслуговай працы і камбінаваная майстэрня. Ёсць таксама свой інфармацыйна-камп’ютарны цэнтр. Асаблівасцю адукацыйнага працэсу ў гімназіі з’яўляецца вывучэнне замежнай (пераважна англійскай) мовы на павышаным узроўні — пяць гадзін у тыдзень. З 7 па 9 клас на павышаным узроўні вывучаецца матэматыка. А ў гэтым навучальным го­дзе ў адпаведнасці з заключаным дагаворам з БДПУ імя М. Танка адкрыты 10-ты профільны клас педагагічнага кірунку. Развіта сетка прадметных факультатываў. На базе гімназіі арганізаваны таксама міжшкольныя факультатывы па рускай мове, геаграфіі, матэматыцы і грамадазнаўстве. Факультатыўнымі заняткамі ахоплены 100 працэнтаў гімназістаў.

Асноўная наша мэта — гэта павышэнне якасці адукацыі. Пастаянна вядзём яе маніторынг, які сведчыць, што сярэдні бал паспяховасці навучэнцаў гімназіі складае 8,6. Штогод 96 працэнтаў нашых выпускнікоў паступаюць у ВНУ.

— З года ў год пастаўскія гімназісты выдатна выступаюць на прадметных алімпіядах, фестывалях, прымаюць удзел у навуковых канферэнцыях.

— Так, за 10 гадоў работы ўстановы прызёрамі раённага этапа рэспубліканскай прадметнай алімпіяды сталі 211 дзяцей, якія заваявалі 68 першых, 67 другіх і 76 трэціх месцаў. 25 гімназістаў з’яўляюцца прызёрамі абласнога этапа алімпіяды. На іх рахунку 1 першае, 8 другіх і 16 трэціх месцаў. Добра паказваюць сябе выхаванцы гімназіі і на заключным этапе рэспубліканскіх спаборніцтваў. У 2010/2011 навучальным годзе Святлана Дзеўгуць атрымала ў якасці ўзнагароды на “рэспубліцы” па нямецкай мове магчымасць на працягу месяца стажыравацца ў Германіі.

Праз два гады Кацярына Сушко прывезла дыплом ІІІ ступені па рускай мове. Таксама гімназісты паспяхова прымаюць удзел у дыстанцыйных алімпіядах па рускай і беларускай мовах, інфарматыцы, хіміі, матэматыцы — штогод становяцца пераможцамі між­народнай дыстанцыйнай алімпіяды “Трэцяе тысячагоддзе”, займаюць прызавыя месцы ў раённым і абласным фестывалях між­культурных камунікацый.

За час існавання ў гімназіі склалася сістэма арганізацыі навукова-даследчай работы з навучэнцамі. З 2008 года дзейнічае навуковае таварыства “Глорыя” і праводзіцца раённая вучнёўская навукова-практычная канферэнцыя. Атрыманы ў сценах установы вопыт гімназісты паспяхова прымяняюць на рэгіянальных, абласных і рэспубліканскіх канферэнцыях, адкуль таксама прывозяць узнагароды. Пералічваць іх не буду. Скажу толькі, што па выніках ­удзелу ў алімпіядах і канферэнцыях дзве нашы (цяпер ужо былыя) навучэнкі Кацярына Сушко і Лада Шайтар удастоены Прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. А Віялета Сяменас і Яўгеній Бурак у гэтым навучальным годзе з’яўляюцца прэтэндэнтамі на названую прэмію.

— Дабіцца такіх вынікаў было б немагчыма без вопытных, высокакваліфікаваных педагогаў. Раскажыце, калі ласка, пра іх.

— Адукацыйны працэс у гімназіі ажыццяўляюць 30 педагагічных работнікаў. 28 з іх маюць вышэйшую адукацыю, адзін закончыў аспірантуру. У 20 настаўнікаў педагагічны стаж перавышае 10 гадоў, 11 маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, 10 — першую.

Для таго, каб педагогі маглі даваць дзецям грунтоўныя веды, павышаць сваё прафесійнае майстэрства, у гімназіі ствараюцца ўмовы для іх бесперапыннай шматузроўневай адукацыі праз работу метадычных аб’яднанняў, школ перадавога педагагічнага вопыту, педагагічнага майстэрства, маладога настаўніка, укараненне новых форм арганізацыйна-метадычнага суправаджэння адукацыйнага працэсу. Настаўнікі прымаюць удзел у абласных і рэспубліканскіх навукова-практычных канферэнцыях і семінарах, дзеляцца сваім вопытам на старонках рэспубліканскіх газет і часопісаў. У 2015 годзе была перавыдадзена кніга І. М. Пракаповіча “Чароўны край — Пастаўшчына”. З верасня 2016 года на базе гімназіі рэалізуецца абласны інавацыйны праект “Укараненне мадэлі выкарыстання інтэрактыўных электронных сродкаў навучання ў адукацыйным працэсе ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі”.

