Разлучыла вайна


З Разаліяй Альфонсаўнай Рымаш, жыхаркай вёскі Каптаруны Лынтупскага сельсавета, мы знаёмыя даўно, але бачымся не часта. На гэты раз сустрэліся ў бальнічнай палаце. Часу для ўспамінаў хапіла. Вельмі ўразіла гісторыя яе сям’і, якой і хачу падзяліцца з чытачамі “Пастаўскага краю”.

Нарадзілася яна ў 1941 годзе ў Свянцянах (сёння — літоўскі горад Швянчоніс) у сям’і Альфонса Аляксандравіча і Яніны Іосіфаўны Раманоўскіх. Бацька працаваў у друкарні, меў добры заробак. Маладзенькая Яня займалася дачушкай і хатнімі справамі. Сям’я была матэрыяльна забяспечана, бацькі вельмі кахалі адно аднаго, дзяўчынкай, якую назвалі Ружычкай (Ружа — па-польску), не маглі нацешыцца.

Разаліі ішоў другі год, калі страшная трагедыя майскага расстрэлу мірных жыхароў у 1942 годзе за за­бітага партызанамі нямецкага афіцэра Бэка раскідала іх сям’ю назаўсёды. Сярод расстраляных у той чорны дзень, 20 мая, былі палякі, цыганы, рускія, у іх ліку і Альфонс Раманоўскі. 19-гадовую Яніну разам з іншымі жанчынамі вывезлі ў Майданэк. Дзяўчынку паспела схаваць суседка, але маці пра гэта не ведала.

Што перажыла Яніна, цяжка апісаць словамі. Везлі, як скаціну, у бітком напіханых людзьмі вагонах. У каго з жанчын былі дзеці — адабралі адразу. А калі выгрузілі з вагонаў і прыгналі ў канцлагер, то нявольніцы ўбачылі за яго варотамі жахлівую карціну — гару адсечаных дзіцячых галовак. Яніне падалося, што там і галава яе Ружычкі. У адчаі закрычала і страціла прытомнасць. Гэта яе і выратавала: па тых, хто стаяў і галасіў, пачалі страляць, і многія загінулі.

Больш за тысячу нявольніц сагналі ў вялізны барак. Спалі на саломе, а больш — на голай зямлі. Ад здзекаў не было паратунку. Прыходзілі п’яныя эсэсаўцы і на вачах усіх гвалцілі самых маладых. Тым, хто супраціўляўся, маглі парэзаць твар. Забіралі жанчын і некуды вялі, і тыя больш не вярталіся.

Увосень у барак прыйшла немка, якая хацела выбраць маладых і прыгожых для работы на сваёй сядзібе. Упадабала і Яніну, адправіла абслугоўваць французскіх лётчыкаў, якія ў яе сталаваліся. Французаў было больш за сотню, усе розныя па характары. Адны, добрыя і спагадлівыя, стараліся пачаставаць Яню чым-небудзь смачным, а ад некаторых можна было атрымаць па галаве кубкам з гарачай кавай. Усё цярпела Яня і нікому не скардзілася, заціраючы мукой сінякі. Але яна была паеўшы і спала ў цяпле, а не цягала камяні на будоўлі. Потым працавала ў полі і даглядала жывёлу. Гэта было цяжка фізічна, затое не даво­дзілася нікому дагаджаць. Не надта старанных і хваравітых гаспадыня адправіла назад у Майданэк.

Пасля вызвалення былых вязняў сабралі для вырашэння іх лёсу, дазволілі напісаць лісты да родных. Перад адпраўкай на Радзі­му размясцілі ў бараку: 2500 жынчын у адной яго палове, столькі ж мужчын — у другой. А ноччу наляцелі самалёты, пачалася бамбёжка. Адна бомба трапіла ў той барак, дзе былі мужчыны. Амаль усе загінулі. Шмат параненых і кантужаных было і сярод жанчын.

Раніцай прыйшоў поль­скі афіцэр і на добрай рускай мове растлумачыў, што пасля прыезду ў Беларусь іх вывезуць у сталінскія лагеры, дзе будзе тое самае, што і ў нямецкім рабстве. Многія, у тым ліку і Яніна, пабаяліся вяртацца і засталіся ў Польшчы. Самае дзіўнае, што з часам там яе знайшоў ліст ад сястры, якая пісала, што Ружычка-Разалія жывая і выхоўваецца ў яе сям’і. Гэта была ні з чым не параўнальная радасць.

А жыццё падарыла Яніне яшчэ адну неспадзяванку: яе адшукаў французскі лётчык, якому запала ў сэрца прыгожая дзяўчына. Прапанаваў выйсці за яго замуж, але Яня не згадзілася, бо баялася, што выедзе ў Францыю і ніколі не ўбачыць дачку.

На той час жыла Яніна ў Кратошыне, невялікім гарадку за 100 кіламетраў ад Шчэціна. Працавала на швейнай фабрыцы. Усё не губляла надзеі з’ездзіць у Літву, дзе расла дачка. У 1950 годзе, калі ёй было 27, выйшла замуж за паляка Яна Крупа, нарадзіла трох дачок і сына, праўда, адна дзяўчынка памерла малой. Пісала лісты ў Літву і Беларусь, атрымлівала адказы. Ведала, што Ружычка ўжо вялікая, ходзіць у школу.

Разалія Альфонсаўна спаткалася з маці толькі ў 1960 годзе, калі мела 19 гадоў. А да гэтага пасля сямігодкі працавала. Сама сабрала грошы на візу, білеты, падарункі. Дакументы афармлялі амаль год, і вось усё на руках. З заміраючым сэрцам дзяўчына адправілася ў дарогу. Якая гэта была сустрэча! Маці з дачкой не маглі наглядзецца і нагаварыцца. Пасябравала і з раднёй.

Вярнуўшыся ад маці, Разалія неўзабаве на вясковай вечарыне спаткала Станіслава. Высокі прыгожы хлопец спадабаўся ёй. Праз год згулялі вяселле. Спачатку жылі з яго бацькамі на хутары. Тут нара­дзіўся старэйшы сын. Потым пабудавалі свой дом у вёсцы. У ім збыліся мары Разаліі Альфонсаўны і Станіслава Антонавіча аб вялікай і дружнай сям’і. У новым доме ў іх нарадзіліся яшчэ тры сыны і дачка. Маці прыязджала да іх у Каптаруны многа разоў і з сям’ёй, і адна. Ёй споўнілася ўжо 93. Няхай дае Бог сілы!

Нэлла ЛОСЬ.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.