Радасць са слязамі на вачах


Ірына Мацвееўна Валанцей (у дзявоцтве — Купрэвіч) прыехала з Вільнюса да пляменніка ў Паставы якраз напярэдадні Дня Перамогі. У дзень святкавання разам пайшлі на гарадскую плошчу. Але яна і ўявіць не магла, што стане не звычайным гледачом, а адным з віноўнікаў урачыстасці, падчас якой ушаноўвалі як ветэранаў вайны, так і былых вязняў.

Дастаткова          было яе сяб         роўцы Лёлі Масцяніцы ўслых зазначыць, што і вільнюская госця — малалетні вязень, як арганізатары свята правялі і пасадзілі Ірыну Мацвееўну ў пярэдніх радах, а школь­нікі падарылі ёй кветкі. Такая нечаканая ўвага расчуліла жанчыну да слёз.

…Іры было ўсяго чатыры гадочкі, калі фашысты ўварваліся ў іх вёску Лук’янавічы Мядзельскага раёна і спалілі яе дашчэнту, а жыхароў вывезлі ў Нямеччыну. У вагонах, якія былі без даху, холад прабіраў да касцей. Дзяўчынка ў дарозе цяжка захварэла і наў­рад ці даехала б жывой на чужыну, калі б яе маці не была траўніцай. На кожным працяглым прыпынку яна выходзіла з поезда, адшуквала ў полі ці лузе травы, лячыла імі дачушку.

— У лагер “Брандэнбаўм” у горадзе Любэк мы трапілі ўсёй сям’ёй: бацькі і трое дзяцей, — расказвала І. М. Валанцей. — Але там нас разлучылі. Бацькі працавалі на пясчаным кар’еры, 15-гадовы брат — у лагеры для падлеткаў, мы з 10-гадовай сястрой знаходзіліся ў дзіцячым бараку.

Ірына Мацвееўна і праз дзесяцігоддзі памятае калючы дрот, вялізных аўчарак. Нараў у іх бараку не было, толькі саломы накідана, у якой яны і спалі, і гулялі, і плакалі горкімі слязамі. Толькі калі дзеці ад барачнай цемнаты сталі слепнуць, іх пачалі выводзіць у двор на прагулкі. А што за ежа была — смяр­дзючая баланда. Дзяўчынка не магла праглынуць і некалькі лыжак — адразу ванітавала. Ад яе засталіся толькі скура ды косці. Напэўна, і памерла б з голаду, каб не сястра, якой даводзілася з’ядаць і сваю, і Ірыніну порцыю, бо калі б баланда аказалася няз’едзенай, не далі б і кавалачка хлеба.

Лагер дзяліўся на зоны: італьянскую, французскую, рускую. Італьянцам і французам дапамагаў Чырвоны Крыж, рускім — не. Як самай маленькай і схуднелай французы змайстравалі для Іры маленькія драўляныя чаравічкі, кідалі ёй то сухарык, то пячэніну. Колькі было радасці! Да таго часу, пакуль старэйшыя дзеці не ўвялі ў вушы, што яе спачатку прыкормяць, а потым забяруць да сябе. Страх аказаўся мацнейшым за голад — перастала падбіраць ежу.

Калі малых вязняў даймаў толькі голад, то дарослых знясільвала яшчэ і цяжкая праца. Ірына маці важыла 40 кілаграмаў і аднойчы ў кар’еры страціла прытомнасць. Калі б гэта заўважылі наглядчыкі, адразу расстралялі б і закапалі на месцы, як гэта ўжо было з іншымі нявольнікамі. Уратавалі французы, якія працавалі непадалёк: далі вады, нейкай ежы. І жанчына ачуняла.

На шчасце, уся сям’я Купрэвіч уцалела ў фашысцкай няволі. А калі ў верасні 1945-га вярнуліся на папялішча роднай вёскі, тут чакалі тры зямлянкі, якія прадбачліва выкапаў не вывезены ў Нямеччыну дзядзька-інвалід. У іх і зімавалі.