— Перад сучаснай школай стаіць шмат задач. Трэба не толькі даць дзецям добрыя веды па прадметах, але і развіць іх, выхаваць сапраўднымі грамадзянамі сваёй краіны. Як вы іх вырашаеце?

— Я ўжо гаварыў вышэй, што ў нас актыўна вядзецца навукова-даследчая і турысцка-краязнаўчая дзейнасць. Пад кіраўніцтвам настаўніка геаграфіі Ігара Міхайлавіча Пракаповіча арганізавана работа гуртка “Terra incognita” (“Зямля невядомая”). Рэалізуецца праект “Краязнаўча-экалагічнае вывучэнне заходніх ваколіц горада Паставы”, праводзяцца края­знаўчыя экспедыцыі. З восені 2013 года гімназісты ўдзельнічаюць у рэалізацыі рэгіянальнага праекта “Малыя рэкі — вялікія праблемы”: прынялі ўдзел у акцыях па ачыстцы рэк Мядзелка і Глодаўка.

Як і ў іншых агульнаадукацыйных установах, у гімназіі ажыццяўляюць сваю дзейнасць дзіцячыя і мала­дзёжныя грамадскія аб’яднанні “БРПА” і “БРСМ”, якія адыгрываюць важную ролю ў выхаванні падрастаючага пакалення. Піянеры і члены пярвічнай арганізацыі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ўдзельнічаюць у акцыях, конкурсах, мерапрыемствах, прысвечаных дзяржаўным святам, урачыстым і памятным датам.

Не забываем і пра спорт. У зімні перыяд на базе гімназіі праходзіць першынство раёна “Абаронца Айчыны” сярод дапрызыўнай моладзі, спаборніцтвы па стральбе і лыжных гонках “Снежны снайпер”, мнагаборстве — “Здароўе”. Ладзіцца таксама ўнутрыгімназічная спартакіяда. На працягу некалькіх гадоў праводзяцца спаборніцтвы з работнікамі РАУС. З мэтай арганізацыі вольнага часу дзяцей і падлеткаў у рамках шостага дня працуюць гурткі, спартыўныя секцыі, факультатывы, праводзяцца выхаваўчыя мерапрыемствы.

Пастаўская гімназія падтрымлівае сувязі з аналагічнымі навучальнымі ўстановамі Глыбокага, Браслава, Полацка, Віцебска. А з 2011 года ажыццяўляе міжнароднае супрацоўніцтва са Швянчонскай гімназіяй імя Жамайціса. Арганізуем сумесныя сустрэчы, анлайн-канферэнцыі, віншуем адно аднаго са святамі, перапісваемся праз электронную пошту. Адным словам, усе мы: і навучэнцы, і педагогі — жывём цікавым, насычаным жыццём.

Дапамагае здзейсніць мары

Чаму дзеці і іх бацькі сярод іншых устаноў адукацыі раёна выбіраюць гімназію? Як адчуваюць сябе хлопчыкі і дзяўчынкі ў яе сценах і якія ўспаміны захоўваюць, пакінуўшы іх? Пра гэта расказваюць цяперашнія і былыя гімназісты.

Даша ШЫЛЕЙ, навучэнка 5 класа:

— У гімназію я перайшла з першай школы. Так захацела сама, бо шмат чула пра яе ад свайго класнага кіраўніка, бацькоў, чытала ў газеце меркаванні гімназістаў. Здаць уступныя іспыты было нескладана. І цяпер, правучыўшыся год, ніколькі не шкадую, што таксама стала гімназісткай. Тут такая цёплая, сяброўская атмасфера! Усе настаўнікі, дырэктар, яго намеснікі ведаюць кожнага вучня, дзеці не сварацца паміж сабой, цягнуцца адно за адным у вучобе. Мне гаварылі, што вучыцца ў гімназіі будзе складаней, чым у школе. Але я як была у 4 класе выдатніцай, так ёй і засталася. У нас вельмі добрыя педагогі, яны ўсё падрабязна тлумачаць на ўроках, цікава іх праводзяць. Напрыклад, па рускай мове мы можам згуляць у “Поле цудаў”, па матэматыцы — прыдумаць гісторыю пра лічбы. Цікавыя мерапрыемствы праводзяцца па суботах. Я заўсёды ў іх удзельнічаю, як і ў алімпіядах па розных прадметах.

