Поруч з натхненнем


Упершыню парог нашай рэдакцыі ён пераступіў у 1994 го­дзе. Прычына прыходу ва ўстанову была самай празаічнай — даць аб’яву. Крыху пазней спатрэбілася размясціць заметку прафілактычнай накіраванасці пра неабходнасць захоўваць бяспеку на чыгунцы (працаваў начальнікам участка Варапаеўскай дыстанцыі пуці). А калі тагачасны рэдактар Пётр Пятровіч Курыловіч прапанаваў напісаць для газеты больш сур’ёзны артыкул, не адмовіўся.

Вопыт супрацоўніцтва са СМІ Ле        анід Альфонсавіч Семянас ужо меў — падчас афіцэрскай службы пісаў у армейскую шматтыражку, дывізіённую газету, нават у  часопісе “Юность” друкаваўся. А яшчэ раней, падчас вучобы ў школе, яго заметкі змяшчаліся ў школьнай насценгазеце, захапляўся фатаграфаваннем. Чаму б не апрабаваць пяро і ў раёнцы? Дэбют — а гэта быў матэрыял пра малую ра­дзіму — вёску Ракіты — і суседнія з ёй Маскалішкі, Койры — удаўся, меў добрыя водгукі і ў рэдакцыі, і сярод чытачоў. З таго часу і пайшло-паехала. Год за годам супрацоўніцтва з газетай станавілася ўсё больш плённым. Прычым шэраг грунтоўных публікацый прысвячаўся менавіта чыгуначнікам, у кагорце якіх аўтар быў ажно 45 гадоў.

— Падчас работы начальнікам участка пуці было шмат неардынарных сітуацый, новых знаёмстваў, размоў з цікавымі людзьмі, — узгадвае Леанід Альфонсавіч. — Між тым пра пуцейцаў у той час амаль не пісалі. Для недасведчанага чалавека іх праца непрыкметная. А яна вельмі адказная і цяжкая — у маразы і завеі, у лівень ці спёку пуці трэба ўтрымліваць у спраўным стане. Вось я і вырашыў аддаць належнае работнікам сталёвых магістраляў.

Так нарадзіўся цыкл публікацый “Заметки с пути”, у якіх апавядалася не толькі пра працоўныя будні пуцейцаў, але і вырысоўваліся характары, паўставалі лірычныя замалёўкі прыроды і жывёльнага свету, прысутнічалі жыццёвыя разважанні.

Нашаму няштатнаму карэспандэнту ёсць што сказаць людзям з газетных старонак, бо ў яго багаты жыццёвы вопыт. Закончыўшы Даўгаўпілскі чыгуначны тэхнікум, а пазней Ленін­градскае вучылішча ваенных зносін, не адзін дзясятак  гадоў адслужыў у чыгуначных войсках. Падраз­дзяленні, якімі камандаваў, будавалі пуці ў Манголіі, Карэліі, на БАМе, у 9 рэспубліках і абласцях СССР, ліквідоў­валі наступствы тэхнагеннай катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Паставы Леанід Альфонсавіч пакінуў у 1964 годзе і вярнуўся сюды праз трыццаць гадоў, выйшаўшы ў запас у званні маёра. Была магчымасць застацца ў Мінску, дзе служыў апошнія гады. Але на сямейным савеце вырашылі асталявацца ў родных мясцінах. Дзе б ні служыў, заўсёды побач была жонка Га­ліна Аляксандраўна. “Яна для мяне не проста любая жанчына, але і брат, і таварыш, і найпершы дарадца, — прызнаецца Леанід Альфонсавіч. — Колькі цяжкасцей і неўладкаванасці давялося зведаць, асаб­ліва падчас службы за Уралам (а гэта сем гадоў), але Галя ніколі ні на што не наракала, умела наладзіць быт. Яна — цудоўны чалавек, клапатлівая маці і бабуля, выдатная гаспадыня. Удзячны лёсу, што паслаў мне такую палавіну”.

Семянасы выхавалі двух годных сыноў. Алег жыве і працуе ў Мінску, Аляксей — у Жодзіне. Радуюць чатыры ўнукі. Прыемны, хоць і вельмі клопатны занятак для Галіны Аляксандраўны і Леаніда Альфонсавіча — дача і сад-агарод на ёй, пра што гаспадар з такой улюбёнасцю таксама расказвае чытачам “Пастаўскага краю”.

Яму ніколі не трэба даваць заданні — у самога мноства тэм. Прычым над кожнай працуе грунтоўна і заўсёды, заглядваючы ў рэдакцыю, прыносіць новы артыкул. А калі той працяглы час не з’яўляецца ў газеце, як і кожны творчы чалавек, хвалюецца: няўжо не падышоў, няўжо ў ім нешта не так?  Усё так, паважаны Леанід Альфонсавіч. І няхай натхненне спадарожнічае вам заўсёды.

Фаіна КАСАТКІНА.

Ад рэдакцыі: Сёння мы расказалі толькі пра аднаго няштатнага карэспандэнта. А як не ўзгадаць матэрыялы Аліны Лявонаўны  Латыш, Ігара Міхайлавіча Пракаповіча, Нэллы Іосіфаўны Лось, Рэгіны Норбертаўны Ластоўскай, Юрыя Уладзіміравіча Катовіча, Івана Паўлавіча Троцкага, нашых юнкораў Анжалікі Кудрашовай, Лізы Танана, Надзі Рудомінай, Каці Юхневіч, Веранікі Ахрановіч, Веры Жаўнярук, многіх іншых вучняў са школ раёна, чые допісы таксама сілкуюць газету. Як у чарговы раз не захапіцца фотаздымкамі Антона Чалея і Сяргея Вшыўкава! Усім дзякуй за супрацоўніцтва! І чакаем вашых новых допісаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.