Праводзіцца дослед на кукурузным полі


Адной з асноўных  кармавых культур у Беларусі з’яўляецца кукуруза. Пры захаванні ўсяго комплексу тэхналагічных патрабаванняў гэта культура нават у няпростых кліматычных умовах захаду Віцебшчыны дае не толькі высокую ўраджайнасць масы, але і зерне,  пра што сведчыць і вопыт работы  ААТ “Навасёлкі-Лучай”. Тут сур’ёзна і патрабавальна ставяцца да вырошчвання кукурузы. У гаспадарцы нарыхтоўваюць у сярэднім да 25 тысяч тон масы і закладваюць штогод 18-20 тысяч тон сіласу.

Сёлета пад кукурузу ў ААТ “Навасёлкі-Лучай” адводзіцца самая вялікая ў раёне плошча — 800 гектараў пры плане 650. На кожны ўнесена ў сярэднім да ста тон арганікі. Глеба таксама ўзбагачана калійнымі ўдабрэннямі, пры сяўбе ўносіцца суперфасфат. Вялікая ўвага надаецца насенню. Сёлета  навасёлкаўцы набылі гатункі “палескі” і “краснадарскі-194”, а таксама купілі ранняспелыя “алмаз” і “матэус”, якія зоймуць больш за 250 гектараў. Нягледзячы на не вельмі спрыяльныя кліматычныя ўмовы, тут адначасова з зерневымі і зернебабовымі, пасадкай бульбы вялі і сяўбу кукурузы. З вясны мінулага года выкарыстоўваецца высокадакладная французская сеялка “MONASEM” , якая адначасова з  насеннем запраўляе ў глебу пэўную дозу мінеральных удабрэнняў.  Новы пасяўны агрэгат (дарэчы, адзіны ў раёне) хутка асвоіў адзін з найвопытнейшых механізатараў Мар’ян Кісель (на здымку). Спорыцца ў яго работа і сёлета. А нядаўна Мар’ян Альбінавіч прымаў непасрэдны ўдзел у закладцы доследу  па вырошчванні на мясцовых землях розных гібрыдаў кукурузы.

Такі эксперымент па дамоўленасці з дырэкцыяй сельгаспрадпрыемства праводзіць сусветна вядомая кампанія “КВС”. З яе прадстаўніком у Беларусі, менеджарам па аграсэрвісе, кандыдатам сельскагаспадарчых навук Вадзімам Вадзімавічам Зеляняк, а таксама кіраўніком гаспадаркі Юрыем Францішкавічам Шымчыкам і галоўным аграномам Верай Васільеўнай Мукель і сустрэліся ў полі. В. В. Зеляняк расказаў, што заснаваная ў 1856 го­дзе ў Германіі кампанія займаецца селекцыяй і насенняводствам розных сельскагаспадарчых культур. Яна прадстаўлена больш чым у 70 краінах свету і займае першае месца па аб’ёмах продажу насення цукровых буракоў і чацвёртае месца ў свеце — па продажы насення кукурузы.У Еўрасаюзе КВС  — бясспрэчны лідар па рэалізацыі гібрыдаў ранняспелай, сярэдняранняй і сярэдняспелай груп гэтай культуры.

У ААТ “Навасёлкі-Лучай” прывяло тое, што гаспадарка з даволі высокімі паказчыкамі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі працяглы час займаецца вырошчваннем кукурузы, выкарыстоўваючы пры гэтым і імпартныя гібрыды. Сёлета на доследным участку поля пасеялі  пяць скараспелых холадаўстойлівых  гатункаў кукурузы фірмы “КВС” і чатыры, якія набыла гаспадарка. Для таго, каб пачаткі поўнасцю паспелі і мелі максімальна нізкую вільготнасць, сяўбу праводзілі з больш нізкай нормай высеву. Сутнасць доследу, як падкрэсліў В. В. Зеляняк, заключаецца ў тым, каб пры аднолькавай тэхналогіі і аднолькавых кліматычных умовах высветліць, які з гібрыдаў у заходнім рэгіёне Прыдзвінскага краю здольны даваць лепшую ўраджайнасць. Гэта будзе садзейнічаць выбару найбольш эфектыўнай тэхналогіі вырошчвання кукурузы, атрыманню яшчэ лепшых ураджаяў.

Што датычыць непасрэдна сяўбы, то кукуруза ў ААТ “Навасёлкі-Лучай” пасеяна ўжо больш чым на 500 гектарах.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.