Дзмітрый РАДУЛЕВІЧ, навучэнец 10 класа:

— Да 7 класа я вучыўся ў Курапольскай базавай школе. У гімназію паступіў услед за сваёй лепшай сяброўкай Анжалікай Сідаровіч. Прыязджаючы ў вёску, яна расказвала, як тут добра і цікава, як шмат магчымасцей адкрываецца для навучэнцаў. Падумаў: а чаму б самому не паспрабаваць стаць гімназістам? Маё рашэнне падтрымалі бацькі і настаўнікі Курапольскай школы.

Ужо ў першы год вучобы ў гімназіі апраўдаліся ўсе мае надзеі і спадзяванні, звязаныя з гэтай навучальнай установай. Зладжаны, высокапрафесійны настаўніцкі калектыў дае веды, з якімі можна паступіць практычна ў любую ВНУ, на тую спецыяльнасць, якую жадаеш. Я хачу стаць курсантам авіяцыйнага факультэта Ваеннай акадэміі, атрымаць спецыяльнасць тэхніка па абслугоўванні самалётаў. Для гэтага стараюся добра вучыцца, люблю спорт і актыўна ім займаюся. Двойчы выходзіў пераможцам раённай алімпіяды па працоўным навучанні, удзельнічаю ва ўсіх раённых спартыўных спаборніцтвах.

Аляксандр КОЗЕЛ, студэнт 2 курса Інстытута тэалогіі БДУ:

— Гады вучобы ў гімназіі застануцца для мяне самымі светлымі і насычанымі гадамі дзяцінства. За гэта перш за ўсё хачу падзякаваць сваім настаўнікам, якія падзяліліся багатым багажом ведаў і ўласным жыццёвым вопытам. Строгія і адначасова добрыя, яны з разуменнем і любоўю адносіліся да кожнага вучня, вучылі нас працавітасці і таму, што пры жаданні ўсяго можна дасягнуць, трэба толькі заўсёды ісці наперад і не здавацца. І зараз, сутыкаючыся з цяжкасцямі ў сваім жыцці, я ўспамінаю дэвіз “Праз церні да зорак”, з якім пераадольваю ўсе нягоды і перашкоды. Успамінаю таксама наш дружны клас, сваіх гімназічных сяброў, разам з якімі ўдзельнічаў у навуковых канферэнцыях, прадметных алімпіядах, спартыўных спаборніцтвах. На жаль, цяпер, стаўшы студэнтамі, убачыцца атрымліваецца нячаста. Але раз у год мы абавязкова збіраемся ўсім класам на вечар сустрэчы выпускнікоў, кантактуем і ў сацыяльных сетках.

Вераніка МЕЛЕХАВЕЦ, першакурсніца Міжнароднага ўніверсітэта “МИТСО”:

— Як і большасць навучэнцаў, у гімназію я прыйшла ў 5 класе. Што яна значыць для мяне? Гімназія стала тым месцам, дзе пачалося ўсё самае цікавае ў школьным жыцці. Менавіта тут я зразумела, што ўсе жаданні выканальныя, а мэты — дасягальныя, адчула моцную падтрымку з боку настаўнікаў. Тут вялася бесперапынная і захапляльная творчая дзейнасць. Праекты, конкурсы, спаборніцтвы, канцэрты — усё набывала зусім іншы сэнс, бо нам, вучням, была дадзена магчымасць самастойна рыхтаваць гэтыя мерапрыемствы. Таму для мяне, напэўна, самае вялікае значэнне мела гімназічнае самакіраванне. Яно падштурхоўвала да актыўнасці, пошукаў чагосьці новага і цікавага ў руціне падзей, паказала, што такое карпатлівая праца, навучыла адказнасці і стараннасці. У гімназіі я атрымала грунтоўныя веды і змагла паступіць на бясплатнае месца на юрфаку МИТСО. За гэта вельмі ўдзячна ўсім педагогам, з якімі па-ранейшаму падтрымліваю сувязь, хоць і жыву цяпер у Мінску.

Пастаўская гімназія аб’яўляе набор навучэнцаў у 5 клас

Жадаючыя паступіць павінны прадаставіць: заяву на імя дырэктара ўстановы, ксеракопію пасведчання аб нараджэнні дзіцяці, медыцынскую даведку аб стане здароўя.

Дакументы прымаюцца з 25 мая па 1 чэрвеня.

Прэтэндэнты на паступленне здаюць наступныя іспыты:

— рускую мову — 2 чэрвеня,

— матэматыку — 4 чэрвеня,

— беларускую мову — 7 чэрвеня.

Пачатак усіх іспытаў у 11.00.

 

Падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара і з архіва гімназіі.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.