Саступілі толькі знакамітым клубам

Культура

23 красавіка паблізу Наваполацка адбыўся рэспубліканскі турнір па лазертагу, прымеркаваны да 71-й гадавіны Вялікай Перамогі. Гонар нашага раёна на ім адстойвала каманда «Белыя ваўкі».

Лазертаг — гэта новы захапляльны і бяспечны від актыўнага адпачынку. Ужо амаль паўтара года на Пастаўшчыне паслугі па правядзенні і арганізацыі гэтай ваенна-тактычнай гульні аказвае лазертаг-клуб «Грыфон». На яго базе і трэніравалася каманда «Белыя ваўкі», якая, дарэчы, упершыню ўдзельнічала ў такім турніры.

Усяго на спаборніцтвах было прадстаўлена 15 каманд з усёй краіны. Пастаўчанам прыйшлося змагацца з вопытнымі сапернікамі з Мінска, Гродна, Віцебска, Полацка і Наваполацка. Нашы рабяты выступілі годна і ў агульным заліку занялі пятае месца, саступіўшы толькі знакамітым клубам са сталіцы і Гродна. Сярод каманд Віцебскай вобласці «Белыя ваўкі» былі наймацнейшымі. Віншуем іх з заслужаным поспехам і спадзяёмся, што ў нашым раёне з’я­віцца яшчэ не адна такая каманда.

А. СЕЛІВАНАЎ,

кіраўнік лазертаг-клуба «Грыфон».