Прэзідэнта ўразілі пастаўскія кааператары

Местная власть

Майстар-кандытар Святлана Карандашова ўручае букет цукровых фіялак Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку.

У папярэднім нумары райгазеты быў змешчаны матэрыял Беларускага тэлеграфнага агенцтва аб рабочай паездцы Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі ў раёны, пацярпелыя ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, у прыватнасці аб наведванні  вёскі Дабрынь Ельскага раёна Гомельскай вобласці.

У аграгарадку, дзе пражывае каля 800 чалавек,  А.Лукашэнка азнаёміўся з работай шэрага аб’ектаў сацыяльнай сферы, у тым ліку мясцовага гандлёвага  цэнтра Белкаапсаюза, дзе была разгорнута выстава прамысловай і харчовай прадукцыі лепшых вытворцаў спажывецкай кааперацыі краіны. Віцебскі абл­спажыўсаюз прадстаўлялі майстры кулінарнай і кандытарскай справы з Пастаў. Побач з традыцыйнымі вырабамі каўбаснага і квасільна-засолачнага цэхаў, пастаўчане шырока прадставілі прадукцыю здаровага харчавання з паніжаным утрыманнем тлушчу і цукру. Майстар-кандытар Алена Пузан і тэхнолаг кандытарскага цэха Вольга Цыунель прыгатавалі тарты, пірожныя, пячэнне, кексы і іншую выпечку з выкарыстаннем капусты тушанай і морквы са смажанай цыбуляй, буракоў, бульбы, тварожных напаўняльнікаў і іншых інгрэдыентаў. Нягледзячы на незвычайныя спалучэнні прадуктаў, вырабы атрымаліся смачныя, прывабныя, зацікавілі спецыялістаў і многіх наведвальнікаў выставы.

Кіраўнік дзяржавы быў асабліва ўражаны сапраўднымі шэдэўрамі кулінарнага майстэрства, якія прадэманстравалі майстар-повар Галіна Зямчонак і майстар-кандытар Святлана Карандашова. Яны неаднаразова ўдзельнічалі ў розных прэстыжных міжнародных і рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях, маюць шматлікія ўзнагароды, у тым ліку залатыя медалі, дыпломы пераможцаў і лаўрэатаў. Пастараліся пастаўскія кааператары і на гэты раз. Галіна Зямчонак спецыяльна для Прэзідэнта прыгатавала падарункі — вялікі пернік і велікоднае яйка. Святлана Карандашова ўручыла кіраўніку дзяржавы букецік цукровых фіялак. Аляксандр Лукашэнка ў гутарцы з імі высока ацаніў вырабы, у тым ліку шыкоўныя цукровыя кветкі, карвінг.

Намеснік дырэктара філіяла “Каапгандаль №2” па грамадскім харчаванні Крысціна Красоўская, якая прымала непасрэдны ўдзел у афармленні пастаўскай экспазіцыі, расказвала, што была вельмі ўражана ўвагай кіраўніка дзяржавы да работы кандытараў і высокай ацэнкай, дадзенай ім. Гэта стане добрым стымулам для далейшага росту прафесійнага майстэрства, пошуку новых магчымасцей.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.