— Нагараваліся і пасля вайны, — успамінала І. М. Валанцей. — Ніколі не забуду смак лебяды і крапівы. А калі паспяваў лубін, з зярнят рабілі аладкі, і ні адзін страўнік не вытрымліваў такога выпрабавання. Мы, малыя, хадзілі жабраваць, але і ў іншых быў такі ж голад. Што яны маглі даць? І ведаеце, што нас ратавала? Швейная машынка! Да прыходу немцаў бацькі закапалі яе ў прасмаленым  мяшку ў агародзе, і яна захавалася. А наша мама была адмысловай швачкай, магла любую рэч пашыць. Вось і шыла — за ўсё, што толькі людзі маглі даць.

Сям’я спачатку выжывала, потым пакрысе абжывалася. Пераехалі ў Цешалава, бацькі працавалі ў саўгасе “Пастаўскі”. Калі Ірына закончыла сем класаў Савіцкай школы, Купрэвічы пераехалі ў Паставы, дзе, узяўшы дзяржаўны крэдыт, пабудавалі невялікі домік. З таго часу і зарадзілася вялікае сяброўства паміж ёй і Ларысай Швед (у замустве Кішко), Марыяй Граблеўскай (Грусліс), Лёляй Купрэвіч (Масцяніца), якое захавалася да гэтага часу. У кожны прыезд Ірыны Мацвееўны яны збіраюцца ў Ларысы Іосіфаўны Кішко, накрываюць пад квітнеючай вішняй стол і ўспамінаюць, успамінаюць, успамінаюць… А ў гэтых успамінах як радасць, так і горыч. Іншы раз да іх далучаецца яшчэ адна сяброўка — Люда Сартатовіч (Баранчыкава), якая прыязджае з Полацка.

Жыццё Ірыны прайшло ўдалечыні ад родных мясцін. Выйшаўшы замуж за афіцэра, яна жыла ў Маскве, Казані, Саратаве і вось ужо 27 гадоў — у Вільнюсе. Двойчы ў год прыязджае ў наш горад на магілу адзінай дачкі Леры, якая згасла на 43-м годзе жыцця і завяшчала, каб пахавалі ў Паставах, побач з любімым дзядулем. Сіротамі засталіся трое дзяцей. Двое з іх, Сярожа і Наташа, ужо да гэтага жылі ў бабулі і дзядулі ў Вільнюсе, бо мама цяжка хварэла. Але праз год пасля смерці дачкі не стала і мужа Генадзія Антонавіча. Дзяцей падымала на ногі адна. Выгадавала годнымі людзьмі. Атрымалі добрую адукацыю, маюць прэстыжную работу, жывуць у Вільнюсе. Падтрымліваюць бабулю і маральна, і матэрыяльна. А вось меншанькага, Колю, пасля смерці мамы забрала сям’я роднага дзядзькі па бацькавай лініі (які таксама памёр). Ён жыве ў Саратаве, вучыцца ў чыгуначным тэхнікуме. Браты і сястра падтрымліваюць зно­сіны праз інтэрнэт.

Дзявятага мая Ірына Мацвееўна не стрымалася, каб не пазваніць Сярожу і не расказаць, як яе расчуліла свята ў Паставах, як тут усё было ўрачыста, прыгожа, кранальна. Унук жа з сумам канстатаваў: “А ў нас быў звычайны рабочы дзень”. Ужо некалькі гадоў, як пераможнае 9 Мая ў Літве перакрэслена. Але Ірына Мацвееўна Валанцей, яе сястра Лена і іншыя былыя вязні штогод у гэты дзень ішлі на Антокальскія могілкі ў Вільнюсе, дзе ёсць помнік воінам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і неслі да яго жывыя кветкі. Як бы ні перапісвалі палітыкі гісторыю, яна, сапраўдная, жыве ў памяці і сэрцах тых, па чыіх лёсах прайшлася так жорстка. І перадаецца іх дзецям і ўнукам.

Фаіна КАСАТКІНА.

Пётр КУРЫЛОВІЧ (фота).



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.